Беларусь развіталася з Народным паэтам (фота)

Развітацца з Нілам Гілевічам прыйшлі тысячы людзей. Памінальная паніхіда адбылася ў Петрапаўлаўскім саборы Мінска. Пахаваюць Ніла Сымонавіча на Кальварыйскіх могілках побач з жонкай.



gilevich_logo.jpg

Развітацца з народным паэтам прыйшлі і афіцыйныя асобы. Кветкі да труны ўсклаў міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў. Вялікі букет чырвоных ружаў прынесла міністр інфармацыі Лілія Ананіч.

Таксама на развітанне прыйшлі першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, палітыкі Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін, Павел Знавец старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў, грамадскія дзеячы Зміцер Дашкевіч, Сяржук Бахун і іншыя.

20160401_130932_logo.jpg

«Для мяне гэта быў манумент беларускасці, чыстай, справядлівай. Чалавек, які ведаў шмат беларускіх песень, беларускі фальклор і любіў гэта. Людзі яго паважалі, паважаюць і будуць паважаць. І мне здаецца, што ў памяці народнай ён будзе жыць вечна», — сказаў Станіслаў Шушкевіч "Радыё Свабода".

Шушкевіч ведаў Ніла Сымонавіча шмат год — яшчэ з часоў свайго студэнцтва. Потым яны разам працавалі ў Вярхоўным Савеце Беларусі, і менавіта Станіслаў Шушкевіч надаў ганаровае званне Народнага паэта Беларусі спачыўшым ужо Нілу Гілевічу і Рыгору Барадуліну.

«Я ганаруся тым, што Гілевіч і Барадулін сталі народнымі. Я падпісаў гэтыя дыпломы, і я ганаруся гэтым. Яны сапраўды народныя — як Янка Брыль, як Янка Купала», — адзначыў Шушкевіч.

Алег Трусаў зазначыў, што менавіта артыкул Ніла Гілевіча падштурхнуў яго да разумення важнасці беларускай мовы. «Дзякуючы Гілевічу я сам да мовы прыйшоў, будучы студэнтам. Гэта быў ягоны артыкул у 1973-м годзе, — жахлівым годзе, калі былі рэпрэсіі супраць беларускіх патрыётаў. Тады Міхася Чарняўскага з працы звольнілі… І тады, будучы студэнтам, я выпадкова набыў «ЛіМ» і прачытаў артыкул у абарону мовы. Гэта быў першы мой штуршок да мовы», — сказаў Трусаў.

Потым Ніл Гілевіч таксама быў старшынёй ТБМ, а Алег Трусаў змяніў яго на гэтай пасадзе.

«Ягонае замаганне за мову — гэта было яго жыццё. У іншых пытаннях ён мог зрабіць саступкі, і рабіў. Но там, дзе тычылася мовы, ён саступак не рабіў ніколі… Дзякуючы Гілевічу я і яго аднадумцам мы маем 25 год незалежнай дзяржавы. Калі Гілевіч пачынаў, мова была занядбаная, калгасная, нават дзеці пісьменнікаў не гаварылі на ёй, — толькі па-расійску. Зараз гэта мова крутая, гэта мова эліты. Ролі мовы зараз, нягледзячы на ўсё, зараз вырасла ў разы. Яна стала мовай эліты, мовай горада. І гэта ўсё — Гілевіч. А на змену яму прыходзяць шмат крутых і маладых людзей. Зерне, кінутае ў глебу, прарасло, і пачало квітнець», — адзначыў старшыня ТБМ.

Але шмат людзей прыйшлі ў сабор па пакліканні душы. Сабор не змясціў усіх, хто жадаў аддаць даніну памяці народнаму паэту. Шмат людзей падчас царкоўнай службы засталіся на вуліцы.

20160401_130229_logo.jpg

gilevch_2_logo.jpg

 

gilevch_3_logo.jpg

 

 

Пасля службы адбылася грамадзянская паніхіда, а потым аўтобус з целам паэта выправіўся на Кальварыйскія могілкі.

20160401_130312_logo.jpg

20160401_145244_logo.jpg

Спачуванні з прычыны смерці народнага паэта выказалі мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, а таксама мітрапаліт Філарэт.

Фота Генадзя Кеснера