Беларуская апазіцыя прадставіла супольнае бачанне ўзаемдзеяння Беларусі з ЕС і Усходнім Партнёрствам
У Рызе 21 траўня адбылася сустрэча лідараў беларускай апазіцыі з кіраўніцтвам Еўрапейскай Народнай партыі: старшынём ЕНП Жазэфам Долем, віце-старшынём Яцакам Сарыюшам-Вольскім, віцэ-старшынём фракцыі ЕНП у Еўрапарламенце Сандра Калніетэ. З беларускага боку у ёй удзельнічалі сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, старшыня ПБНФ Аляксей Янукевіч і старшыня Руху "За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч.
На сустрэчы было прэзентавана супольнае бачанне беларускіх дэмакратычных сіл стратэгіі ўзаемдзеяння Беларусі з ЕС і Усходнім Партнёрствам. Яно ўключае тое, што эфектыўны дыялог Беларусі з ЕС,
правядзенне неабходных палітычных і эканамічных рэформаў дзеля мадэрнізацыі краіны і дасягнення мэтаў Усходняга партнёрства немагчымыя без удзелу ў ім грамадзянскай супольнасці краіны і палітычнай
апазіцыі.
У сувязі з гэтым апазіцыя:
1) хадайнічае аб аднаўленні трохбаковага фармату дыялогу ЕС-Беларусь з удзелам прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацый і палітычнай апазіцыі Беларусі;
2) прапануе аднавiць замарожаны ў 1999 годзе па iнiцыятыве афiцыйнага Менска перамоўны працэс памiж уладамi i апазiцыяй пры пасярэднiцтве ЕС па правядзенні сумленных, свабодных выбараў па
стандартах АБСЕ i допуску апазiцыi да дзяржаўных СМI;
3) падкрэслівае, што першачарговымі прыярытэтамі дыялогу павінна стаць правядзенне сумленных і свабодных выбараў у Беларусі па стандартах АБСЕ, спыненне пераследу незалежных журналістаў і
забеспячэнне права на свабоду СМІ, рэгістрацыя ўсіх грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый, якім па надуманых прычынах адмаўлялася ў рэгістрацыі;
4) падкрэсліваем, што рэальным крокам, які паказаў бы сапраўдную зацікаўленасць уладаў Беларусі ў дыялогу з ЕС, з’яўляецца вызваленне палітвязняў і іх поўнае аднаўленне ў правах.
Павінны быць неадкладна вызваленыя Мікалай Статкевіч, Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка, Юрый Рубцоў, адноўленыя ў правах кандыдаты у прэзідэнты на выбарах 19 снежня
2010 года і чальцы іх каманд, асуджаныя пасля 19 снежня 2010 года.
Гэтыя прапановы ўвойдуць у рэзалюцыю ЕНП адносна дыялогу з Беларусі і Усходняга партнёрства.
"Упершыню за многія гады дэмакратычныя сілы выступаюць адзіным голасам, бо маюць супольнае бачанне Усходняга партнёрства. Вельмі істотна, што гэтыя патрабаванні актуалізаваныя, дзякуючы
нашым намаганням, намаганням нашых сяброў і ЕНП. Гэта адзін з шматлікіх сігналаў, што нягледзячы на адсутнасць адзінага кандыдата, падставы для супрацы і еднасці дэмакратычных сілаў перад пагрозай
дыктатуры ўнутры Беларусі і з Усходу ёсць. У ЕС ёсць многія сілы, якія б хацелі звесці Усходняе партнёрства да размоваў з уладамі, ігнаруючы беларускі народ. Добра, што ЕНП і многія палітыкі
падтрымліваюць каштоўнасны падыход, патрабуюць вызвалення палітвязняў, супрацу з народам, а не рэжымам”, - адзначыў Віталь Рымашэўскі.
Супольнае бачанне беларускай апазіцыяй Усходняга Партнёрства Віталь Рымашэўскі прадставіў таксама 19 мая на сустрэчы ў МЗС Латвіі. Яго прэзентацыя працягнецца і падчас іншых сустрэч саміту
УП.
bchd.info