Блогер Лапшын паскардзіўся на беларускія ўлады ў Камітэт па правах чалавека ААН

Блогер Аляксандр Лапшын накіраваў скаргу на дзеянні беларускіх уладаў.

lapsh_660x440.jpg


Пра гэта ён распавёў у сваім блогу:
«Хтосьці сумняваўся, што ў дачыненні да Баларусі і Азербайджану, якія ўчынілі ў дачыненні да мяне злачынства, нічога не будзе прадпрынята? Акрамя еўрапейскіх судовых інстанцый і цэлага шэрагу праваабарончых інстанцый, высвятленне таго, што адбылося, у цяперашні час ідзе ў Камітэце па правах чалавека пры ААН у Жэневе. Учора прыйшоў ліст з дадаткам пярэчанняў ад Беларусі (тыя сцвярджаюць, што дзейнічалі ў рамках дамоўленасці з Азербайджанам і вінаватымі сябе не лічаць) і ўказаннем, што варта падаць ужо нашыя пярэчанні. І затым камітэт будзе прымаць рашэнне, ці былі парушаныя Рэспублікай Беларусь мае правы».
Паводле Лапшына, прадстаўнікі Беларусі ў Жэневе напісалі 7 старонак тэксту, які фактычна капіюе рашэнне Менскага гарадскога суду, у якім блогер абскарджваў экстрадыцыю ў Азербайджан (суд у выніку скаргу адхіліў). Аляксандр Лапшын мяркуе, што пошукі справядлівасці ў гэтай гісторыі могуць заняць больш, чым год.
«Некампетэнтнасць беларускіх юрыстаў у Жэневе заўважаная і па тым факце, што запатрабаваць маёй выдачы ў перыяд, калі я знаходзіўся пад арыштам у Менску не маглі ні Расея, ні Ізраіль. Ведаеце, чаму? Паводле беларускіх законаў іх генпракуратура мае права адмовіць у выдачы трэцяй краіне (у дадзеным выпадку Азербайджану) і выдаць краіне грамадзянства толькі ў тым выпадку, калі там на мяне заведзеная крымінальная справа і краіна майго грамадзянства патрабуе мяне выдаць для крымінальнага пераследу. Ні ў Ізраілі, ні ў Расеі супраць мяне няма ніякіх крымінальных спраў, так што патрабаваць мяне выдаць яны папросту не маглі паводле беларускіх жа законаў», – напісаў блогер.
І выказаў меркаванне, што Аляксандр Лукашэнка слаба разбіраўся ў законах.
У снежні 2016 году блогера затрымалі ў Менску, у лютым 2017-га яго выдалі Азербайджану. Азербайджанскія ўлады абвінавачвалі Лапшына ў парушэнні закона аб дзяржаўнай мяжы. Ён трапіў у «чорны спіс» за наведванне Нагорна-карабахскай рэспублікі без узгаднення з уладамі. У бакінскай турме яго хацелі забіць, сцвярджае Лапшын. 14 верасня блогера вызвалілі, цяпер ён у Ізраілі.Лапшын – грамадзянін Расеі, Ізраілю і Украіны.
belsat.eu