Беларускіх падлеткаў зноў вазілі да неанацыстаў у Расію
Падлеткі з Беларусі ўжо не ўпершыню апынуліся на «ваенна-патрыятычных зборах» у Падмаскоўі, арганізаваных ультраправай ваенізаванай суполкай Enot Corp.
Гэта нагадвала б савецкую дзіцячую
гульню «Зарніца», калі б усім не кіравалі былыя баевікі незаконных узброеных
фармаванняў.
«Яноты» — гэта група расійскіх баевікоў, што бралі ўдзел у вайне на Данбасе ад самага яе пачатку. Шчыльна сябруюць з вядомым піцерскім неанацыстам Аляксеем Мільчаковым, які адзначыўся сваёй жорсткасцю. Акрамя ўдзелу ў баях, «Яноты» актыўна займаліся марадзёрствам, а пасля гандлявалі рэчамі, знятымі з забітых украінскіх вайскоўцаў. У сепаратысцкіх колах таксама казалі пра іх датычнасць да разбраення шэрагу непакорных Крамлю падраздзяленняў «ЛДНР».
Навучыцца «эфектыўна знішчаць ворагаў»
З 2015 году Enot.Corp распачалі сваю легалізацыю ў Расіі. Сёлета яны маюць статус грамадскай арганізацыі і поўную падтрымку дзяржавы, рэгулярна праводзяць ваенна-патрыятычныя гульні зборы. Галоўны інструктар Enot.Corp — баявік Раман Целянкевіч — адначасова ўзначальвае «Саюз добраахвотнікаў Данбасу», які абʼядноўвае расейцаў, што ваявалі на баку сепаратыстаў і дапамагае ім.
16–17 верасня ў Паўлава-Пасадскім раёне на тэрыторыі прыватнага страйкбольнага палігону адбыліся «ІІІ Міжнародныя моладзевыя ваенна-патрыятычныя зборы ў славу святога благавернага князя Дзмітрыя Данскога». За праваслаўнай назвай хаваецца мерапрыемства, падчас якога падлеткаў вучылі рэальным навыкам вядзення бою.
«Каб хлопчыкі, узяўшы ў рукі сапраўдную зброю, здолелі эфектыўна знішчаць ворагаў», — гэтак арганізатары самі акрэсліваюць мэту збораў.
У праграме — індывідуальная і групавая тактыка, валоданне пісталетам, рукапашны бой, асновы радыёэлектроннай барацьбы, курс прыцэльнай стральбы ды іншае. Сярод 400 удзельнікаў — каманды з Расіі, Сербіі, Чарнагорыі, непрызнаных міжнароднай супольнасцю Прыднястроўя і Паўднёвай Асетыі. У асноўным, вядзецца пра 12–15-гадовых хлопцаў і дзяўчат. Прысутнічала і каманда з Беларусі.
Як МУС не ўбачыла неанацыстаў там, дзе яны ёсць
Беларусы не ўпершыню прыязджаюць да «Янотаў». Журналісты пачалі фіксаваць такія паездкі з вясны мінулага года. У траўні 2016-га датычнай да вывазу падлеткаў у лагер неанацыстаў аказалася арганізацыя афганцаў «Братэрства» з Віцебску і шэраг ваенна-патрыятычных клубаў з Друцка і Талачына, якія дзейнічаюць пад эгідай мясцовых праваслаўных прыходаў. Пасля рэзанансу ў СМІ, беларускія «партнёры» Enot.Corp вырашылі «залегчы на дно» і на кароткі час адмовіліся ад паездак.
Грамадскасць звярнулася ў МУС з патрабаваннем высветліць сітуацыю. Паводле афіцыйнага каментару МУС па выніках праведзенай праверкі, «расійскія неанацысты не ўдзельнічаюць у працы праваслаўных летнікаў, куды ездзяць беларускія дзеці».
Патлумачыць рэакцыю міліцыі можна двума варыянтамі: альбо праверка праводзілася некарэктна і некампетэнтна, альбо сілавікі маюць устаноўку не чапаць сяброў Enot. Corp.
У праварадыкальных поглядах «Янотаў» сумневаў быць не можа. Свежы прыклад: падчас мітынгу ў Маскве пасля збіцця грамадзяніна Таджыкістану, у артыкуле на сайце «Янотаў» публікуецца заклік «расселять гнёзда обнаглевших нелегалов» і іншыя выразныя намёкі на гвалтоўнае супрацьстаянне мігрантам. Дарэчы, да падзей на Данбасе менавіта такімі «чысткамі» і займаліся цяперашнія чальцы Enot.Corp.
Інтэрв’ю ў балаклаве
Паводле інфармацыі belsat.eu, акрамя праваслаўных прыходаў, з «Янотамі» супрацоўнічаюць беларускія страйкбольныя клубы. Гэтак, кіраўніцтва Enot Corp. прысутнічае ў сябрах «ВКонтакте» у мінчука Віктара Зарэцкага.
Зарэцкі працуе ў страйкбольным клубе «Калібр», а ў вольны ад заняткаў час дапамагае збіраць каманды для паездак на зборы да баевікоў. Падчас кароткай сустрэчы ў Мінску Зарэцкі сказаў, што галоўны каардынатар паездак быў бы гатовы даць інтэрвʼю, але на ўмовах ананімнасці.
Паводле слоў Зарэцкага, за журналісткай belsat.eu мусіла заехаць машына і адвезці ў «штаб-кватэру», дзе яе б чакалі.
«Скажыце, нічога страшнага, калі той чалавек будзе гаварыць, апрануўшы балаклаву?» — запытаў Зарэцкі. Ад сумнеўнай прапановы давялося адмовіцца.
Акрамя «Калібру» падлеткаў возяць на зборы ў Падмаскоўе супрацоўнікі Магілёўскага ДАСААФ — дзяржаўнай структуры, якая займаецца ваенна-патрыятычным выхаваннем моладзі. Пра гэта нам распавёў страйкбаліст Сяргей Раскалаў, які служыў у спецназе ў Марʼінай Горцы, а пасля заняўся працай з падлеткамі, стварыўшы ўнутры ДАСААФ яшчэ адзін клуб — «Vivo». Калі верыць Раскалаву, то ён быў у «Янотаў» двойчы ў якасці інструктара.
Пры чым тут КДБ і «справа патрыётаў»?
Пасля непрацяглага зацішша, у мінулым верасні беларусы зноў павезлі дзяцей да баевікоў. Каб не прыцягваць увагу, яны не рэгістраваліся асобна, а далучыліся да іншых камандаў. А ў снежні на фота са справаздачы «Янотаў» з чарговай мілітары-гульні стаіць група дзяцей з закрытымі тварамі і дзяржаўным беларускім сцягам. Журналісты неаднаразова звярталіся да інструктараў, у прыватнасці да Міхаіла Камаляткіна з пытаннем, як называюцца каманды і хто з дарослых іх суправаджае. Адказу не было, бо «беларускі бок хоча застацца ананімным праз ціск КДБ».
Як распавёў Камаляткін, пасля
публікацый у СМІ, спецслужба сурʼёзна занялася пошукам камандаў, што возяць
падлеткаў да «Янотаў».
«Заціснулі. Трэба вычакаць», — такое паведамленне мы атрымалі ў канцы красавіка ад беларускага моладзевага ваенна-патрыятычнага атраду «Бярэзіна», які неаднаразова прыязджаў да нас на зборы і тактычныя гульні, а таксама дасылалі кранальныя гасцінцы. Але калі мы запрасілі «Бярэзіну» на X Міжнародныя Велікодныя зборы, у адказ прыляцеў сігнал трывогі. Нават звязацца з намі напрамую яны палічылі небяспечным», — пішуць баевікі на сваім сайце ў артыкуле пад гучным загалоўкам «Погром в Белоруссии».
Паводле «Янотаў», у пошуках «Бярэзіны» КДБ прачасаў усе буйныя цэнтры на аднайменнай рацэ: Барысаў, Магілёў, Бабруйск.
«Зрэшты ў кампетэнтнасці гэтых таварышаў можна сумнявацца. Пры капітальным паратрахванні гарадоў па Бярэзіне атраду «Бярэзіна» КДБ знайсці не здолеў. Але затое выпадкова накрыў ваенны лагер «Патрыёт», дзе рыхтавалі маладых баевікоў украінскія нацыяналісты. Як бачым, няма ліха без дабра», — сцвярджаюць яны.
Гэта — блеф і абсурд. Лагер «Патрыёт» патрапіў пад махавік вясновых рэпрэсіяў, і інспіраваная КДБ «справа патрыётаў» не мае ніякага дачынення да пошуку прарасійскіх сімпатызантаў. Малаверагодна, што беларуская спецслужба ўвогуле шукала апошніх. Ніводнай заявы КДБ з гэтай нагоды не прагучала. «Яноты» зрабілі свой укід наўмысна, пераследуючы ўласныя мэты.
Акрамя таго, ніводнай згадкі пра атрад «Бярэзіна» пошукавік Google не выдае. Алена Мазанік, якую «Яноты» у згаданым артыкуле ўпарта называюць кіраўнічкай атраду (хаця ніколі раней імёны не называліся), нібыта распавяла ім, што ўлады па ўсёй Беларусі зачыняюць ваенныя клубы і разганяюць кадэцкія класы. Калі б гэта было праўдай — інфармацыя прасачылася ў медыі, хтосьці з бацькоў абавязкова б паскардзіўся. Да таго ж, belsat.eu высветліў: педагога-арганізатара па імені Алена Мазанік няма ва ўстановах адукацыі краіны. Так звалі гістарычную асобу, падпольшчыцу-ліквідатарку гаўляйтэра Кубэ.
Такім чынам, Enot Corp. відавочна «адбельвае» КДБ, стварае карцінку міфічнай небяспекі, якая пагражае прарасійскі настроеным грамадзянам Беларусі.
Пра супрацу з беларускімі ўладамі сведчаць самі чальцы Enot.Corp. Мінулай восенню Мінск наведаў адзін з кіраўнікоў структуры Антон Гарохаў.
«Мы прыязджалі на перамовы з мясцовымі органамі ўлады. Ёсьць камерцыйны інтарэс. З просьбы вашых уладаў падрабязнасці не выдаюцца», — сказаў ён журналістам. Але пасля дадаў, што «мэта перамоваў — фармаванне сумеснай праграмы падрыхтоўкі юнакоў да службы ў войску», а ўзровень перамоваў быў «вышэйшы за рэгіянальны».
Мяркуючы па ўсім, супраца працягваецца, а значыць, абодва бакі атрымліваюць ад яе сваю выгаду.
Кацярына Андрэева, belsat.eu. Фота: enotcorp.org