Супраць палітзняволенай шматдзетнай маці ўжываецца фізічны і псіхалагічны гвалт

У тэлефонным званку з калоніі палітзняволеная Алена Маўшук у слязах паведаміла блізкім што любіць іх, але не вытрымлівае таго, што там адбываецца. Паводле слощ Алены, да яе ўжываюць фізічны і псіхалагічны гвалт.

maushuk.jpg

Таксама ініцыятыве dissidentby стала вядома, што Алену пазбавілі ўсіх перадач і спаткання з блізкімі, жанчына рэгулярна атрымлівае пакаранні і знаходзіцца ў прыгнечаным псіхалагічным стане.
Нагадаем, 45-гадовая Алена Маўшук была асуджаная на 6 гадоў пазбаўлення волі за падзеі ў Пінску 9-10 жніўня 2020 года. Яе муж быў асуджаны на 6,5 гадоў. У сям'і трое дзяцей.


У СІЗА Алена схуднела, перахварэла, у лістах скардзілася на тое, што ў яе адымаюцца ногі. Адразу пасля абвяшчэння прысуду Алена напісала ў сшытку «Я павешуся» і паказала зале.
Як паведаміла Алена ў сваіх лістах, яе ў СІЗА паставілі на ўлік як «схільную да захопу адміністрацыі з захопам закладнікаў і праяў агрэсіі».
Пасля апошняга званка маці блізкія занепакоеныя яе станам і перажываюць за яе жыццё.
Вы можаце падтрымаць Алену Маўшук лістамі і паштоўкамі. Але, улічваючы стан жанчыны, блізкія просяць пісаць максімальна нейтральныя рэчы.
Адрас для лістоў: ПК №24. 247526, вул. Вытворчая, 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць. Маўшук Алене Уладзіміраўне.