«Гэта грамадзянін Савецкага Саюза». Якім Салей пабачыў Лукашэнку

Пра гэта адвакат Ілья Салей расказаў у вялікім інтэрв’ю Мікіту Мелказёраву. «Наша Ніва» прыводзіць асноўнае.

salei_1.jpg

«У шэсць ранку пад’ём, і кажуць: Салей, следчыя дзеянні, — расказвае адвакат з каманды Бабарыкі Ілья Салей пра той дзень, калі Аляксандр Лукашэнка прыехаў у СІЗА сустрэцца са зняволенымі па яго загадзе палітычнымі. — Спыталі, ці я паеў. Я сказаў, што не паеў, і мне адзінаму ў камеры прынеслі сняданак. Я разумею, што нешта адбываецца, што ў шэсць ранку следчыя дзеянні не адбываюцца. Усё, мы выйшлі з камеры.

Я таксама зразумеў, што адбываецца нешта неардынарнае, калі пачуў у калідоры голас Ліліі Уладзіміраўны Уласавай. Пасля канваір задаў мне цікавае пытанне: «А ў цябе ці ёсць больш прыстойныя штаны?» Я кажу: «Прабачце, у мяне тут няма гардэроба, што маю, то маю», — расказвае пра той ранак адвакат Салей.

Калі яго перавезлі ў СІЗА КДБ, то паставілі ля сценкі каля незнаёмага яму мужчыны. «Я рэальна ніколі не бачыў Ціханоўскага», — расказвае ён.

«Я паглядзеў на стол. На стале стаялі шыльдачкі з імёнамі». І тут заводзяць Аляксандра Лукашэнку.

Ён да таго моманту меркаваў, што сустракацца будзе нехта з кіраўніцтва Камітэта дзяржаўнай бяспекі, з’яўленне Аляксандра Лукашэнкі было вялікім сюрпрызам.

Уразіў Ілью Салея Эдуард Бабарыка. На Валадарцы ўсіх змушаюць штодзень галіцца, а ў Эдуарда была тая самая элегантная барада, што і на свабодзе. Як гэта яму ўдаецца, спытаў Салей? «Ну што ж, я на стылі», — пажартаваў Эдуард.

Камунікацыя з Аляксандрам Лукашэнкам заняла каля пяці гадзін.

«Я не магу сказаць, што гэта быў дыялог. Гэта быў абмен думкамі», — кажа Салей.

«Што вы хочаце?» — спытаў Аляксандр Лукашэнка. «І Віктар Дзмітрыевіч як лідар — калі б нам далі падрыхтавацца, гэта была б зусім іншая размова, але ж мы не ведалі, не рыхтаваліся, мы былі ў шокавым стане — І Віктар Дзмітрыевіч сказаў, што мы хочам эканамічных пераўтварэнняў, мы хочам, каб у краіне былі сумленныя выбары, верхавенства закона, стандартныя жаданні любога нармальнага чалавека і, фактычна, перадвыбарная праграма Віктара Дзмітрыевіча. Аляксандр Рыгоравіч нешта запісваў, пакуль Віктар Дзмітрыевіч выступаў, але пасля ён сказаў, што ён з гэтым нязгодны. Ён не верыць у чыста рынкавую эканоміку, ён гэта бачыў у 90-х, і гэта ўсё правалілася», — успамінае словы Лукашэнкі адвакат Салей.

«Большую частку часу мы слухалі. Гэта як глядзець тэлевізар, толькі ўжывую», — так гэта запомнілася Салею.

Лукашэнка падаўся Салею чалавекам «эмацыйным і савецкім». «Гэта грамадзянін Савецкага Саюза, якога б хацеў Савецкі Саюз. Захад — гэта заўсёды кепска, а Расія — гэта заўсёды добра. Гэта стаўленне да права, што нейкі закон можна адсунуць убок. Гэта стаўленне да Масквы як сталіцы Радзімы», — успамінае Салей.

«Ён верыць, што правілы гульні ў палітыцы адрозніваюцца ад правілаў гульні ў бізнесе ці паўсядзённым жыцці», — такое ўражанне склалася ў Салея.

«Эмоцыі, савецкасць і адзінота» — так Салей у трох словах ахарактарызаваў Аляксандра Лукашэнку.

«Думаю, Лукашэнку было цікава паглядзець на людзей, якія ўзяліся зніадкуль», — мяркуе Салей.

Звазіць палітвязняў у лазню прапанаваў Аляксандр Лукашэнка, Бабарыка пра гэта не прасіў — насуперак таму, што заяўляў Лукашэнка. Палітвязні разумелі, што іх павезлі ў лазню, каб і там праслухоўваць, кажа Салей.

«Ціханоўскі вельмі эмацыйны, вельмі просталінейны», — кажа Салей. У гэтым сэнсе ён параўноўвае яго з Лукашэнкам.

«Віктар Дзмітрыевіч — гэта інтэлектуальнае мысленне, менеджмент, аналіз рызык. А Сяргей [Ціханоўскі] — гэта шчырасць».

Ілья Салей не стаў расказваць дэталі сваіх уцёкаў з Беларусі.