Былы «азотавец»: Я сказаў хлопцам на заводзе, што забойства Ромы Бандарэнкі і на іх сумленні
Звольнены па артыкуле рабочы «Гродна Азота» распавёў «Салідарнасці», як змянілася яго жыццё пасля сыходу ў страйк і страты працы.
Вадзім Венскі адпрацаваў на заводзе 18 гадоў. У канцы
кастрычніка мінулага года ён далучыўся да агульнанацыянальнага страйку і
падтрымаў патрабаванні, у спісе якіх: сыход з пасады прэзідэнта Аляксандра
Лукашэнкі, спыненне гвалту ў дачыненні да мірных грамадзян з боку сілавікоў, вызваленне
палітвязняў і спыненне пераследу грамадзян па палітычных матывах.
— Маё жыццё ў корані змянілася, — кажа Вадзім. — Прыкладна праз
два тыдні пасля звальнення мяне адпусціла і я цвяроза зірнуў на тое, што
адбылося. Трохі шкада тых хлопцаў, якія так і не зведалі сабе цану і
працягваюць рабскае існаванне. Гэта іх выбар.
Зараз Вадзім зарабляе на жыццё стварэннем драўляных цацак і
сувеніраў. У брэнда «venskawoods» ёсць прыхільнікі па ўсім свеце.
— Тое, да чаго я ў выніку прыйшоў, — вынік пошукаў рызык,
жадання навучыцца новаму. Ніша, у якой я працую, вольная. Уваход у «бізнес» не патрабуе сур'ёзных укладанняў, і справа пачынае прыносіць
прыбытак практычна з першых крокаў. Толькі адна праблема: працаваць трэба, а
калі хочаш зарабляць вялікія грошы — шмат працаваць, — смяецца Вадзім. — Калі
працуеш на сябе, не даводзіцца чакаць, калі цябе за руку возьмуць і скажуць:
«Чувак, давай, рабі вось гэта з 8.00 да 20.00».
У хлопцаў, якія працягваюць хадзіць на працу, напэўна, ёсць
адчуванне нейкай стабільнасці. Таму што сёння на восем раніцы на працу, а
заўтра — начная змена. Здаецца, так будзе заўсёды.
Цяжка ўявіць выраз іх твараў, калі ўсё гэта скончыцца ў
пэўны момант. Калі скажуць, напрыклад: «Хлопцы, уваход на працу каштуе 20
рублёў», — я ўпэўнены, што большасць з іх пойдуць...
Пасля забойства Ромы Бандарэнкі я паспрабаваў дагрукацца да
сваіх былых калег, магчыма, быў жорсткім. Сказаў ім: «Хачу, каб вы ведалі, што
гэта і на вашым сумленні. Вы не стралялі, нікога не збівалі. Вы проста моўчкі "падавалі патроны"».
Ужо пачалі хапаць 13-гадовых. Магчыма, хтосьці чакае, што
пачнуць затрымліваць 10-гадовых... Потым немаўлят і цяжарных. Можа, і тады
хтосьці не зробіць высноў.
Надышоў момант даць адказы на пытанні самому сабе, не
азіраючыся ні на каго. Я зрабіў усё, што мог, магчыма нават больш.
Тыя, хто застаўся на заводзе, — дарослыя людзі, самі
прымаюць рашэнні. Калі звольнілі нас, тых, хто сышоў у страйк, заробак на
заводзе паднялі, але ні адзін работнік не патэлефанаваў і не сказаў нам «дзякуй».
Паднялі іх і цяпер, таму што справы, мабыць, ідуць зусім
хрэнова — каб людзі не пачалі бегчы з карабля... Калі ты заканчваеш год з
мінусам у 40 мільёнаў долараў — гэта адно («Гродна Азот» скончыў 2020 год з
чыстай стратай у 85 млн. рублёў. — Заўв. рэд.). А пасля да цябе прылятаюць санкцыі і
ты не можаш банальна купіць запчасткі на помпы. Менеджары, якія сядзяць на
заводзе, дзейнічаюць па мадэлі "калі ўсе класна — мы добрыя кіраўнікі, а калі
ўсё дрэнна — вы хрэновыя рабочыя».
На думку Вадзіма, штрэйкбрэхеры, якіх прывозілі на «Гродна
Азот» з іншых гарадоў, па сутнасці, выконвалі ролю шторкі на будынку, які
бурыцца.
— Чуў, што іх павезлі раней за тэрмін. Большая частка
штрэйкбрэхераў — «залётныя». Напрыклад, кагосьці злавілі на прахадной выпіўшым,
але не пакаралі, а потым адправілі на «Гродна Азот».
Вадзім лічыць, што вынік страйку важны і ўсё атрымалася
вельмі крута:
— Мітынгі, дэманстрацыі — гэта ўсё класна, але калі дайшло да
справы — кожны паказаў, хто ён ёсць. У нашай сітуацыі ў людзей была магчымасць
зрабіць запіс у гісторыі ад свайго імя. Яе потым будуць чытаць твае
ўнукі-праўнукі. Прыйдзе час, спытаюць: «Дзядуля, а ты чаго?» Што ты ім
адкажаш? «Я спалохаўся»?
Знаёмы дзяліўся, як яго дзед у пачатку 50-х у Магадане нёс тэрміновую службу. Пытаюся: «Распавядаў табе нешта?» — «Не, не асабліва»,
— кажа.
Ну, вядома, калі ты б'еш чалавека прыкладам у зубы ці забіў
кагосьці, ты ж не будзеш пра гэта нявесце сваёй распавядаць або ўнукам. Рабі
высновы з гісторыі дзеда і не здзяйсняй яго памылак.
Доўгія гады нас прывучалі, што за нас усё вырашаюць. Скажам,
на заводзе ёсць праца ці не — гадзінны тарыф аднолькавы. Начальнік прыйшоў,
накрычаў, выставіў патрабаванні, можаш сказаць яму, куды ісці і што рабіць. Але
ты як бы і не можаш, таму што ў цябе ўсё добра.
А цяпер прыйшоў час, калі адказы трэба было даваць сабе: што
асабіста ты зрабіў, каб жыць па-іншаму? Пара ўжо прымаць рашэнні і станавіцца
самастойным, а не чакаць, калі за цябе ўсё зробяць.
...Мы вельмі часта бачым перамогу такой, якой намалявалі яе
сабе, але, як правіла, часцей за ўсё адбываецца так, што перамога ўжо здарылася,
а мы пра яе яшчэ не ведаем.