Святары, якія жадаюць падтрымаць палітвязняў, выбіраюць непублічны шлях
Сярод беларускіх палітвязняў нямала веруючых хрысціян. Святары іх падтрымліваюць, але часцей — непублічна. DW сабрала некалькі гісторый.
20-гадовы Арцём Баярскі — з праваслаўнай сям'і, скончыў нядзельную школу ў Гродне. "Дома мы чыталі сумесныя малітвы, сыны ходзяць з намі на прычасце... Нейкія асновы ў Арцёма былі, але больш у веру ён пагрузіўся, калі трапіў у СІЗА", — расказвае маці юнака Вольга Баярская.
Баярскага затрымалі 24 сакавіка 2021 года ў студэнцкім інтэрнаце і прыгаварылі да 25 сутак адміністрацыйнага арышту нібыта за бел-чырвона-белы сцяг на адным з балконаў будынка. Пасля гэтага Арцём так і не выйшаў на волю. 9 снежня яго прыгаварылі да пяці гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму па абвінавачаннях у стварэнні і кіраўніцтве экстрэмісцкай супольнасцю і грубым парушэнні грамадскага парадку.
Адмовілі ў сустрэчы са святаром
У камеры СІЗА ў Арцёма ёсць Святое Пісанне, якое ён уважліва вывучае не адзін месяц. Па словах Вольгі, нават калі сына вазілі на суд, ён браў кнігу з сабой — чытаў, пакуль чакаў пачатку паседжання ў так званым "стакане" (маленькая камера. — Рэд.). "Арцём не проста чытае, а спрабуе зразумець. Па яго разважаннях, па тым, якія пытанні ён задае ў сваіх лістах, я бачу, які ў яго адбываецца духоўны рост", — адзначае Вольга.
Яна хацела перадаць сыну Малітваслоў, але ніякіх кніг у СІЗА не прымаюць, рэлігійная літаратура — не выключэнне. Таксама, па словах жанчыны, да зняволеных не пускаюць святароў.
"Ведаю, што пасля суда з Арцёмам хацеў сустрэцца святар, але атрымаў адмову, — кажа яна. — Людзі год сядзяць у СІЗА і не могуць пабачыцца са святаром, спавядацца, але гэта чамусьці не цікавіць Беларускую праваслаўную царкву (БПЦ)".
Як парушаюцца правы веруючых палітвязняў
Рабочая група "Хрысціянская візія", прадэмакратычнае міжканфесійнае аб'яднанне хрысціян, якое ўзнікла падчас пратэстаў у Беларусі, вядзе маніторынг пераследаў па падставах, звязаных з рэлігіяй. Праваабаронцы групы збіраюць факты аб ушчамленні свабоды рэлігіі ў дачыненні да затрыманых, арыштаваных і зняволеных.
“Мы вядзем базу даных вернікаў палітвязняў і палітвязняў, якія маюць патрэбу ў духоўнай дапамозе. Большая частка працы адбываецца непублічна, — адзначае тэолаг Наталля Васілевіч. — Даведаемся аб духоўных патрэбах людзей, аб тым, як да іх веры і яе выказвання ставіцца адміністрацыя ізалятараў ці папраўчых устаноў, даем кансультацыі наконт арганізацыі пастарскіх візітаў. Калі такім візітам перашкаджаюць, арганізуем кампаніі салідарнасці, прыцягваем увагу праваабаронцаў і хрысціянскай супольнасці ў Беларусі і за яе межамі".
Па словах суразмоўцы DW, да вядомага беларускага апазіцыянера Паўла Севярынца пасля прысуду суда змог патрапіць святар, а палітвязням Віктару Сядову і Арцёму Баярскаму суддзі, якія разглядалі іх справы, у сустрэчы са святаром адмовілі. Каталіцкаму верніку Мікіту Емяльянаву прыйшлося аб'яўляць галадоўку ў знак пратэсту супраць таго, што яму не дазваляюць наведванне святара. Гэта выклікала рэзананс, і Мікіту здолеў наведаць біскуп Аляксандр Яшэўскі. "Ад гатоўнасці святароў прыйсці да зняволеных не шмат залежыць, усё адбываецца "з ласкі" адміністрацыі турмы, хочуць — дазваляюць, не хочуць — не дазваляюць", — кажа Васілевіч.
Пазіцыя цэркваў у Беларусі
Афіцыйную пазіцыю праваслаўнай і каталіцкай цэркваў адносна палітвязняў даследчыца тлумачыць тым, што царква ў Беларусі несвабодная. "Як толькі летам 2020 года царкоўныя лідары паспрабавалі сказаць хоць нешта на тэму гвалту і беззаконня, адразу рушыла ўслед рэакцыя ўладаў: мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч не змог уехаць у Беларусь, а мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, які ўзначальваў БПЦ, — пазбавіўся сваёй пасады, — нагадвае Васілевіч. — Цяпер абедзве царквы ўзначальваюць, хутчэй, лаяльныя рэжыму лідары, якія не будуць "лезці на ражон" дзеля пераследаваных гэтым рэжымам людзей".
Святары, якія жадаюць падтрымаць палітвязняў і дапамагчы іх сем'ям, сёння ў асноўным выбіраюць непублічны шлях. Між тым, паводле слоў Наталлі Васілевіч, некаторыя святары выступалі ў абарону палітвязняў адкрыта. Святар Уладзіслаў Багамольнікаў год таму нават абвясціў галоўку ў падтрымку блогера Ігара Лосіка, а ліст з просьбай спыніць крымінальны пераслед маці пецярых дзяцей Вольгі Залатар падпісалі 70 каталіцкіх святароў. А пасля прысуду сыну святара Андрэю Аўсіевічу, асуджанаму на 3,5 гады за каментар, святар аднаго з галоўных храмаў БПЦ падчас нядзельнага набажэнства заклікаў вернікаў пісаць зняволенаму лісты падтрымкі.