Армянскі Майдан: погляд з Баку

Падзеі ў Арменіі выклікаюць павышаную цікавасць у Азербайджане, які знаходзіцца ў стане вайсковага канфлікту з краінай-суседкай.



Фота REUTERS

Фота REUTERS

На першы погляд, ніякіх тэктанічных зрухаў наступ апазіцыі ў Арменіі не выклікае. Яе лідар Нікол Пашынян абяцае застацца адданым геапалітычным саюзнікам Масквы, падтрымліваць статус-кво ў Нагорным Карабаху і шукаць выйсце з канфлікту праз дыялог. «Бяспека з’яўляецца прыярытэтам для нас. Я цалкам падтрымліваю Нагорны Карабах і яго ўлады», — заявіў Пашынян, паабяцаўшы «прывесці Азербайджан у канструктыўнае поле».

Аднак на берагах Каспію ўпэўненыя, што Арменія, якой пачне кіраваць Пашынян, не будзе падобнай на краіну за часамі рэспубліканцаў Сержа Саргсяна. Сыход Саргсяна з палітычнай арэны азербайджанскі афіцыёз увогуле святкуе не менш, чым натоўп апазіцыянераў у Ерэване.

«Армянскі народ нарэшце вызваліўся ад ваеннага злачынцы Саргсяна, які пазбавіў Арменію развіцця, у тым ліку ўдзелу ў міжнародных праектах. Саргсян здзейсніў мноства крывавых злачынстваў, будучы адным з галоўных вінаватых у стварэнні нагорна-карабахскага канфлікту. Ён падверг армянскі народ шматлікім бедам, стварыў свой урад на крыві і гвалце», — адзначае праўрадавае выданне «Trend».

Пры гэтым радасць за армян, якія зрынулі дыктатара, суседнічае з каментарамі, аўтары якіх спадзяюцца, што палітычная анархія ператворыць Арменію ў faіled-state. «Арменія ўсё больш апускаецца ў хаос, і яе сілы вычэрпваюцца. 20-дзённая вулічная ліхаманка ўсё далей расхіствае асновы армянскай дзяржаўнасці», — лічыць, напрыклад, палітолаг Тофік Абасаў. Ён і некаторыя іншыя палітолагі не хаваюць надзеі, што магчымыя хуткія эканамічныя праблемы Арменіі — следства цяперашняга хаосу, — прымусяць яе кіраўніцтва пагадзіцца на азербайджанскі варыянт рашэння Карабахскага пытання.

Ёсць у азербайджанскай дыскусіі наконт армянскай «аксамітнай рэвалюцыі» і іншы трэнд. Яго тыповы прадстаўнік, бакінскі палітолаг Алі Мамедаў увогуле заявіў, што галоўны фактар поспеху Пашыняна — мудры курс азербайджанскага гаранта Ільхама Аліева. «Масавай незадаволенасцю насельніцтва Саргсянам і сваім узыходам на Алімп прэм’ерства Пашынян ускосна абавязаны Ільхаму Аліеву, на фоне лідарства якога мізэрнасць Саргсяна была асабліва прыкметная. Зразумець гэта няцяжка», — падсумаваў палітолаг.

У мейнстрыме таксама думка, што прыход Пашыняна да ўлады прымусіць Маскву канчаткова спыніць вайсковую дапамогу Ерэвану. Напрыклад, сайт Day.az адзначае: «Зразумела, што пасля прыходу да ўлады Пашыняна і празаходняга ўрада Арменія выйдзе і з ЕАЭС, і з АДКБ, ды стане адной з самых варожых Расіі краін. На месцы Крамля цяпер самым разумным было б заняцца вывадам узбраення з базы ў Гюмры — інакш ёсць небяспека, што яно будзе захоплена былымі «саюзнікамі». У кантэксце амаль немінучага росту і без таго дзікай русафобіі, этнічным рускім у Арменіі будзе пагражаць цалкам канкрэтная небяспека».

Апазіцыйная прэса Азербайджана, у сваю чаргу, мяркуе, што армяна-расійскі саюз захаваецца і пры Пашыняне, аднак сувязі будуць больш слабымі. На думку выдання Нaqqin.az, пратэсты ў Ерэване — гэта таксама пратэсты супраць безальтэрнатыўнай прарускасці Арменіі ў знешняй палітыцы. Але пакуль гэта будзе выяўляцца ў вельмі мяккай форме, у асноўным праз новую дыскусію ў армянскім грамадстве. «Але ў любым выпадку, гэта ўжо дрэйф ад Расіі, які нельга ігнараваць», — робіць рэзюме выданне.

Чакаюць у Азербайджане і хуткага абвастрэння сітуацыі на Карабахскім фронце. Бакінская прэса лічыць, што ваяўнічы нацыяналізм з’яўляецца складнікам любога вулічнага пратэсту ў Арменіі. На думку выдання Oxu.az, сярод простых армян «існуе папулярны міф, што, маўляў, Расія не дае «вялікім армянам» канчаткова разграміць Азербайджан і пачаць «вызваленчую вайну» за захоп зямель Усходняй Турцыі, якую армянскія нацыяналісты называюць «Заходняй Арменіяй».

Пра ваяўнічасць армян, маўляў, сведчыць і новы імідж Пашыняна. Незадоўга да пачатку пратэстаў ён нечакана змяніў дарагі дэпутацкі гарнітур на камуфляж і бейсболку. Плюс адпусціў бараду. Падобны фасон адразу выклікае сярод армян асацыяцыі з легендарным вайсковым валанцёрам Монтэ Мелканянам па мянушцы Аво, які таксама насіў бейсболку, бараду і камуфляжную форму. Для даведкі: Аво — ураджэнец Каліфорніі, які ўсё свядомае жыццё правёў на розных франтах, пакуль не прыехаў у Нагорны Карабах, дзе загінуў у 1993-м. Пасля смерці Аво ўрачыста пахавалі, надаўшы яму званне нацыянальнага армянскага героя.

А вось апазіцыйная супольнасць, наадварот, лічыць, што Пашынян нясе мір на Каўказ. Усё той жа Нaqqin.az акцэнтуе ўвагу на тым, што аснову палітыкі ўлады Сержа Саргсяна і яго клану складаў Карабахскі канфлікт. Іншага, як «Карабах наш», прапанаваць ён насельніцтву не быў здольны. «Новая ўлада ў Арменіі вымушана будзе ў той ці іншай ступені прасоўваць еўрапейскія ліберальныя каштоўнасці. Інакш у жыцці насельніцтва пасля рэвалюцыі і з адстаўкай Саргсяна наогул нічога не зменіцца. Усё гэта можа прывесці да адносна прагматычнага падыходу Ерэвана да ўрэгулявання Карабахскага канфлікту», — піша Нaqqin.az.

Дарэчы, некаторыя дзяржаўныя СМІ Азербайджана таксама спадзяюцца на падобны сцэнар, аднак што ў галаве ў Пашыняна — пакуль вядома толькі яму аднаму.