
Пачнем з самага свежага, а там, магчыма, да вас і вернецца звыклая бадзёрасць.
Ганчароў балатаваўся, але не выбалатаваўся. І ўвогуле сышоў
Учора ў Пецярбургу адбыўся выязны Кангрэс Міжнароднай федэрацыі хакея. Яго галоўнай інтрыгай былі выбары новага прэзідэнта ІІХФ — простымі словамі, чалавека, які ў бліжэйшыя пяць гадоў будзе кіраваць сусветнай лядовай гульнёй. Які зменіць Рэнэ Фазела — швейцарскага дантыста, што займаў крэсла галоўнага хакейнага бонзы ажно 27 гадоў.
З беларускай прызбы гэта была б цікавая, але не надта значная падзея, калі б не адна падрабязнасць. У шэрагі кандыдатаў раптам патрапіў прадстаўнік нашай краіны — 38-гадовы Сяргей Ганчароў. Этнічны рускі, ураджэнец Германіі, які, аднак, звязаў жыццё менавіта з Беларуссю.
Ганчароў імкнуўся ў пераемнікі Фазела з пазіцыі даволі вядомага і досыць дасведчанага спартовага чыноўніка, члена Рады ІІХФ, і некаторыя беларускія медыя паспяшаліся высока ацаніць яго шанцы на выбранне. Гэта, канечне, аказалася памылкай. Занадта шмат усяго адыёзнага адбылося ў Беларусі ў мінулыя паўтара года (чаго вартая толькі адмена ў Мінску чэмпіянату свету), каб выбаршчыкі аддалі перавагу грамадзяніну РБ. Занадта шмат кепскіх успамінаў, фантомных боляў і рэпутацыйных катастроф.
То беларуса і не абралі, адсеяўшы ягоную кандыдатуру ў трэцім раўндзе галасавання. А выйграў гонку ў выніку 68-гадовы француз Люк Тардзіф, з чым яго і віншуем.

Чым быў прадыктаваны такі дэмарш, невядома, але ў беларускім сеціве адразу ж папаўзлі чуткі, што цяпер Сяргей Уладзіміравіч можа ўзначаліць Беларускую федэрацыю хакея — месца кіраўніка там застаецца вакантным пасля скандальнага сыходу Дзмітрыя Баскава. Аднак і гэта, хутчэй за ўсё, не болей чым вільготныя мары. Мы жа памятаем, што наступным старшынёй ФХБ мусіць стаць «не хакеіст, але вялікі спартовец».
Ну а Фазел офіс у Цюрыху пакідае. Толькі сыходзіць не на пенсію, а пераязджае ў Расію. Там яму паабяцалі пасады ў структуры Кантынентальнай хакейнай лігі ды мясцовай федэрацыі. І гэта — вельмі па-расійску.
«Шахцёр» трэці раз за сезон змяніў трэнера. І стаў яшчэ больш падобны да БАТЭ
У футбольным Салігорску зноў перыяд перамен. Так геніяльна там кіруюць мясцовым клубам, што час ад часу даводзіцца выкарыстоўваць методыкі шокавай тэрапіі. Бо звычайны, планамерны, удумлівы падыход у «Шахцёры» чамусьці не працуе. Толькі наган і скураная куртка.
У панядзелак салігорскія «камісары» «стрэлілі» ў Сяргея Гурэнку — галоўнага трэнера, які быў прызначаны менш чым два месяцы таму. Трыгерам стала параза ў Барысаве ад БАТЭ, а наогул да гэтага ўсё ішло даўно — з той пары, як гарнякі пачалі прайграваць ды прайграваць, вылецелі з еўракубкаў і Кубка краіны. Дый чуткі ішлі не проста так, маўляў, каманда гэтага настаўніка не прыняла, а гульцы аднойчы ледзьве не зладзілі страйк, зазбіраўшыся дэманстрацыйна не выходзіць на трэніроўку.
І вось трэнера прыбралі — ужо другі раз за сезон (да Гурэнкі «Шахцёрам» кіраваў украінец Раман Грыгарчук). Трэцяга абіралі нядоўга — і даверылі стырно 40-гадоваму Аляксею Базе. Пра ягоную эпічную фразу «Гэта было лепш за секс» мы ўжо згадвалі — а зараз падкрэслім іншае і ўсур’ёз.

Аляксей Бага. Фота прэс-службы ФК «Шахцёр»
Аляксей Бага з тых людзей у беларускім футболе, якія «з дзяцінства за БАТЭ». І справа нават не ў тым, што супраць БАТЭ яму цяпер прыйдзецца змагацца — у спорце такое ўсюды і побач. Справа ў іншым — проста з прызначэннем новага трэнера «Шахцёр» стаў нагадваць барысаўскую каманду літаральна пайменна.
Глядзіце самі. У варотах Аляксандр Гутар — былы барысавец. У абароне Ягор Філіпенка — былы барысавец. У паўабароне Ігар Стасевіч і Юрый Кендыш — былыя барысаўцы. У атацы Максім Скавыш — былы барысавец. Ну і вось дадаўся галоўны трэнер — таксама былы барысавец.
Засталося толькі пераехаць гуляць на «Барысаў-Арэну» і падабенства будзе поўным. «Наперад, Барысаў!» — як здаўна скандуюць заўзятары сярод печынскіх соснаў.
Футбаліст Расціслаў Шавель атрымаў «хатнюю хімію». І ўжо на волі
Апошнія тры месяцы 20-гадовы нападаючы Расціслаў Шавель мог трэніравацца хіба што «на котках». У чэрвені яго затрымалі, падвялі пад крымінальную справу аб «арганізацыі або актыўным ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», і ад той пары няволілі за кратамі.

Расціслаў Шавель і АМАП
Пакуль былы форвард «Гарадзеі» сядзеў у камеры, беларускі футбол імкліва сягаў у завоблачныя высі. Клубы оптам выляталі з еўракубкаў, зборная памалу завальвала кваліфікацыю чэмпіянату свету — з кожным днём жыць і гуляць станавілася ўсё лепей, усё весялей.
Па праўдзе, чакалася, што і Расціслава чакае незайдросны прысуд — з рэальным тэрмінам зняволення ці (у лепшым выпадку) «хімія» «з накіраваннем». Хлопец не аднойчы ўдзельнічаў у пратэстах, не хаваў гэтага і распавядаў у інтэрв’ю, а ў «анамнезе» неабыякавага футбаліста ўжо былі 38 сутак адміністрацыйнага арышту.
Балазе абыйшлося. Маладому палітвязню прысудзілі тры гады «хатняй хіміі» і адразу вызвалілі. Цяпер ён дома, і гэта добра.
Беларускія біятланісты не ўберагліся ад каронавіруса. І прапусцілі чэмпіянат краіны

Ілюстрацыйны здымак. Фота minsknews.by
Хочаш рассмяшыць каронавірус — раскажы яму пра свае планы. У беларускіх біятланістаў яны — планы — былі добрыя. У верасні, значыць, прыняць удзел у чэмпіянаце краіны па летнім біятлоне — і хай гэта стане прадуктыўным этапам падрыхтоўкі да лютаўскай Алімпіяды ў Пекіне. Так-так, новыя Гульні ўжо не за гарамі, і айчынныя «зімнікі» ўжо актыўна рыхтуюцца.
Ды толькі вось жа халера: паляцелі ў смеццевы кош вераснёўскія намеры беларускіх страляючых лыжнікаў. А менавіта — мужчынскай часткі нацыянальнай зборнай. Добра хоць прычыну вырашылі не хаваць, як летась футбалісты. Тым больш прычына на сёння дужа трывіяльная — біятланістаў выкрасліў з трэніровачнага графіку зламысны COVID-19. Акурат пасля трэніровачнага збора ў італьянскім Антхольцы падкраўся незаўважна — і ўсё, цяпер лячэнне, ізаляцыя, тэсты.
Што цікава, жаночую палову каманды каронавірус не крануў. Дзяўчаты чэмпіянат краіны на лыжаролерах адкаталі і ніводнай скаргі на здароўе не зафіксавана. То, можа, і праўду кажуць: жанчыны ў Беларусі мацнейшыя за мужчын? Уласна, датычна біятлону гэта сапраўды так. Спадарыні тут умеюць перамагаць — у тым ліку на Алімпіядах. А спадары вось зусім развучыліся ганяць на лыжах і выбіваць мішэні. То хай лечацца — спяшацца ім няма куды.
«Цмокі» вырашылі змяніць беларускамоўную назву. І пачалі сезон з аглушальнага правалу
На пачатку верасня флагман беларускага мужчынскага баскетболу мінскія «Цмокі» заявілі аб тым, што цяперашняя назва клуба існуе апошні сезон. А потым найменне будзе іншае, якое яшчэ патрэбна прыдумаць.
Патлумачылі рэбрэндынг, канечне, сумнеўна. Як мінімум, некампетэнтна, як максімум — крывадушна. Маўляў, гэта ўжо гісторыя, варта шукаць новыя формы. Сказаць, што такая матывацыя ідзе насуперак сусветным спартыўным трэндам — не сказаць анічога. Бо футбольны «Манчэстэр Юнайтэд», напрыклад, завецца так з 1902 года, і калі гэта «ўжо гісторыя», то яе ў Англіі дужа шануюць. Бо хакейны «Манрэаль Канадзіенс» на слыху з 1909-га, і ніхто там у Канадзе не збіраецца «шукаць новыя формы». Што-што, а назва — апошняе, што ў спорце звычайна мяняюць. Наадварот — назву берагуць, бо яна брэнд, на які адклікаюцца заўзятары.
Але ж Беларусь з астатнім светам нібыта існуе ў паралельных рэчаіснасцях. І ў гісторыі з «Цмокамі» яшчэ ж красамоўна адсвечвае падазрэнне, што менавіта беларускамоўнасць назвы паўстала пасярод горла — і ўпоперак цяперашніх ідэалагічных плыняў. То, мусіць, пераймянуюць клуб на расійскі капыл.
Між тым стартаваў новы сезон у Лізе ВТБ — міжнародным турніры, дзе большасць удзельнікаў складаюць расійскія клубы. «Цмокі» тут даўно лётаюць нізка — канкурэнцыі не вытрымліваюць і з года ў год плятуцца ўнізе табліцы, аб выхадзе ў плэй-оф нават не заікаючыся. Мяркуючы па ўсім, бягучы чэмпіянат выключэннем не стане, бо ў стартавым матчы мінчане аканфузіліся на ўсю Лігу. На хатнім паркеце беларуская каманда саступіла маскоўскаму ЦСКА з ганебным лікам 44:92.

Фота прэс-службы БК ЦСКА
«Ну, важней жа было выдаткаваць грошы на рэбрэндынг, а не на тое, каб наняць адэкватны менеджмент і наладзіць сувязі з адэкватнымі скаўтамі і селекцыянерамі», — выказаўся з гэтай нагоды вядомы баскетбольны аглядальнік і былы супрацоўнік клуба Дзмітрый Герчыкаў.
Дадаць тут нешта складана. Бо ад перамены назвы лічбы на табло не мяняюцца.