Карбалевіч: Вялікая міна пад новае «свята»

Лукашэнка падпісаў указ аб заснаванні дзяржаўнага свята — «Дня народнага адзінства». Ён будзе адзначацца 17 верасня, але не будзе выхадным днём.

Савецка-нямецкі парад у Брэсце 22 верасня 1939 г.

Савецка-нямецкі парад у Брэсце 22 верасня 1939 г.


Па просьбе «Салідарнасці» пракаментаваў гэта палітолаг Валерый Карбалевіч.

— Варта ўдакладніць, што ўлады разумеюць пад «народным адзінствам» не ўвесь народ, а толькі тую частку, якая падтрымлівае Лукашэнку. Тыя, хто супраць, — гэта, уласна кажучы, не народ, а ворагі народа, і з ворагамі цырымоніцца не варта, — сказаў у экспрэс-каментары эксперт. — Таму калі ўлады кажуць пра народнае адзінства, Год адзінства, Дзень адзінства, — гэта азначае кансалідацыю прыхільнікаў Лукашэнкі.

Суразмоўца адзначае, што да пошуку новых памятных дат беларускія ўлады прымусіў звярнуцца поўны крах ранейшай ідэалогіі.

— Справа ў тым, што ўся ідэалагічная сістэма Лукашэнкі абрынулася ў мінулым годзе пры актыўным удзеле саміх улад. Цалкам разбураныя ўсе ідэалагемы: аб стабільнасці, аб шматвектарнасці, аб беларускай сацыяльнай мадэлі як эканамічна эфектыўнай, якую яшчэ называлі «усходнееўрапейскі эканамічны тыгр», аб Беларусі як аб донары рэгіянальнай стабільнасці і бяспекі. Усё рухнула, засталася голая сіла.

Летась улады не надта задумваліся над гэтай праблемай. Цяпер, калі сітуацыя больш-менш стабілізавалася, яны зразумелі, што адной грубай сілы мала, трэба нейкія ідэалагічныя падпоркі. І вось вырашылі прапанаваць не наратыў будучыні, а апеляцыю да мінулага, — кажа Валерый Карбалевіч.

Але, апелюючы да пэўнага перыяду ў гісторыі, на яго думку, ідэолагі не ўлічылі адзін «далікатны нюанс».

— Чамусьці ўлады вырашылі, калі моладзі раскажуць пра тое, які генацыд фашысты ладзілі супраць беларускага народа, то яна палюбіць Лукашэнку. Ён жа хоча абвясціць сябе спадчыннікам гэтай перамогі, а ўсіх сваіх праціўнікаў — спадчыннікамі фашызму. Гэта вельмі грубая маніпуляцыя, якая наўрад ці спрацуе.

Вядома, падзеі аб’яднання Усходняй і Заходняй Беларусі можна павярнуць і супраць Польшчы, і наогул супраць Захаду. Але ў гэтым свяце ёсць адзін вельмі далікатны нюанс. Вызваленне Заходняй Беларусі адбылося ў момант, калі Савецкі Саюз і фашысцкая Германія былі ваенна-палітычнымі саюзнікамі (з 1939 па 1941 год) і разам ваявалі супраць агульнага ворага — у дадзеным выпадку супраць Польшчы.

І тады Брэсцкую крэпасць бралі гітлераўскія войскі, пасля чаго ў Брэсце прайшоў іх сумесны парад з Чырвонай Арміяй.

У гэтым месцы ўзнікае вельмі тонкі нюанс: што ж мы святкуем? Так, аб’яднанне беларусаў у адну дзяржаву — гэта добра, але адбылося яно ў выніку саюзу з фашыстамі.

Гэты факт да гэтага часу спыняў як ідэолагаў савецкага мінулага, так і ўлад сучаснай Беларусі, таму што такі нюанс непрыемны і не хацелася на ім акцэнтаваць увагу.

А цяпер раптам вырашылі, што час зручны, дый яшчэ на фоне размоў аб рэабілітацыі нацызму і нават прыняцці адпаведных законаў! «Як жа так?» — абавязкова скажуць апаненты-гісторыкі.

Услаўленне гэтага перыяду, калі Савецкі Саюз і фашысцкая Германія былі саюзнікамі, пэўна, падкладвае пад гэтае свята вялікую міну, — сказаў Карбалевіч.