Польшча. Паліцэйскія рэйды ў жаночыя арганізацыі

Паліцыя Польшчы правяла рэйды ў офісах жаночых праваабарончых арганізацый пасля таго, як жанчыны зладзілі антыўрадавыя маршы супраць абмежавальнага заканадаўства аб абортах

Акцыя пратэсту жанчын у Варшаве, 1 кастрычніка 2016 году (архіўнае фота "Радыё Свабода")

Акцыя пратэсту жанчын у Варшаве, 1 кастрычніка 2016 году (архіўнае фота "Радыё Свабода")


Паліцыянты канфіскавалі кампутары і дакументы. Пра гэта паведамляе The Guardian.Рэйды прайшлі ў Варшаве, Гданьску, Лодзі і Зялёнай Гуры. Паліцыянты правяралі арганізацыі «Цэнтр правоў жанчын» і Baba, якія дапамагаюць ахвярам сямейнага гвалту. Абедзве арганізацыі ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту жанчын на гэтым тыдні.

Прадстаўнікі жаночых праваабарончых арганізацый заявілі, што дзеянні паліцыі абцяжарваюць працу, і абвінавацілі польскія ўлады ў спробах запалохвання.

Пракуратура Польшчы пры гэтым заявіла, што рэйды ніяк не звязаныя з акцыямі пратэсту. Паводле пракурораў, яны выяўляюць магчымыя правапарушэнні ў міністэрстве юстыцыі пры ранейшым урадзе. Тады міністэрства фінансавала жаночыя праваабарончыя арганізацыі.

У пачатку тыдня ў Польшчы прайшла акцыя пратэсту ў абарону правоў жанчын. Акцыя прайшла ў гадавіну «чорнага пратэсту», асноўным патрабаваннем якога было недапушчэнне забароны абортаў.

Сёлета ўдзельнікі акцыі збіралі подпісы пад праектам закону, які пашырае доступ да кантрацэпцыі і сексуальнай адукацыі.

У 2016 годзе ўлады Польшчы разглядалі законапраект, аўтары якога прапаноўвалі ўвесці штрафы і крымінальную адказнасць за аборты для жанчын і лекараў. Разгляд законапраекту выклікаў масавыя акцыі, якія атрымалі назву «чорны пратэст». Праз некалькі дзён сейм адхіліў законапраект. Удзельнікі гэтага пратэсту асцерагаюцца, што законапраект зможа паўторна трапіць на разгляд сейму.

www.svaboda.org