Увага! Не дапусціце яшчэ адну смерць у калоніі

Маці палітвязня, актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Андрэя Войніча ў адчаі звярнулася да беларускага грамадства з просьбай дапамагчы ўратаваць жыццё яе хворага сына.

andrej_vojnicz.jpg

Андрэя Войніча праваабаронцы прызналі палітвязнем. Андрэя прысудзілі да сямі гадоў узмоцненага рэжыму за нібыта падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках (ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК) і ў фінансаванне і іншае матэрыяльнае забеспячэнне дзейнасці для падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках (ч. 3 арт. 293 КК).
Яго маці на сваёй старонцы ў фэйсбуку просіць уратаваць жыццё хворага сына, якому з кожным днём становіцца горш: ён мае патрэбу ў тэрміновай шпіталізацыі і перасадцы печані.

 «Мой сын, Андрэй Войніч, актывіст «Еўрапейскай Беларусі», быў незаконна прысуджаны абласным «судом»  Магілёва да 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. З 3 кастрычніка знаходзіцца ў ВК-15.

Андрэй смяротна хворы. У яго цыроз печані пасля віруснага гепатыту, цукровы дыябет, пухліна над наднырачнікамі, выдалены жоўцевы пухір, і мноства спадарожных ускладненняў. Ён мае патрэбу ў тэрміновай перасадцы печані, да арышту кожны месяц наведваў трансплантолага.

Неабходныя яму лекі я змагла адправіць толькі пасля 10 снежня. Як толькі Андрэя этапавалі ў ВК-15, больш за месяц ад яго не было ні лістоў, ні званкоў. Як аказалася, майго сына два разы трымалі ў ШІЗА.

Разам з адвакатам мы змагаліся за жыццё майго сына. Нядаўна справа зрушылася з мёртвай кропкі: Андрэй прайшоў медагляд, яму палегчылі працу, ён выйшаў на сувязь. Па ўсёй бачнасці, у турме яго давялі да крытычнага стану і проста спалохаліся, што сын памрэ. У калоніі не хочуць для сябе лішніх праблем.

Катаванні для Андрэя не скончыліся: лісты ад сяброў і іншых сваякоў яму не перадаюць. Перадач і спатканняў ён таксама пазбаўлены. У турме ў яго няма магчымасці падтрымліваць спецыяльную дыету.

Жыццё майго сына ў небяспецы! З кожным днём яму становіцца горш: ён мае патрэбу ў тэрміновай шпіталізацыі і перасадцы печані. Я патрабую неадкладнага вызвалення майго сына і аказанні яму медыцынскай дапамогі. Я звяртаюся да грамадскасці з просьбай падтрымаць майго сына, дапамагчы выцягнуць яго з палону і выратаваць яму жыццё».

 

vojnicz_cihanouski.jpg

Андрэй Войніч — актывіст «Еўрапейскай Беларусі», раней быў адным з удзельнікаў апазіцыйнага руху «Зубр». За ўдзел у мірных акцыях пратэсту ён даўно і неаднаразова зведваў рэпрэсіі з боку дзеючай улады: на яго ціснулі, штрафавалі, саджалі на суткі.

25 верасня 2020 года Андрэя затрымалі (разам з Ягорам Літвінкам, Настай Кібік і Паўлам Юхневічам) за «ўдзел у масавых беспарадках». У кватэру, дзе знаходзіліся актывісты «Еўрапейскай Беларусі», сілавікі трапілі адначасова праз вакно і дзверы: яны былі ў масках і са зброяй. У затрыманых канфіскавалі ўсю тэхніку, сцягі, асабістыя рэчы.

25 траўня 2021 года ў Магілёўскім абласным судзе абвясцілі прысуд па крымінальнай справе супраць сямі палітвязняў: сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Паўла Севярынца, блогера Дзмітрыя Казлова, грамадскай актывісткі Ірыны Шчаснай, актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Максіма Вінярскага і Андрэя Войніча. Суд пачаўся 12 траўня і праходзіў у закрытым рэжыме, бо, нібыта,»матэрыялы справы датычацца таямніцы, якую ахоўвае закон».

Палітвязняў абвінавацілі ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса, а Афнагеля і Войніча — яшчэ паводле ч.3 арт. 293 КК. Палітвязняў Паўла Севярынца, Яўгена Афнагеля і Андрэя Войніча асудзілі да 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Паўла Юхневіча, Дзмітрыя Казлова і Максіма Вінярскага — да 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Ірыну Шчасную — да 4 гадоў калоніі агульнага рэжыму.