Ініцыятывы каменнага веку

На гэтым тыдні ў журналістаў — шэраг святаў. Сусветны дзень свабоды прэсы 3 мая, 5-га — дзень друку, 7-га — дзень радыё і тэлебачання. І ўжо колькі гадоў для беларускіх «акулаў пяра» гэтыя святы — са слязамі на вачах. У гэтым годзе слёзы асаблівыя.

telegram_3_logo.gif


Усё праз адвечны стыль працы нашай улады, які нагадвае бразільскі серыял: спачатку ледзь не штучна ствараецца праблема, а потым яна гераічна, цаною цяжкіх высілкаў, пераадольваецца. І добра, каб іх пераадольвалі выключна тыя, хто праблемы стварыў. Але ж яны ўцягваюць у гэтую барацьбу і тых, хто да іх стварэння дачынення не мае.
Размова ідзе, канешне ж, пра новы варыянт закону аб друку, у якім забараняюцца «ананімныя каментары», рэдакцыі абавязаныя ідэнтыфікаваць карыстальніка, і гэтак далей. Беларускі закон аб СМІ і без гэтых паправак быў адным з найгоршых у свеце. Зараз яго ў чарговы раз абцяжарылі дадатковымі абмежаваннямі для тэлебачання, газет і сайтаў.
Стыль працы нашых законатворцаў вельмі цікавы, аж да смеху (калі б не было так сумна). Узяць хаця б тую ж норму па ідэнтыфікацыі каментатараў. Нехта вельмі разумны спусціў законапраекту Палату прадстаўнікоў, дэпутаты яго, амаль не гледзячы, праштампавалі ў першым чытанні. А калі журналісты, якіх гэты закон тычыцца непасрэдна, запыталі, як яго выконваць — усе разводзяць рукамі.
І ўвогуле, не царская гэтая справа — выкананне закона. Як у старой (каляжурналісцкай, дарэчы) показцы: «Чукча не чытач, чукча пісьменнік». Дэпутаты законы прымаюць, а над механізмамі іх выканання хай думаюць іншыя. «Як будуць ідэнтыфікаваць каментатараў, вызначаць пастановай ураду», — паведаміла Радыё «Свабода».
Ва ўрадзе пачалося шурупанне мазгамі. Міністэрства інфармацыі, напрыклад, прапанавала ідэнтыфікаваць карыстальніка з дапамогай sms. Па-першае, ёсць людзі, якія ніякімі sms не карыстаюцца. Па-другое, у нас, напрыклад, багата каментатараў з за мяжы — ЗША, Ізраіль… Колькі грошай павінна выдаткаваць рэдакцыя на такі сервіс? Можа быць, Мінінфарм, калі такі багаты, і распрацуе нам гэтую сістэму?
Альбо паступіла прапанова ідэнтыфікаваць каментатараў праз электронную пошту ці сацыяльныя сеткі. Ці ўяўляюць гэтыя «прапаноўшчыкі», колькі ў сеціве існуе фэйкавых і ананімных акаўнтаў? Да мяне ў сябры рэгулярна грукаюцца «Кастусь Каліноўскі» і «Элаіза Ажэшка». Няўжо ў Мінінфарме думаюць, што нехта працягнуў аптавалакно на той свет?
Пры гэтым я не выключаю, што ў Мінінфарме і ва ўрадзе ёсць пару-тройку чалавек, якія ведаюць, што і навошта робяць. З патрабаваннем ідэнтыфікацыі праз sms непасрэдную выгаду атрымаюць аператары мабільнай сувязі. З патрабаваннем ідэнтыфікацыі праз сацсеткі значна ўзрасце колькасць фэйкавых акаўнтаў. Кожны такі акаўнт — дэ-факта, павелічэнне колькасць паказаў рэкламы ў тых самых сацсетках — а менавіта з гэтага яны і жывуць. Варта толькі адзначыць, што спробы стварыць беларускую сацыяльную сетку (напрыклад, Vseti.by) скончыліся правалам. А значыць, грэсці грошы рыдлёўкаю будуць папулярныя, але замежныя Facebook, ВКонтакте, Одноклассники.
Колькі заплацілі «замежныя агенты» нашым распрацоўшчыкам паправак у закон аб СМІ? Хаця я б у такіх варунках працаваў бы не за фіксаваную аплату, а за працэнт з прыбытку.
Дый насамрэч «ідэнтыфікацыя каментатараў» — лухта і яшчэ адзін доказ, што ўлада (ці хто там задумваў гэтыя папраўкі) за прагрэсам не паспявае. Спроба ўзяць пад кантроль каментатараў састарэла, бо людзі, ў асноўным, ужо мала каментуюць артыкулы менавіта на сайце СМІ. Ім зручней карыстацца афіцыйнымі старонкамі прэсы ў сацыяльных сетках.
Ці будуць спрэс замежныя сацыяльныя сеткі выконваць беларускі закон аб СМІ і палажэнні пра ідэнтыфікацыю карыстальнікаў? Так і бачу, як нехта ў Мінінфарме піша: «Дарагі Марк Цукерберг! На старонцы «Новага часу» ў Facebook нехта пад нікам «Кастусь Каліноўскі» апублікаваў меркаванне, якое можа нанесці шкоду дзяржаўным інтарэсам Рэспублікі Беларусь. Ці не маглі б вы парыцца ў логах і сказаць: хто такі «Кастусь Каліноўскі»? Па нашых звестках, ён памёр у 1864 годзе…»
І адказ ад Цукерберга: «Дэар фрэндс! Я не ведаю, што такое Беларусь і дзе яна знаходзіцца, але калі вашая дзяржава можа разваліцца ад аднаго меркавання, навошта вам такая дзяржава?»
У дзяржаўным падарунку журналістам пад прафесійныя святы ёсць яшчэ багата цікавага — напрыклад, пазасудовае блакаванне сайтаў. Зразумела, што, калі гэтыя папраўкі пісаліся, яшчэ не было расійскай спробы заблакаваць «Тэлеграм». Але дэпутаты, якія чохам прынялі гэтыя папраўкі, павінны былі ўлічыць замежны досвед, калі заблакавалі ўсё, апроч самога «Тэлеграму»…
Гэта ўсё да чаго? Зараз мы дайшлі да такой ступені прагрэсу, што абмежаваць свабоду выказвання, свабоду слова і свабоду меркавання стала практычна немагчыма. Тыя, хто спрабуе гэта зрабіць, жывуць, падаецца, у каменным веку. Але шкада, што разбірацца і падладжвацца пад гэты каменны век даводзіцца нам — тым, каму захады і падладжванні сто гадоў непатрэбныя.