БНР-94: тыдзень беларускай дзяржаўнасці ў Літве
У Літве святкаванню 94-тай гадавіны заснавання БНР быў прысвечаны тыдзень беларускай культуры, арганізаваны беларускімі дэмакратычнымі арганізацыямі, Літоўскім парламентам, Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам. (На здымку: У традыцыйным Дні Волі ў віленскай беларускай школе ўзяў удзел прэм’ер-міністар Літвы Андрус Кубілюс)
У Літве святкаванню 94-тай гадавіны заснавання БНР быў прысвечаны тыдзень беларускай культуры, арганізаваны беларускімі дэмакратычнымі арганізацыямі, Літоўскім парламентам, Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам.
(На здымку: У традыцыйным Дні Волі ў віленскай беларускай школе ўзяў удзел прэм’ер-міністар Літвы Андрус Кубілюс)
20 сакавіка падзеі распачаліся ў Віленскім гарадскім самакіраванні выступленнем мэра Вільні Артураса Зуокаса. Потым адбылося адкрыццё мастацкай выставы Таццяны Дзянісавай.
21 сакавіка ў Літоўскім сойме прайшоў круглы стол па пытаннях беларуска-еўрапейскіх дачыненняў.
22 сакавіка сябры ініцыятывы “Беларуская нацыянальная памяць ушанавалі памяць
К. Каліноўскага, ўскладаннем кветак каля крыжа на Лукішскім пляцы ў дзень, калі ён
быў забіты. Пры гэтым слова ўзялі гісторыкі і навукоўцы. Са сцягамі і са знічкамі ў руках моладзь рушыла на гару Гедыміна. Некалькі студэнтаў-каліноўцаў прыехалі з Варшавы на
аўтамабілях. “Да нас далучыліся літоўцы, якія выказваюць цікавасць да нашых агульных герояў, - распавёў кіраўнік ініцыятывы Анатоль Міхнавец.- У Беларусі ёсць 27 вуліц, прысвечаных К.
Каліноўскаму, ёсць такая ж вуліца ў Вільні. Верым, што ў перспектыве будуць заснаваныя памятным знакі і помнікі, прысвечаныя нацыянальным героям.
23 сакавіка ў вучэбным корпусе ЕГУ адбылося адкрыццё гістарычнай і мастацкай выставы “Невядомая Беларуская Народная Рэспубліка. На выставе экспануюцца дакументы, датычныя гісторыі
Беларусі 1918 - 1914 гадоў, нядаўна адкрытыя Інстытутам гістарычных даследанняў Беларусі Еўрапейскага дзяржаўнага універсітэта ў Літоўскім дзяржаўным архіве. Доўгія гады дакументы ляжалі проста
стосам, іх ніхто не бачыў.
Гэта тагачасныя архіўныя фонды, якія былі закладзены для незалежнай беларускай дзяржавы. Змястоўную экспазіцыю з 17 стэндаў з рэдкімі фотаздымкамі і дакументамі, партрэтамі
братоў Антона і Івана Луцкевічаў і генерала Станіслава Булак-Балаховіча аздобіў мастак Алесь Пушкін. Выстава будзе працаваць цягам месяца па адрасе: г, Вільня, Валакупіў, 5. Потым мяркуецца
экспанаваць яе ў іншых еўрапейскіх сталіцах, дэманстраваць у Беларусі з запрашэннем гісторыкаў і краязнаўцаў. Пра падзею распавёў магістрант Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Кірыл
Атаманчык.
24 сакавіка адбыўся ўрачысты прыём у Віленскай гарадской ратушы, арганізаваны мэрыяй Вільні, Літоўскім парламентам і прадстаўнікамі беларускай дэмакратычнай супольнасці. Прыём адкрыў дырэктар
грамадзянскага палітычнага прадстаўніцтва ў Вільні Алег Мяцеліца. Прадстаўнікі Віленскай мэрыі выказалі сваю падтрымку і салідарнасць з тымі, хто на Беларусі працягвае змагацца за правы
грамадзянаў, за магчымасць быць вольнай краінай. Яны выказалі ўпэўненасць, што настане такі дзень, калі з такой жа годнасцю і ўрачыстасцю свята заснавання дзяржаўнасці будзе адзначацца на Беларусі на
самым высокім узроўні.
Да прысутных звярнуўся дэпутат Літоўскага парламента Эмінуэліс Зінгерыс. Ён адзначыў, што Польша і Літва зрабілі этычны крок, калі падтрымалі санкцыі Еўразвяза супраць 29 кампаній. “Мы
хочам, -- сказаў ён, -- каб і вы сябры, далучыліся да нармальнага жыцця еўрапейскіз краінаў, каб вы патрапілі ў зону, дзе дзейнічаюць справядлівыя і маральныя прынцыпы ў палітыцы і ў
жыцці.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў сходу выступіў сябра Рады БНР спадар Хведар Нюнька. Прарэктар па вучэбнай рабоце ЕГУ Аляксандр Калбаска павітаў выкладчыкаў універсітэта, якія напрацягу
20-ці гадоў развіваюць незалежную адукацыю, фармуюць
сучасную гуманітарную думку ў духу еўрапейскіх свабодаў і правоў чалавека.
Прыём ў ратушы дапоўніў святочны канцэрт. Напоўненае моцай і прыгажосцю выступленне мужчынскага хору “УНІЯ, які ўзнёс хваласпеў Богу і Беларусі, натхніла ўсіх прысутных.
25 сакавіка адбылося ўрачыстае ўскладанне кветак сігнатарам акту абвяшчэння незалежнасці братам Луцкевічам на могілках Роса.
Святкаванне 94-тай гадавіны БНР завершылася аўтапрабегам з бел-чырвона-белымі беларускімі і літоўскімі нацыянальнымі сцягамі па вуліцах старажытнай сталіцы ВКЛ.
Імпрэзы і набажэнствы ў гэтыя дні адбыліся ў Бэльгіі, Вялікай Брытаніі, Чэхіі, святочныя мерапрыемствы прайшлі таксама ў Нямеччыне, Польшчы, Латвіі, Эстоніі, іншых краінах Эўропы і ў Амэрыцы.