Цэнтральны раён Мінска адмовіўся ад пабелкі дрэў. І заклікае іншых рушыць услед іх прыкладу
Паводле слоў першага намесніка кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёна сталіцы Вадзіма Пярэдні, пабелка дрэў у горадзе «немэтазгодная і ўносіць разнабой у агульныя падыходы да добраўпарадкавання сталіцы».
Адміністрацыя Цэнтральнага раёна таксама адмовілася ад практыкі фарбаваць бардзюры ўздоўж праезнай часткі.
«Існуюць канкрэтныя выпадкі, у якіх трэба праводзіць афарбоўку бардзюра. Напрыклад, калі гаворка ідзе пра астраўкі бяспекі. Фарбаваць бартавы камень самавольна не варта», — адзначыў Вадзім Пярэдні.
Як адзначана ў Правілах добраўпарадкавання і ўтрымання Мінска, «пабелка дрэў у парках, скверах і бульварах не прадугледжваецца». Як распавяла журналістам кіраўнік службы па добраўпарадкаванні і ўтрыманні аб’ектаў зялёнай гаспадаркі УП «Мінскзеленбуд» Анжаліка Пузанкова, сталічныя азеляніцелі зялёныя насаджэнні не беляць. Чаго нельга сказаць пра кіраўніцтва многіх устаноў і прадпрыемстваў.
У мінулым годзе ў Беларусі была запушчана петыцыя, у якой падпісанты прасілі даць экспертную ацэнку мэтазгоднасці пабелцы ствалоў дарослых дрэў у гарадах. У Інстытуце эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі на гэты калектыўны зварот адказалі, што пабелка ствалоў мэтазгодная толькі для пладовых дрэў у садках, але не ў горадзе.
Цікава, што практыка пабелкі дрэў у гарадах бярэ свае карані з часоў Другой сусветнай вайны. Белыя ствалы дрэў дазвалялі транспарту перасоўвацца па дарогах ноччу,
Вось, што пра гэта піша Арцемій Лебедзеў: «Традыцыя фарбаваць белым дрэвы і бардзюры пачалася з Другой сусветнай, гэта рабілася ўздоўж транспартных артэрый для таго, каб аўтакалоны маглі перасоўвацца ў цёмны час сутак з выключанымі фарамі галаўнога святла — так аўтакалоны былі непрыкметныя для варожай авіяцыі, але пры гэтым мелі арыенцір для перамяшчэння. Ніякага дачынення да эстэтыкі і ўпрыгожвання гарадоў гэтая з’ява не мела».
Аднак з заканчэннем вайны, неабходнасці ў пабелцы ўжо не было, але традыцыя засталася. Так, на думку многіх, дрэвы, а разам з імі і гарады выглядаюць дагледжанымі. Іншага практычнага сэнсу ў пабелцы дрэў, роўна як і ў афарбоўцы слупоў, няма.
Тым не менш, дрэвы працягваюць «упрыгожваць» фарбай ці вапнай з клеевым дадаткам. Па словах спецыялістаў па ландшафтным дызайне, гэта недапушчальна. Кара дрэў павінна быць пранікальнай, бо праз яе ідзе газаабмен.
Пабелка зніжае пранікальнасць кары, з-за гэтага рэчывы горш перамяшчаюцца з кроны дрэва ў карані. Ад гэтага карані адміраюць раней часу і дрэвы слабеюць. Пабелка парушае натуральную структура кары і яе кіслотнасць — кара пушыцца і руйнуецца, што зніжае ўстойлівасць дрэў.
Паводле Зялёнага партала