Былы палітвязень Дзяніс Дземух: Турма — не тое месца, дзе трэба падаць духам

У свае 22 гады былы палітвязень Дзяніс Дземух шмат праз што прайшоў. У 8 месяцаў ён страціў маці, у 5 гадоў — бацьку. Потым — інтэрнаты, прыёмная сям’я, жыццё ў Італіі. Неўзабаве па вяртанні на радзіму хлопец, які марыў звязаць жыццё з валейболам і прамымі трансляцыямі, атрымаў 1,5 года калоніі за ўдзел у маршах пратэсту.

dzjanis_dzemuh_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas9_logo.jpg


27 снежня мінулага года Дзяніс Дземух цалкам адбыў пакаранне і выйшаў на волю. Ён распавёў «Новаму Часу» пра тое, як жыў апошнія 15 месяцаў, чаму не прызнаў віну і адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні, а таксама пра сваю будучую кнігу.
— Я ўсё яшчэ ў эйфарыі, да сяе пары не магу паверыць, што я на волі, — прызнаецца Дзяніс Дземух праз тыдзень пасля вызвалення з віцебскай калоніі №3.
Насамрэч у хлопца былі сур’ёзныя падставы сумнявацца ў тым, што яго адпусцяць: апошнія 7 дзён свайго тэрміну ён правёў у ШІЗА. Агулам у Дзяніса за час зняволення адбылося 17 парушэнняў.
— Некаторыя парушэнні былі па справядлівасці — намагаўся камусьці штосьці даказаць. Але адно, напрыклад, было за няголенасць, хаця я быў паголены. Другое парушэнне — размовы ў шыхце падчас праверкі, трэцяе — за пакіданне лакальнага ўчастка. У той дзень (калі атрымаў трэцяе парушэнне. — НЧ) у мяне быў валейбольны матч, і мне трэба было схадзіць у суседні атрад, каб узяць мяч, бо ў нас не было. Я павінен быў знайсці дзяжурнага па пляцы, але яго не было. Я падумаў, што магу выйсці на 5 хвілін, і калі ўжо вяртаўся з суседняга атрада, убачыў дзяжурнага. Гэта быў аператыўны работнік, а для іх напісаць паперу на зняволенага — гэта «птушачка». Я спрабаваў яму патлумачыць сітуацыю, але ён напісаў на мяне паперу за самавольнае пакіданне лакальнага ўчастка.
Калі ў зняволенага назбіраецца тры парушэнні, ён становіцца «злосным парушальнікам», і яго могуць адправіць у штрафны ізалятар. Так Дзяніс атрымаў першыя 7 сутак ШІЗА.
— Я адседзеў гэтыя 7 сутак, ніхто не рабіў ніякіх заўваг. Але на ранішняй праверцы да мяне чапляюцца, маўляў, за антысанітарыю ў памяшканні. На мяне пішуць паперу і даюць яшчэ 8 сутак ШІЗА з выхадам на працу. Працаваў там унутры, калоў трэскі. Спачатку норма была 8 сетак на чалавека за 4 гадзіны, потым 20. Але гэта можна было зрабіць.

dzjanis_dzemuh_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas11_logo.jpg


Дзяніс распавядае, што да палітзняволеных у калоніі стаўленне з боку адміністрацыі было больш жорсткім, чым да звычайных вязняў. Напрыклад, калі парушэнні будуць у чатырох чалавек, і сярод іх будзе адзін палітзняволены, то яго адправяць у ШІЗА, а астатнія абыйдуцца вымовай ці 101-м артыкулам («Прыцягванне зняволеных да працы без аплаты»).

Зламанае рабро і збіццё за беларускую мову

dzjanis_dzemuh_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas10_logo.jpg


Дзяніса Дземуха затрымалі 4 кастрычніка 2020 года пасля Марша вызвалення палітвязняў. Тады ён дайшоў з іншымі пратэстоўцамі да Акрэсціна, а потым дамовіўся сустрэцца з сяброўкай у краме на праспекце Дзяржынскага. Прабыўшы там дзве гадзіны, Дзяніс выйшаў, але да яго падыйшлі людзі ў цёмным адзенні і масках і павялі ў бус. Ён стаў задаваць пытанні, хто яны, і патрабаваў, каб яны прад’явілі дакументы, але дарма.
— Мяне кінулі тварам у падлогу, дасталі мой тэлефон і сталі крычаць, каб я даў пароль, іначай зламаюць рукі. Пароль я не даў, і мяне пачалі збіваць. Але я — чалавек вельмі моцнай загартоўкі, мяне цяжка гэтым зламаць. Усяго пабітага мяне прывезлі ў Цэнтральнае РУУС, але ніякай інфармацыі яны не атрымалі.
Потым мяне дапытвалі супрацоўнікі ГУБАЗа, нават прапаноўвалі супрацоўнічаць. Але я сказаў, што супрацоўнічаць з імі не буду. Пасля патрабавалі сказаць, хто нас фінансаваў, каб мы выходзілі. Але я на гэта адказваў толькі: «Вы мяне не зламаеце, я вас не баюся. Вы — ніхто, вы страцілі сваю годнасць і ўсё чалавечае».
Потым быў вопіс рэчаў, халодны «стакан», дзе сядзелі чацвёра затрыманых. Праз паўгадзіны іх вывелі ва ўнутраны двор і закінулі ў аўтазак, дзе пачалі збіваць за малейшы рух.
— Там быў чалавек, які пачаў размаўляць на беларускай мове, не ведаю, як яго завуць. Але на гэта адзін з супрацоўнікаў сказаў: «Ты што на нянашай мове размаўляеш, абнаглеў?». І пачаў яго біць. Потым чарга дайшла да мяне: «Што табе не падабалася, навошта ты выйшаў?». Я маўчаў, бо разумеў, што ў любым разе атрымаю. У выніку мяне ўдарылі тры разы ў рэбры, і калі я ўжо прыехаў на Акрэсціна, зразумеў, што ў мяне зламанае рабро. Медыцынскую дапамогу мне ніхто не аказаў. А калі вывелі таго чалавека, які размаўляў па-беларуску, ён быў проста ў шокавым стане, нават апрануцца не мог.

Чакаў, што дадуць тры гады

На Акрэсціна першыя чацвёра сутак Дзяніс Дземух правёў у ІЧУ, потым яго перавялі ў ЦІП. 5 кастрычніка над ім адбыўся адміністрацыйны суд па арт. 23.34. Працэс адбыўся па скайпе, Дзянісу прысудзілі 13 сутак. Потым яго адвялі на допыт да аператыўных супрацоўнікаў, якія запытваліся, каго ён ведае, спрабавалі дамагчыся пароля ад тэлефона, які хлопец так і не сказаў. На наступны дзень да яго прыехалі супрацоўнікі, якія дапытвалі яго ў РУУС. Прыехалі без папер, проста «пагаварыць».
— Сказалі: «Альбо ты нам усё кажаш, як ёсць, мы робім так, каб табе далі паўгода, адсядзіш на Жодзіна і пойдзеш. Не — 6 гадоў мінімум». У мяне сталі слёзы наварочвацца, але я сказаў: «Калі ў вас ёсць доказы — працуйце па іх. Не — я адседжваю 13 сутак і сыходжу».

dzjanis_dzemuh_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas7_logo.jpg


Але замест вызвалення 17 чысла Дзяніса прывялі да следчай, якая паведаміла, што на яго распачалі крымінальную справу па ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»).
Неўзабаве Дзяніса перавялі ў СІЗА на Валадарскага. За паўгода следчыя прыязджалі да яго ўсяго тры разы. Хлопец настройваўся на горшае і чакаў, што яму дадуць тры гады калоніі. Дзяніса абвінавацілі ў выкрыкванні лозунгаў і блакаванні транспарту, хоць напярэдадні на футбольным матчы ён сарваў голас і крычаць не мог, і сцвярджаў, што транспарт не блакаваў. На судзе віну Дзяніс Дземух не прызнаў, але ўсё адно атрымаў 1,5 года зняволення.
Да перавода ў калонію палітвязня адправілі ў Жодзіна, дзе ён таксама паспеў пасядзець у карцары.
Падчас этапу ў «сталыпіне» (так называюць вагоны для этапавання зняволеных) рукі Дзяніса закавалі ў кайданкі спераду, прыклаўшы далоні адну да адной тыльнымі бакамі. У такім стане ён павінен быў несці сумкі са сваімі рэчамі. Нягледзячы на тое, што рукі зацяклі ўжо праз пяць хвілін, кайданкі з хлопца не здымалі цягам усёй дарогі.

Адмова ад памілавання і апошні тэрмін у ШІЗА

У Віцебску, пасля трох тыдняў каранціна, Дзяніса выклікаў на гутарку загадчык гаспадаркай і спытаў, ці будзе той пісаць прашэнне аб памілаванні.
— Я адказаў, што не — іначай як я буду глядзець у вочы людзям, якія мяне падтрымлівалі і пішуць мне? — і цяпер не разумее былы палітвязень.

dzjanis_dzemuh_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas12_logo.jpg


У калоніі Дзяніса адправілі працаваць на разборку метала. Праца, праўда, з’явілася не адразу — 2,5 месяцы ў калонію не прывозілі правады. Задача была ў тым, каб здымаць з іх пластыкавую абмотку і даставаць алюміній. Спачатку норма была 35 кілаграм на аднаго зняволенага, потым стала 45 кілаграм. Дзяніса гэта абурыла, ён напісаў заяву, што ад працы не адмаўляецца, але норму лічыць завышанай. За гэта на хлопца паскардзіліся аператыўнаму работніку. Паколькі да гэтага ў палітвязня ўжо было парушэнне за тое, што ён спаў, неўзабаве яго зноў адправілі ў ШІЗА на 7 сутак. Гэта акурат і былі апошнія 7 дзён яго тэрміну, таму Дзяніс меў перасцярогі адносна свайго вызвалення з калоніі.

«Галоўнае — заставацца чалавекам»

Гаворачы пра сваё зняволенне, Дзяніс зазначае, што гэта для яго было жыццёвае выпрабаванне, з якім ён сутыкнуўся ўпершыню. Але былы палітвязень кажа, што ні пра што не шкадуе і перакананы, што ніхто, апроч саміх беларусаў, не зможа змяніць сітуацыю ў краіне. Ён і цяпер упэўнены: маўчаць нельга.
— Мы не павінны баяцца, што нас будуць збіваць. Мы павінны абараняць адзін аднаго і дапамагаць. Нам трэба было стаяць да канца, нібы нас залілі цэментам, не сыходзіць ноччу, і тады можна было б нешта змяніць, — лічыць Дзяніс.  

dzjanis_dzemuh_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas2_logo.jpg


Ён з дзяцінства зразумеў, што ў жыцці будуць перашкоды, якія давядзецца цяжка пераадольваць, таму выпрацаваў у сабе ўпартасць і мэтанакіраванасць.
— Аднойчы я сказаў сабе, што зраблю так, каб мая будучыня была добрай і радаснай, і каб тое, чаго не дадалі мне, было ў маіх дзяцей, — дзеліцца хлопец.  
Так, Дзяніс паставіў перад сабой мэту стаць прафесійным валейбалістам і дасягнуў яе. Ён як ніхто ведае, што перашкоды толькі загартоўваюць і робяць чалавека нязломным.
— Для мяне валейбол — гэта жыццё і выплеск эмоцый, я магу гуляць зранку да ночы. У Італіі я гуляў у прафесійнай лізе, калі вярнуўся ў Беларусь, гуляў у аматарскай. Потым быў перапынак, і мяне арыштавалі. Але нават у калоніі я быў капітанам, набраў сабе каманду і па завяршэнні спаборніцтваў мы занялі 3 месца, — распавядае Дзяніс.

dzjanis_dzemuh_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas3_logo.jpg


Былы палітвязень гаворыць, што адкрыты да кантактаў і гатовы дапамагчы парадай усім, у каго родныя і блізкія знаходзяцца за кратамі. Ён сустракаўся ў калоніі з многімі палітвязнямі: Ягорам Храменем, Віталём Пракапчуком, Канстанцінам Ханіным, Максімам Вінярскім, Іллём Турковым, Сяргеем Пятрухіным, Аляксандрам Бабічам, Сяргеем Пацукевічам, Віктарам Лосікам — агулам там было 86 палітзняволеных. Тым, хто стаіць на прафуліку (а на яго ставяць усіх «палітычных»), у калоніі тройчы на дзень праводзяць праверкі — у 10, 15 і 22 гадзіны. Але нягледзячы ні на што, па словах Дзяніса, хлопцы трымаюцца годна і не падаюць духам.
— Галоўнае там — не быць скотам, заставацца чалавекам. Гэта не тое месца, дзе трэба падаць духам. А яшчэ адміністрацыі не варта паказваць свой характар, — раіць суразмоўца.
Для Дзяніса найбольш цяжкімі былі ўмовы зняволення (асабліва знаходжанне ў халодным карцары), ён хварэў і разумеў, што ўсё гэта моцна б’е па здароўі. А вось маральны стан дапамагалі падтрымліваць прасякнутыя надзеяй і добрымі словамі лісты ад знаёмых і незнаёмых людзей. З затрымання ў кастрычніку і аж да студзеня ён не атрымліваў ніякай карэспандэнцыі, было адчуванне, што пра яго ніхто не ведае. Але ў студзені пайшлі лісты, і стала нашмат лягчэй. А калі яму ў жніўні залічылі дзень знаходжання ў СІЗА за 1,5 дня ў калоніі, настрой увогуле пайшоў угару.

dzjanis_dzemuh_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas4_logo.jpg


Але цяпер, на волі, Дзяніс Дземух таксама мае патрэбу ў дапамозе, бо, выйшаўшы з калоніі, ён мусіць пачынаць жыццё з нуля. У яго планах — вярнуцца ў валейбол і напісаць кнігу «439 дзён у няволі» (на гэта, па словах хлопца, яго натхніла Святлана Алексіевіч, «Чарнобыльскую малітву» якой ён прачытаў у італьянскім перакладзе).
Але пакуль застаюцца актуальнымі базавыя патрэбы ў пошуках жылля і працы. Калі вы маеце жаданне і магчымасць падтрымаць былога палітвязня матэрыяльна, то сродкі можна пералічыць на картку:
4496 5501 6156 2795, БПС СбербанкТэрмін дзеяння да 08/22Eldar Khalilau
альбо
4641 3200 3488 8478, Белгазпрамбанк
Тэрмін дзеяння да 09/25
KARTOCHKA CASHALOT

Калі вы жадаеце звязацца з Дзянісам Дземухам асабіста, яго кантакты ёсць у рэдакцыі.