«Беларусь мяцежная» вяртаецца
Кандыдат гістарычных навук Ніна Стужынская прадставіла грамадству другое выданне сваёй кнігі «Беларусь мяцежная: з гісторыі ўзброенага антысавецкага супраціву: 1920-я
гады».
Кніга прысвечана малавядомым старонкам гісторыі змагання за свабоду і незалежнасць несавецкай Беларусі ў першае дзесяцігоддзе савецкага панавання. Публікацыя выйшла ў серыі «Невядомая
гісторыя», выдаванай Анатолем Тарасам
Кандыдат гістарычных навук Ніна Стужынская прадставіла грамадству другое выданне сваёй кнігі «Беларусь мяцежная: з гісторыі ўзброенага антысавецкага супраціву: 1920-я
гады».
Кніга прысвечана малавядомым старонкам гісторыі змагання за свабоду і незалежнасць несавецкай Беларусі ў першае дзесяцігоддзе савецкага панавання. Публікацыя выйшла ў серыі «Невядомая
гісторыя», выдаванай Анатолем Тарасам
Фактычны адлік аповеду — Слуцкі збройны чын. Першае выданне выйшла да яго 80-годдзя, другім аўтар адзначыла 90-годдзе буйнейшага антысавецкага паўстання ў Беларусі. Дадаліся шматлікія
фатаздымкі і архіўныя матэрыялы, якія Ніна Стужынская збірала ва ўстановах Расіі, Беларусі, Літвы, Польшчы і Германіі. Аўтарцы адчыніліся і былыя сакрэтныя сховішчы дакументаў НКУС. Больш падрабязна
разглядаецца дзейнасць тайнай палітычнай арганізацыі «Зялёны дуб», якая каардынавала антыбальшавіцкі рух у Беларусі, напоўніліся дэталямі біяграфій Юркі Лістапада, Рамана Грача,
Барыса Каверды і іншых.
Як адзначыла даследчыца, з гадамі працы над тэмай, «паменела пафасу, а ўзмацніўся ўзважаны навуковы падыход». Да таго ж і ўласны сацыяльна-палітычны досвед падкарэктаваў высновы.
Гісторык — не суддзя, а прафесіянал, дадала яна, але зазначыла, што паралелі 1920-х і 1990–2000-х гадоў зрабіліся для яе яшчэ больш відавочнымі.
«Тое, што савецкую ўладу быццам рахманыя беларусы сустрэлі са слязьмі радасці на вачах — гэта міф, з якога можна толькі смяяцца. Але гэты міф пакуль застаецца ў
падручніках», — зазначыла даследчыца.
Між тым, дзейнасць антысавецкага супраціву 1920-х магла зрабіцца падмуркам для сучаснай
дзяржаўнай свядомасці беларусаў і ідэалогіі, якая дагэтуль выразна не сфармулявана. Дзеячы супраціву выказвалі настроі саспелага на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў беларускага грамадства, якое марыла пра
пабудову еўрапейскай незалежнай дэмакратычнай дзяржавы. Характэрна, што многія партызаны 1920-х удзень выходзілі на палеткі, а ўначы змагаліся з ворагамі — тымі, хто перашкаджаў мірнай
стваральнай працы. Яскрава выяўлялася выразная рыса нацыянальнага беларускага характару — адданасць сям’і, прывязанасць да сваёй малой радзімы. Ніхто не хацеў саступаць і
сыходзіць.
Тэма нацыянальнага беларускага супраціву 1920–1930-х гадоў для Ніны Стужынскай — і пуцяводная зорка, і выпрабаванне. У 2002 годзе першае выданне прынесла ёй прэмію імя Францішка
Багушэвіча беларускага ПЭН-цэнтра: прыз уручалі Васіль Быкаў і Уладзімір Арлоў. Але зрабілася ўскоснай прычынай яе выгнання з Інстытута гісторыі НАН Беларусі з ініцыятывы
сталіністаў-рэтраградаў.
І зараз, дзеля палітыкі сённяшняга рэжыму і існавання рэтраграднага інстытуту ВАКу, які «фільтруе» навуковыя працы на прадмет ідэалагічнай лаяльнасці, абарона аўтаркай доктарскай
дысертацыі ў Мінску практычна немагчымая. Але ёсць Варшава, Вільня, Кіеў — увогуле, вольны навуковы свет. Паступова даспявае беларускае грамадства. Калі першае выданне, сёння суцэльны
рарытэт, да рэалізацыі дзесяць гадоў таму не прыняла нават ліберальная «Акадэмкніга», дзе кнігары «пабаяліся скандалу», то новы выпуск «Беларусі
мяцежнай» можна будзе знайсці ў многіх кнігарнях. Рыхтуецца пашыранае выданне ў рускім перакладзе.