Беларусы замежжа — «яны» ці «мы»?

Істотнай прыкметай нацыянальнай сталасці з’яўляецца ўсведамленне еднасці прадстаўнікоў аднаго народа, незалежна ад краіны іх пражывання. Бо народ — гэта не пашпарт і не месца жыхарства, народ — гэта найперш дух і волявыяўленне.

Ілюстрацыйнае фота. Беларусы Канады ля беларускага крыжа ў Мідлендзе

Ілюстрацыйнае фота. Беларусы Канады ля беларускага крыжа ў Мідлендзе

Беларускі народ мае шматвекавую гісторыю, а вось беларуская нацыя — маладая, яна перажывае нешта кшталту «пераходнага ўзросту» і таму з падлеткавай упартасцю працягвае адштурхоўваць ад сябе тых, хто па розных прычынах адсутнічае на тутэйшых «тусоўках», і адначасова спрабуе самасцвердзіцца за кошт іншых, хто фармальна некалі пражываў у мясцовым двары, не маючы насамрэч аніякага дачынення да беларушчыны, але здабыў славу недзе сярод іншаземных «аўтарытэтаў». Я маю на ўвазе эмігрантаў.
Уявім сабе, што некаторыя з нашых славутых землякоў жылі б сярод нас і актыўна карысталіся сацыяльнымі сеткамі. Што б яны маглі пачуць у свой адрас ад абывацеляў?
Да Францыска Скарыны:
Чаго ты пацягнуўся на гэты гнілы Захад? Трэба было ў родным кутку жыць і тварыць! Патрыёты вы ліпавыя…  
Да Міколы Гусоўскага:
— А ты што сядзеў са сваёй пісанінай у Кракаве? Колькі там табе заплацілі, каб выдаць паэму? Усе вы прадажныя грантасмокі!

Да Тадэвуша Касцюшкі:
 Знайшлі героя — дзе толькі не ваяваў: ад Польшчы да ЗША. Добра быць змагаром у замежжы. Ты вось у Беларусі паспрабуй выжыць на гэты мізэрны заробак і тут пабудаваць лепшую будучыню!
Да Эміліі Плятэр:
— Гэтыя феміністкі зусім ашалелі! Каб быў у яе нармальны мужык і дзеці, дык не спатрэбілася б цягнуцца за мяжу і займацца там халера ведае чым!
Да Ігната Дамейкі:
— У Беларусі цяпер маюцца ўсе ўмовы для плённай навуковай дзейнасці. Але калі ты пнешся ў палітыку і пачынаеш кусаць руку, якая цябе корміць, дык што ты чакаеш у адказ — каб па галоўцы цябе пагладзілі за гэта?
Да Максіма Багдановіча:
 Лёгка разважаць пра лёс народа, лежачы на канапе на заморскім курорце. Табе хіба на Бацькаўшчыне кепска было? Крывавы рэжым табе лячыцца перашкаджаў ці што?
Да Васіля Быкава:
— З’ехаў за мяжу — не маеш права крытыкаваць тое, што адбываецца на радзіме. Ты ж пабег за лепшым жыццём, дык чаго ж зараз хочаш, здраднік? Мы і без тваіх парадаў разбярэмся, як нам жыць.
Пазіцыя ўспрымання эмігрантаў як здраднікаў замацавалася ў часы панавання савецкай ідэалогіі, і з’яўляецца распаўсюджанай дагэтуль. Акалічнасцям ад’езду за мяжу звычайна ўвага не надаецца, а тэзіс «з’ехаў — значыць, збег» працягвае агучвацца на розных узроўнях з настойлівай упартасцю. Яшчэ больш дзіўнай выглядае спроба адштурхнуць беларусаў замежжа ад абмеркавання бягучых праблем на радзіме. Маўляў, вы цяпер у іншых краінах жывеце, вось там і выказвайце сваё стаўленне да падзей. Але ж змена месца жыхарства ці нават грамадзянства не замінае чалавеку заставацца беларусам. Калі, канешне, ён сапраўды ўсведамляе сябе такім, а не з’яўляецца манкуртам, якому ўсё роўна, як самаідэнтыфікавацца.
Было б надзвычай недарэчна пачуць сёння, што, напрыклад, Ян Карловіч змяніў месца жыхарства, бо «захацеў прыгожага жыцця», а Алесь Адамовіч з’ехаў, бо быў «ліпавым» патрыётам. І калі задумацца, дык сярод сучасных эмігрантаў таксама ёсць свае карловічы і адамовічы, заслугі якіх перад Айчынай стануць відавочнымі не адразу. А паспрабуйма выкінуць з беларускай гісторыі і культуры эмігрантаў — што там наогул застанецца?..  
У той час, калі амерыканцы ганарацца тым, што яны — нацыя імігрантаў, беларусы таўкуцца ў сваім аўтахтонным манежы, не жадаючы слухаць тых, хто з розных нагодаў апынуўся па-за межамі радзімы. Але комлекс непаўнавартаснасці на нацыянальным узроўні сягае яшчэ далей — на ўзровень звычкі дапасоўваць да беларускай культуры тых, хто здабыў сусветную вядомасць і чые продкі фармальна нарадзіліся на беларускай зямлі. А ці ведаюць пра гэта самі новаспечаныя «беларусы»? Хутчэй за ўсё, яны нават не падазраюць, куды іх, не спытаўшыся, запісалі.
Ускладняе сітуацыю і раз’яднанасць чальцоў беларускіх дыяспар. На жаль, мы не можам пакуль пахваліцца высокім узроўнем актыўнасці, злучанасці і ўплывовасці беларускіх суполак за мяжой. Добра, калі гэта толькі часовыя праблемы росту, а не спрадвечная ўласцівасць мімалётнага самасцвярджэння на ўзроўні пясочніцы замест таго, каб дбаць аб будучыні і народа, і краіны. Дбаць аб тым, што застанецца пасля нас нашчадкам, і таго, якую ідэнтычнасць яны будуць абіраць пры самавызначэнні.