«Пакуль вы ёсць там, нам прасцей змагацца за сваё тут»

Ганна Севярынец у фэйсбуку разважае, ці маюць маральнае права нашыя былыя суайчыннікі, што з'ехалі за мяжу, а цяпер там ладзяць акцыі салідарнасці "беларусамі звацца".

Акцыя салідарнасці ў Філадэльфіі, фота Вадзім Васільеў

Акцыя салідарнасці ў Філадэльфіі, фота Вадзім Васільеў


У адказ на некалькі бздурычаскіх пастоў пра беларусаў замежжа, маўляў, яны з'ехалі, а цяпер вучаць нас адтуль, як нам жыць, хачу нагадаць, па-першае, словы рэдактара бээсэсэраўскай цэнтральнай газеты "Савецкая Беларусь" Міхася Чарота, якія ён сказаў сто год таму беларусу замежжа, сеймаваму паслу Браніславу Тарашкевічу: "Пакуль вы ёсць там, нам прасцей змагацца за сваё тут".
Беларусы замежжа захавалі для нас сапраўднага Янку Купалу, і пакуль у нас тут Купалу крамсалі і рэзалі савецкія цэнзары, яны там выдавалі, ахвяруючы па капейчыне, пяцісотстаронкавую Купалаву "Спадчыну", па якой мы сёння аднаўляем сапраўднага Купалу.
Беларусы замежжа да сёння захоўваюць неперарыўнай першую беларускую дзяржаўнасць, раду БНР.
Беларусы замежжа стварылі і зрабілі фактам нашай агульнай гісторыі першую свабодную радыёстанцыю на беларускай мове, якая сёння стрыміць з самых важных і самых небспечных кропак сучаснай гісторыі, дае глыбокую аналітыку і зберагае мову.
Беларусы замежжа сабралі ў Лондане ўнікальную бібіятэку беларускіх выданняў, роўнай якой няма ў нас тут і па сёння.
Беларусы замежжа стварылі і захавалі тысячы старонак успамінаў і сведчанняў пра дваццатыя-трыццатыя гады, якія проста фізічна не маглі стварыцца і захавацца ў нас тут.
Беларусы замежжа працуюць сёння ў тых архівах, якія былі вывезены немцамі з Беларусі і недаступныя на сёння большасці нашых даследчыкаў, працуюць — і выдаюць кнігі, не маючы з іх ніякага прыбытку.
Беларусы замежжа асабіста, з невялікіх сваіх заробкаў, ахвяруюць грошы і дапамагаюць цяперашнім выдаўцам з выданнем кніжак тут.
Беларусы замежжа захоўваюць у сваіх супольнасцях і перадаюць дзецям велізарны пласт народнай культуры, якая ў нас тут размываецца псеўдафальклорнымі дажыначнымі спевамі і эстраднымі апрацоўкамі.
Беларусы замежжа стварылі фільм пра старажытныя беларускія спевы і атрымалі дзясяткі ўзнагарод на прэстыжных фестывалях Амерыкі і Еўропы, адкрыўшы свету невядомае і нам самім беларускае багацце самых старых з існых на сёння еўрапейскіх песен.
Урэшце рэшт, беларусы замежжа выйшлі па ўсім свеце — і сказалі ў поўны голас, што можна жыць дзе заўгодна, але быць беларусам.
Яны маюць такое ж права голасу, як і мы, бо яны — гэта мы.
facebook.com