«Маўчаннем прадаецца Бог». Архіепіскапа Арцемія, які выступіў супраць гвалту, пазбаўляюць пасады

У Мінску прайшло пасяджэнне Сінода Беларускай праваслаўнай царквы. Па яго выніках было прынята рашэнне аб вызваленні ад пасады архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія.

0dcde9e1e59f37c199ae2f66b3222011.jpeg


Пасля прэзідэнцкіх выбараў архіепіскап Арцемій стаў адным з нямногіх іерархаў Беларускай праваслаўнай царквы, хто адкрыта выказаўся аб тым, што адбываецца ў Беларусі, піша «Беларускі партызан».

Адразу пасля жорсткага падаўлення пратэстаў ён заявіў у адной з пропаведзяў, што «мы не гаворым, якая там палітыка, які палітык, якая ўлада. Мы гаворым аб тым, што чыніцца беззаконне. Нашы людзі проста звярэюць і раздзіраюць сваіх жа братоў».

Цяперашняй вясной Арцемій зноў ускосна выказаўся пра сітуацыю ў краіне і заявіў, што «ісці шляхам прыстасаванства — гэта шлях самазнішчэння».

Аднак, як высветліла «Наша Ніва», рашэнне, можа быць, і было такое прынятае, але яно не канчатковае. Любыя рашэнні БПЦ павінны быць зацверджаны ў Маскве, бо насамрэч «Беларуская праваслаўная царква» — гэта простамоўная назва. Слушная яе назва — «Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхата Рускай праваслаўнай царквы».  

«Я вам скажу шчыра і без хітрыкаў: я не ведаю. На сённяшні момант ніхто вам не зможа гэтую інфармацыю ні пацвердзіць, ні абвергнуць. Беларускі Сінод прымае рашэнні, але абвешчаныя яны могуць быць толькі пасля таго, як іх разгледзіць патрыярх. Бывалі выпадкі ў гісторыі, калі наш Сінод прымаў тыя ці іншыя рашэнні, але яны не былі зацверджаныя», — гаворыць прэс-сакратар БПЦ іераманах Афанасій.

Прэс-сакратар Гродзенскай епархіі дыякан Дзмітрый Паўлюкевіч сказаў «НН» прыкладна тое ж самае. Паводле яго інфармацыі, РПЦ разгледзіць часопісы пасяджэння Беларускага Сінода прыкладна 17 чэрвеня.

Архіепіскапу Арцемію 69 гадоў. Ён нарадзіўся ў Мінску. Вучыўся ў Ленінградскай духоўнай семінарыі. Служыў святаром у Карэліі. У 1982 годзе вярнуўся ў Беларусь. У 1996 годзе пастрыжаны ў манаства. У тым жа годзе стаў епіскапам Гродзенскім і Ваўкавыскім.