Беларусі не хапае зменаў

Была такая показка падчас нафтагазавай вайны Расіі з Украінай: Цімашэнка прапанавала пастаўляць ва Украіну туркменскі газ у абыход Расіі. У адказ Пуцін прыслаў ёй мапу кантынента з адным пытаннем: «Як?» Здаецца, тое ж самае зараз адбываецца з Беларуссю.



65fc52ed8f88c81323a418ca94cec2ed.jpg

Была такая показка падчас нафтагазавай вайны Расіі з Украінай: Цімашэнка прапанавала пастаўляць ва Украіну туркменскі газ у абыход Расіі. У адказ Пуцін прыслаў ёй мапу кантынента з адным пытаннем: «Як?» Здаецца, тое ж самае зараз адбываецца з Беларуссю.
Два дні цягнуўся афіцыйны візіт у Беларусь прэзідэнта Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедава. Як паведамляюць СМІ, у першы дзень афіцыйнага візіту ў Беларусь прэзідэнта Туркменістана падпісаны шэраг дакументаў аб супрацоўніцтве. Так, паводле вынікаў перамоў Лукашэнка і Бердымухамедаў прынялі сумеснае камюніке, у якім «пацвердзілі ўзаемную зацікаўленасць ва ўсямерным умацаванні раўнапраўных і ўзаемавыгадных адносінаў паміж Беларуссю і Туркменістанам». Пацверджана зацікаўленасць у «далейшым павелічэнні ўзаемных паставак шырокай наменклатуры тавараў».
Кіраўнікі дзвюх дзяржаў падпісалі таксама пагадненне пра гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва ў сферы паставак беларускай сельскагаспадарчай, аўтамабільнай тэхнікі і гарадскога транспарту. А ўрады Беларусі і Туркменістана падпісалі дакументы пра ваеннае і ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва, стварэнне міжурадавай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве, шэраг іншых пагадненняў.
Невядома, канешне, ці ішла размова пра газ і нафту. З аднаго боку, не магла не ісці, а з іншага — такі транзіт нафты праз Расію нам уляціць у капейчыну, і немалую капейчыну.
Больш насцярожвае падпісанне дакументаў пра ваеннае і ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва. Таму што раней Беларусь падпісала дамову пра калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання. А побач з Туркменістанам — такая «парахавая бочка», як Афганістан, і працягласць мяжы паміж дзвюма дзяржавамі немаленькая. Як бы нам гэта ваеннае і ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва бокам не вылезла...
Але ж па нафце такі дамовіліся. Беларусь і Расія падпісалі пакет дакументаў аб пастаўках сырой нафты. Пра гэта віцэ-прэм’ер РФ Ігар Сечын праінфармаваў 27 студзеня прэзідэнта краіны Дзмітрыя Мядзведзева. «Сёння падпісаны цэлы пакет дакументаў. Гэта змяненні да пагаднення па пастаўках сырой нафты ў Беларусь, методыка тарыфаўтварэння на продаж нафты, баланс нафтавай сыравіны на 2010 год, сумесная заява віцэ-прэм’ераў дзвюх краін аб гарантыях бесперабойнага транзіту», — цытуе Сечына «РИА Новости».
Сечын запэўніў Мядзведзева, што ў перамовах з Беларуссю ў апошнія два месяцы Расія зыходзіла з прапаноў, сфармуляваных прэзідэнтам РФ у лісце Аляксандру Лукашэнку ў адказ на яго ліст. У перамовах расійскі бок «зыходзіў з інтарэсаў расійскіх прадпрыемстваў», заявіў віцэ-прэм’ер. «Наша прапанова была запакетавана са стабілізацыяй тарыфу на пампаванне нафты спажыўцам у Заходняй Еўропе», — дадаў ён.
Беларускі бок мае на гэта свой пункт гледжання. «Пагадненне ў сённяшнім стане не можа доўга жыць, — лічыць намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Сямашка. — Гэта нонсенс, што ў межах Мытнага саюза мы кватуем: колькі бяспошлінна, а колькі з пошлінамі. Сама па сабе пошліна не павінна быць. Мы мусім вярнуцца да гэтага пытання, і я ўпэўнены, што будуць істотныя, радыкальныя змены», — заявіў Сямашка.
Сямашку трэба рыхтаваць «асіметрычны адказ Расіі». Прыкладам, калі мы «кватуем» нафту, то і скасуем ранейшыя дамоўленасці на аўтамабілі. Нагадаем, з 1 студзеня 2010 года дзейнічаюць новыя правілы ўвозу транспартных сродкаў у Беларусь юрыдычнымі асобамі. Змена правіл увозу аўтамабіляў фізічнымі асобамі чакаецца 1 ліпеня 2010 года, калі ў поўным аб’ёме запрацуе Мытны саюз Беларусі, Казахстана і Расіі. Плануецца, што ўвазныя пошліны ў Беларусі вырастуць да ўзроўню расійскіх. Чаму б не «кватаваць» і гэтую частку Мытнага саюза?
Адзінае пытанне: нашто нам такі саюз?
На тыдні правалілася і знешняя палітыка, прычым, са, здавалася б, надзейным саюзнікам і партнёрам. Колькі было шуму вакол мінулагодняй вандроўкі Аляксандра Лукашэнкі ў Літву! Не куды-небудзь, а ў краіну Еўразвязу, якую раней бэсцілі па дзяржаўным тэлебачанні нібыта за падтрымку беларускай апазіцыі! А зараз — на табе! Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ дала зразумець, што запрашэнне Аляксандра Лукашэнкі на святкаванне 20-годдзя аднаўлення незалежнасці Літвы (11 сакавіка) можа залежаць ад яго крокаў у справе Уладзіміра Усхопчыка.
«Як ужо ўзгадвала, цяпер мы вядзем перамовы з Беларуссю, спрабуем пачуць, якімі будуць крокі ў супрацоўніцтве, што тычацца справы Усхопчыка», — адказала 26 студзеня прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ на пытанне журналістаў адносна яе рашэння аб запрашэнні Лукашэнкі.
Літоўскія праваахоўныя органы падазраюць Уладзіміра Усхопчыка ў тым, што 13 студзеня 1991 года ён даў загад страляць па бяззбройных людзях. МЗС Літвы ўручыла Беларусі ноту ў сувязі з тым, што Генпракуратура адмовілася аказаць дапамогу суседняй краіне ў расследаванні справы 13 студзеня.
І яшчэ з адным пытаннем беларускія ўлады марудзяць. Ужо колькі разоў адказныя асобы выказваліся пра магчымасць адмены смяротнага пакарання, але ані кроку ў гэтым накірунку зроблена не было. Зараз чарговы спіч з гэтай нагоды выдаў генпракурор Беларусі Пётр Міклашэвіч. Паводле яго слоў, у пытанні ўвядзення мараторыя на смяротную кару адсутнічаюць канстытуцыйна-прававыя перашкоды.
Міклашэвіч таксама нагадаў, што ў 2004 годзе Канстытуцыйны суд даў заключэнне аб неабходнасці правядзення рэферэндуму для адмены смяротнай кары. «Калі ў Беларусі будзе ўзнята пытанне адмены смяротнай кары, то, магчыма, нам зноў давядзецца выказваць сваё меркаванне па ўліку канстытуцыйна-прававых аспектаў пры прыняцці гэтага рашэння», — сказаў старшыня Канстытуцыйнага суда.
А пакуль Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, у якой дагэтуль прымяняецца смяротная кара. У чэрвені 2009 года Парламенцкая асамблея Савета Еўропы прыняла рэзалюцыю пра вяртанне Беларусі статусу спецыяльнага запрошанага ў асамблеі пры ўмове ўвядзення ў рэспубліцы мараторыя на смяротную кару. Да ўвядзення мараторыя таксама заклікае Еўрасаюз. Гэта адна з умоў адмены візавых санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, якія ЕС прадоўжыў да кастрычніка 2010 года.
Ці зменіцца нешта пасля чарговай заявы? Наўрад ці...