БНФ накіраваў у парламент свае заўвагі да праекта зменаў у закон аб СМІ

Партыя БНФ накіравала ў Пастаянную камісію па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў свае заўвагі да законапраекта аб унясенні зменаў і дапаўненняў у закон «Аб сродках масавай інфармацыі»

internet_privacy.jpg


Закон “Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь” Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні 19 красавіка, зараз ён рыхтуецца да другога чытання. Гэты закон прадугледжвае істотнае ўзмацненне рэгулявання ў сферы інтэрнэт-камунікацыі і працы інтэрнэт-сайтаў у Беларусі, а таксама закранае інтарэсы шараговых грамадзянаў-карыстальнікаў Інтэрнэту.
У сваім звароце Партыя БНФ адзначае, што пераважная большасць запланаваных законапраектам зменаў не служыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі і не спрыяе выкананню права грамадзян на атрыманне, захоўванне і распаўсюд інфармацыі, што пагражае неабгрунтаваным абмежаваннем замацаванай у Канстытуцыі свабодзе распаўсюду меркаванняў.
Як паведаміў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, прапановы Партыі БНФ сгрупаваныя на два блокі: першы скіраваны на ўключэнне ў законапраект зменаў у мэтах выканання правоў і свабодаў грамадзянаў, другі скіраваны на стварэнне спрыяльнага клімату для беларускіх сродкаў масавай інфармацыі і айчыннай медыя-прасторы ў цэлым:
— Мы прапануем дапоўніць артыкул 8 закона “Мова сродкаў масавай інфармацыі” палажэннем, якое абавяжа інтэрнэт-рэсурсы дзяржаўных органаў і арганізацыяў, а таксама інтэрнэт-рэсурсы СМІ, якія цалкам альбо часткова фінансуюцца за кошт рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, у абавязковым парадку мець версію на беларускай мове. Унясенне ў закон гэтай нормы было б важным крокам па падтрымцы беларускай мовы і служыла б гарантыяй правоў беларускамоўных грамадзян. Мы лічым недапушчальнай цяперашнюю сытуацыю, калі беларускай версіі не маюць нават сайты буйнейшых дзяржаўных СМІ, калі пры запаўненні шматлікіх дзяржаўных формаў у інтэрнэце грамадзяне сутыкаюцца з дыскрымінацыйнымі надпісамі накшталт “запаўняецца толькі рускімі літарамі”. Дзяржаўныя арганізацыі павінныя быць прыкладам развіцця беларускамоўных сэрвісаў і прадастаўлення інфармацыі на беларускай мове. Замацаваўшы гэтую палітыку заканадаўча дзяржава дасць добры прыклад і прыватнаму сектару, — сказаў Рыгор Касутсёў.
У сваім звароце БНФ таксама прапануе замацаваць магчымасць абскарджвання ў суд рашэнняў дзяржаўнага рэгулятара пра блакаванне інтэрнэт-рэсрусаў, у тым ліку інтэрнэт-выданняў:
— Прадугледжаная законапраектам немагчымасць для юрыдычных асобаў-уладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў аспрэчыць у суд рашэнне міністэрства інфармацыі пра абмежаванне доступа да сайтаў – гэта спроба фактычнай легалізацыі чынавенскага свавольства і бескантрольнай цэнзуры. Міжнародным стандартам адпавядала б аднясенне гэтага пытання да кампетэнцыі судовай улады. І хоць ініцыятары законапраекта тлумачаць, што пазасудовы парадак абмежавання доступу ім падаецца неабходным для аператыўнасці, не прадугледзіўшы магчымасці падаць скаргу ў суд нават пасля блакавання сайта яны фактычна прымушаюць рэдакцыі беларускіх інтэрнэт-СМІ працаваць пад Дамоклавым мячом бескантрольнай цэнзуры. Мы выступаем катэгарычна супраць вывядзення пытання пра абмежаванне доступу да сайтаў інтэрнэт-выданняў са сферы судовага кантролю. — тлумачыць лідар БНФ.
Партыя БНФ таксама падтрымлівае ацэнку законапраекта як шкоднага для нацыянальнай бяспекі, паколькі ён ставіць беларускія інтэрнэт-медыі ў прыніжаны стан у параўнанні са СМІ іншых краінаў, якія даступныя беларускім карыстальнікам Інтэрнэту, правакуе адток беларускіх карыстальнікаў на замежныя сайты.
— Ва ўмовах сучасных інфармацыйных войнаў ставіць СМІ сваёй уласнай краіны ў стан татальнай залежнасці ад дзяржавы — гэта азначае пакінуць краіну безабароннай перад пагрозай інфармацыйных атакаў звонку, гэта не ўзмацненне, а пагаршэнне нацыянальнай бяспекі ў інфармацыйнай сферы. Мы накіроўваем дэпутатам асноўныя вынікі нядаўняга маштабнага даследвання практыкі расейскага прапагандысцкага ўплыву, якое зрабіў аўтарытэтны амерканскі даследчы цэнтар RAND Corporation – спадзяюся, заканадаўцы здолеюць аб’ектыўна падыйсьці да вывучэння гэтай справаздачы і зразумеюць, што адно толькі нарошчванне абмежаванняў і павелічэнне паўнамоцтваў рэгулятара не можа эфэктыўна дапамагчы інфармацыйнай бяспецы краіны. Неабходна развіваць і падтрымліваць нацыянальную медыяпрастору, спрыяць беларускім інтэрнэт-СМІ, а не ставіць іх у заведама проігрышнае становішча ва ўмовах канкурэнцыі з замежнымі рэсурсамі, як гэта прапануе рабіць дзеючая рэдакцыя законапраекта, – сказаў Рыгор Кастусёў.
Партыя БНФ у сваім звароце таксама заклікае дэпутатаў прыслухацца да меркавання прафэсіяналаў, выкладзенага ў зваротах Беларускай асацыяцыі журналістаў і буйнешых нацыянальных інтэрнэт-сайтаў. Дзеля гэтага прапануецца адкласці другое чытанне супярэчлівага законапраекта і превесці ў парламенце шырокія кансультацыі з прыцягненнем ўсіх зацікаўленых бакоў.
narodny.org