Б'ём трывогу пра спайсы, а галоўная пагроза іншая

«Калі параўнаць атручванні са смяротным вынікам, то ад алкаголю смерцяў прыкладна ў 30 разоў больш, чым ад наркотыкаў», — нядаўна заявіў галоўны нарколаг краіны.



alkoholik.jpg

У 2014 годзе ад спайсаў загінула каля 30 чалавек. Больш за 700 траплялі ў бальніцы з перадозам.
Пра гэтую бяду, спайсы, можна пачуць адусюль. І з ёй змагаюцца. Здаецца, тыдня не праходзіць, каб сілавікі не затрымалі якога наркараспаўсюдніка. Сотні кілаграмаў канфіскаваных і знішчаных наркотыкаў. І такая барацьба дае плён.
Але вялікія сілы кідаюцца на барацьбу з тым, што не можам кантраляваць. І куды менш змагаемся з тым, што магчыма перамагчы. «Калі параўнаць атручванні са смяротным вынікам, то ад алкаголю смерцяў прыкладна ў 30 разоў больш, чым ад наркотыкаў», — нядаўна заявіў галоўны нарколаг краіны.
Гэта тыя, хто атруціўся.
А яшчэ хранічны алкагалізм, які прыводзіць да смерці.
У 2012 ад хранічнага алкагалізму памерлі 512 чалавек (2011 — 980, 2010 — 601).
А яшчэ людзі гінуць па віне п’яных кіроўцаў.
Сюды трэба дадаць тых, каго нападпітку зарэзаў муж, да смерці збіў сусед…
Між іншым, у Следчым камітэце прыйшлі да высновы, што «большасць злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян у быце здзяйсняецца ў нецвярозым стане. На глебе алкагольнага ап’янення адбываецца рост сямейных скандалаў і звязаных з імі злачынстваў. Асноўнай зброяй бытавых забойстваў з’яўляецца звычайны кухонны нож, які, як правіла, заўжды пад рукой».
На алкагалізм і алкагольныя псіхозы ў 2013 захварэлі 21 722, на наркаманію і таксікаманію — 1537.
Праблема алкагалізму не менш важная. Але захады не скіраваны на вынішчэнне прычыны бедаў — алкаголю. З наркотыкамі ж змагаюцца менавіта так. Паўмеры не працуюць.
Школьнікам аднолькава расказваюць пра небяспеку алкаголю і наркотыкаў, але спіртное ў крамах яны сустракаюць свабодным доступе.
Грошы ад наркотыкаў асядаюць у кішэнях наркагандляроў. Ад алкаголю паступаюць у бюджэт. Але гэта аднолькава брудныя грошы.
Сяргей Макарэвіч, nn.by