Час расплаты настае

З 2013 года Беларусь пачне разлічвацца па знешніх крэдытах — гэтай перспектывай эканамісты палохалі ўвесь папярэдні год. Цяпер для вастрыні праблемы нават лічбы прыводзяцца спецыфічныя — колькі зялёных банкнот Беларусь будзе аддаваць штосекунду сваім крэдыторам.  



daruju_1_logo.gif

Як паведамляе інфармацыйнае агенцтва БелаПАН са спасылкай на Міжнародны валютны фонд (МВФ), у 2013 годзе Беларусь павінна выплаціць па крэдыце МВФ 1,61 мільярда долараў ЗША. Як вынікае з графіка плацяжоў, найбольшыя выплаты ў 2013 годзе прыпадаюць на красавік, чэрвень і кастрычнік: у гэтыя месяцы Беларусь павінна будзе выплаціць па 270 мільёнаў долараў.

У 2014 годзе Беларусь, згодна з графікам, павінна выплаціць МВФ 1,37 мільярда долараў, у 2015 годзе — 85 мільёнаў долараў. Апошні плацеж па крэдыце stand by павінен быць праведзены 1 мая 2015 года. Пяць траншаў крэдыту ў рамках праграмы stand by на агульную суму 3,46 мільярда долараў Беларусь атрымала ад МВФ у 2009–2010 гадах. 

У 2011 годзе Беларусь выплаціла працэнтныя плацяжы па крэдыце ў памеры 83,5 мільёна долараў, у 2012-м — пяць плацяжоў на агульную суму 465,2 мільёна долараў.

Афіцыйны Мінск неаднаразова беспаспяхова звяртаўся ў МВФ з просьбай прадставіць чарговы крэдыт, аднак у фондзе спасылаюцца на негатоўнасць беларускага ўрада да глыбокіх структурным рэформаў, што неабходна для аднаўлення крэдытнага супрацоўніцтва.

У снежні мінулага года кіраўнік Нацбанка Надзея Ермакова, ацэньваючы магчымасці рэалізацыі новай праграмы з МВФ, заявіла: «Як вядома, урад і Нацыянальны банк распачалі паслядоўныя меры, накіраваныя на стабілізацыю эканомікі і сітуацыі на валютным і спажывецкім рынках краіны. Кіраўніцтва і эксперты фонду падтрымалі такія дзеянні, а таксама далі станоўчую ацэнку далейшым планам, накіраваным, у першую чаргу, на забеспячэнне макраэканамічнай стабілізацыі эканомікі, далейшае зніжэнне інфляцыі, павышэнне канкурэнтаздольнасці беларускай прадукцыі і паляпшэнне знешнегандлёвага сальда. ...Кіраўніцтва МВФ не адмаўляе магчымасць рэалізацыі новай праграмы. Аднак нам трэба будзе яшчэ зрабіць значную працу па выпрацоўцы і ўзгадненні ўмоў заключэння крэдытнай праграмы з фондам з улікам інтарэсаў Рэспублікі Беларусь, атрымання шырокай падтрымкі членаў савета дырэктараў. Мы плануем абмеркаваць з прадстаўнікамі фонду нашы далейшыя крокі ў гэтым кірунку вясной 2013 года. Заключэнне новай праграмы з фондам варта разглядаць не толькі як сумеснае ўзгадненне пэўных дзеянняў і атрымання пазык, а ў першую чаргу як пазітыўны сігнал, які можа дазволіць істотна павысіць інвестыцыйную прывабнасць нашай дзяржавы».

Агулам у 2013 годзе ў Беларусі на знешнія выплаты па крэдытах мусіць знайсці 3,1 мільярда долараў ЗША. Раней міністр фінансаў Андрэй Харкавец заяўляў, што ўрад будзе шукаць магчымасці рэфінансаваць пазыковы пакет, у прыватнасці праз траншы крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, размяшчэнне дзяржаўных аблігацый.

Паводле Харкаўца, у 2013 годзе па паказчыках эканамічнай бяспекі Беларусь будзе знаходзіцца «у стабільнай сітуацыі». Знешні дзяржаўны доўг складзе 21,1% ВУП (мы маем парог не больш за 25%), унутраны дзяржаўны доўг складзе 3% пры парозе не больш за 20%, плацяжы па абслугоўванні дзяржаўнага доўгу — 7,8% ад даходаў рэспубліканскага бюджэту (парогавае значэнне — не больш за 10%).

Эканаміст Глеб Шымановіч займаўся даследаваннем знешняга доўгу Беларусі. Эксперт звяртае ўвагу, што нарошчванне даўгавой масы пачалося пасля 2007 года. І асноўнай прычынай росту валавога знешняга доўгу Беларусі з’яўляецца актыўнае адміністрацыйнае рэгуляванне эканомікай, у тым ліку дырэктыўнае крэдытаванне. Мэтай гэтых крэдытаў было падтрыманне высокіх тэмпаў росту эканомікі, але няўстойлівасць такога росту вядзе да назапашвання структурных дысбалансаў.

«Беларусь наўрад ці можа разглядацца як надзейны пазычальнік. У такіх умовах магчымасці новых запазычанняў абмежаваныя толькі двухбаковымі пагадненнямі з урадамі іншых краін або міжнароднымі арганізацыямі і звязанымі банкаўскімі крэдытамі. Абмежаванасць рэсурсаў і звязаная з гэтым ўразлівасць у перагаворным працэсе яшчэ раз падкрэслівае, што Беларусі неабходна перагледзець эканамічную палітыку, каб мінімізаваць запатрабаванні ў знешнім крэдытаванні. Асноўнай задачай павінна стаць захаванне макраэканамічнай стабільнасці, а не высокіх тэмпаў росту. Маецца на ўвазе жорсткая фіскальная і манетарная палітыка, што спрыяла б стабілізацыі цэн і абменнага курсу, а таксама збалансаванасці бягучага рахунку плацежнага балансу», — адзначае Шымановіч.

Цікава, што ў пачатку студзеня Белстат распаўсюдзіў інфармацыю аб пераглядзе ацэнкі росту ВУП (у бок павелічэння, натуральна). Так, Беластат прагназуе, што росту ВУП Беларусі ў трэцім квартале 2012 года складзе 3,1% (раней называлася лічба ў 1,9%), у другім квартале — 3% (было 2,9%), у першым — 3,4% (было 3,1%).

Агулам жа рабіць прагнозы на бягучы год даволі складана: няма доўгатэрміновай пэўнасці з пастаўкамі вуглевадароднай сыравіны з Расіі (што даўно ратуе Беларусь у цяжкія моманты), невядома, як складзецца сітуацыя са знешнегандлёвым балансам. Канешне, на крайні выпадак заўсёды можна залезці ў золатавалютныя рэзервы рэспублікі. Цяпер жа па нервовых рэйдах на прадпрыемствы высокіх чыноўнікаў можна зразумець, што сітуацыя насамрэч не «ўпэўнена стабільная» і што якраз радыкальных метадаў ратавання ім хочацца пазбегнуць.