Эксперты: Пасля вучэнняў можа ўзнікнуць прапанова нарасціць расійскія ўзброеныя сілы ў Беларусі

Украінскія ваенныя эксперты распавялі, чаму не так страшныя вучэнні «Захад–2017», як іх магчымыя наступствы.

21534707_10214081288207694_291290360_o_logo_1.jpg

Сумесныя расійска-беларускія вучэнні “Захад–2017” скончыліся на мінулым тыдні, расійскія вайскоўцы з’ехалі з Беларусі. Ці значыць гэта, што можна расслабіцца, і якія пагрозы могуць з’явіцца пасля вучэнняў? Пра гэта беларускім журналістам распавялі намеснікі дырэктара ўкраінскага Цэнтра даследаванняў войска, канверсіі і раззбраення Міхаіл Самусь і Уладзімір Копчак.

Расіі няма патрэбы пакідаць свае войскі ў Беларусі

Напачатку сустрэчы  эксперты зазначылі, што вучэнні “Захад–2017” праводзіліся ў традыцыйнай канцэпцыі яшчэ з 1977 года.

— Цяперашнія вучэнні, на наш погляд, адпрацоўвалі канчатковую інтэграцыю ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь у стратэгічны заходні напрамак узброеных сіл Расійскай Федэрацыі. Таму няма розніцы, застануцца тут расійскія войскі ці не — бо ўзброеныя сілы Беларусі з’яўляюцца інтэгральнай часткай узброеных сіл Расіі, — канстатаваў Міхаіл Самусь.

Па яго словах, замест таго, каб будаваць новыя ваенныя базы на тэрыторыі Беларусі, Расіі неабходна ўладкоўваць тут, напрыклад, аэрадромы падскоку ці рэсурсныя базы для нарошчвання сваіх узброеных сіл. Бо расійскі разлік ідзе на раптоўнасць. Калі параўноўваць суадносіны сіл краін НАТА і аб’яднанай групоўкі войск Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, апошнія перавышаюць першых шматкроць. Суразмоўцы прыгадваюць невялікае перасячэнне літоўскай мяжы двума расійскімі самалётамі Іл-76 16 верасня і кажуць, што гэта была праверка. НАТА ніяк не адрэагавала на такі рух, і гэта паказвае, што Расія дзейнічае ў правільным кірунку.

Але калі з ваеннага пункту гледжання Расіі няма сэнсу нарошчваць колькасць узброеных сіл на тэрыторыі Беларусі, то з геапалітычнага гледзішча Пуцін мае рацыю, дэманструючы сваю ваенную моц.

— Гэта дэманстрацыя ўсяму свету, што Беларусь становіцца ўсё больш кантраляванай. Пуцін хоча запэцкаць Беларусь сваім негатыўным “шлейфам”, які цягнецца за ім у выглядзе санкцый і ўзаемаадносін са светам. Скраданне ўкраінца Грыба і аўтапрабег НВР з партрэтамі Пуціна ў цэнтры Мінска дэманструюць, што Беларусь знаходзіцца пад кантролем расійскіх спецслужб.

Міхаіл Самусь таксама распавёў, што на вучэннях былі адпрацаваны пытанні стратэгічнай камунікацыі камандавання генеральнага штаба Саюзнай дзяржавы (ці заходняга стратэгічнага напрамку) і генштаба Беларусі.

21584075_10214081777739932_271354181_o_logo_1.jpg


Адкуль чакаць пагрозу?

Вучэнні не завяршаюцца са сканчэннем дзеянняў на палігонах. Шмат што пра іх могуць сказаць падсумаванні, якія з’явяцца праз некаторы час пасля правядзення манёўраў.

— Вельмі добрым маркерам будзе тое, хто аб’явіць (і ці аб’явіць увогуле), што, умоўна кажучы, геапрастора Беларусі патрабуе ўзмацнення расійскай прысутнасці, — мяркуе Уладзімір Копчак.

Эксперта цікавіць, адкуль увогуле ўзяўся пасыл, што расійскія войскі могуць не выйсці з тэрыторыі Беларусі. Паводле Уладзіміра Копчака, асаблівасць вучэнняў “Захад–2017” у тым, што за год да іх пачатку пайшла хваля “заклапочанасці” з боку Беларусі, у тым ліку і ад досыць паважаных экспертаў.

— Чамусьці склалася меркаванне, што ў Кіеве вельмі негатыўная рэакцыя на гэтыя вучэнні. Насамрэч гэта не так, увесь негатыў арыентаваны на Крэмль, а Мінск, па зразумелых прычынах, ідзе за ім “паравозам”, — адзначыў Уладзімір Копчак. — Але ва Украіне ніхто не ўздымаў панікі адносна таго, што падчас “Захаду–2017” па нас удараць. Расіянам ужо вельмі даўно не патрэбныя вучэнні, каб зрабіць нешта супраць Украіны.

— Сітуацыя можа быць разыграная такім чынам, што пасля вучэнняў могуць прапанаваць нарасціць колькасць расійскіх узброеных сіл у Беларусі. Альбо зрабіць гэта ў адказ на дадатковае размяшчэнне груповак НАТА, — працягвае Міхаіл Самусь.

Эксперты кажуць, што цяпер для Беларусі было б не выгадна заяўляць пра неабходнасць нарошчвання ваеннай моцы, чаго нельга сказаць пра Расію.

— Па выніках вучэнняў могуць сказаць, што сілы Вяйшорыі былі настолькі магутнымі, што не атрымалася дасягнуць выканання пастаўленых задач наяўнымі сіламі Расіі і Беларусі, — іранічна, але з доляй верагоднасці дапускае спадар Самусь.

— З пункту гледжання інфармацыйнага суправаджэння вучэнняў укід пра Вяйшнорыю — гэта проста джэк-пот, — кажа яго калега. — Адразу пачалі — у тым ліку вельмі паважаныя людзі — праводзіць прамыя паралелі з Украінай. Гэта насамрэч не так, бо ва Украіне абсалютна вядома, хто працаваў на раскол, у той час як мы імкнуліся захаваць сваю ўнітарнасць. Паводле ж задумы вучэнняў Беларусь, наадварот, ратуюць ад гэтага расколу. Беларусы самі сабе павінны адказаць: ці ёсць на тэрыторыі, названай Вейшнорыяй, перадумовы для сепаратысцкіх рухаў? І калі раптам ёсць, то хто ім будзе рэзанаваць — Вясбарыя, даруй, Божа, з Лубеніяй ці частка “паўночных”?..

21534707_10214082380034989_1992070431_o_logo_1.jpg


Гульня працягваецца

Эксперты перакананыя, што інфармацыйныя ўкіды — звёны аднаго ланцуга ў плане дэманстрацыі моцы. Паведамленне наконт “знятай па трывозе” танкавай дывізіі з Падмаскоўя, якая ў першы ж дзень вучэнняў мусіла адправіцца на палігоны Беларусі — сведчанне псіхалагічна-інфармацыйнага ціску і чарговая дэманстрацыя поўнай залежнасці Беларусі ад Расіі. Дарэчы, нягледзячы на абвяржэнні беларускіх вайскоўцаў, з сайта Мінабароны РФ паведамленне так і не прыбралі.

— Наколькі беларускія вайскоўцы на ўзроўні генштаба былі ўцягнутыя ў стварэнне легенды вучэнняў? Ці ім яе проста спусцілі “зверху”? Для нас адказ відавочны, — разважае Уладзімір Копчак. — Усе гэтыя вейшнорыі — таксама спроба паказаць міжнароднай супольнасці, што вучэнні не парушаюць Венскае пагадненне. Сапраўды, на тэрыторыі Беларусі знаходзілася не больш за 12 700 вайскоўцаў, але калі палічыць усіх, хто ўдзельнічаў у вучэннях па-за тэрыторыяй Беларусі, то перавышэнне колькасці і наступальны характар аперацыі навідавоку.

Ці можа Беларусь супраціўляцца расійскаму ціску? Па словах экспертаў, казаць пра супраціўленне даволі цяжка, бо мы не маем ні эканамічных, ні ваенных, ні палітычных козыраў. Застаецца выкарыстоўваць мастацтва выходзіць са складаных сітуацый: саступіць у адным месцы і пазбегнуць ціску ў іншым. Але тут усё залежыць ад таго, як Крэмль будзе павышаць стаўкі. Украінскія госці параўноўваюць гэтыя адносіны з адносінамі Пуціна і Януковіча.

— Мы ўсё гэта ўжо праходзілі. Ніхто не падвёў Украіну так блізка да еўраінтэграцыі, як зрабіў гэта ў той ці іншай форме прарасійскі прэзідэнт Віктар Януковіч. Праўда, чым усё гэта скончылася, вы самі ведаеце, — падагульніў Уладзімір Копчак. — Тут пытанне не столькі ў жаданні беларускіх уладаў, колькі ў тым, ці ёсць у іх інструменты, каб рэалізоўваць гэтыя жаданні.

eurobelarus.info