Хто замаўляе заходнерусізм у Беларусі?

Заходнеруская актыўнасць у Беларусі з’явілася не на пустым месцы. Яе падтрымліваюць і інспіруюць тыя, хто марыць адчаканіць новы медаль са старым кацярыненскім надпісам “Отторженная возвратихъ".



miedalj_kaciaryny_u_pamiacj_padzielau_recy_paspalitaj.jpg

Медаль Кацярыны ІІ у памяць падзелаў Рэчы Паспалітай

Напрыканцы мінулага года ў Расійскім інстытуце стратэгічных даследаванняў у Маскве адбылася канферэнцыя «Уз’яднанне Беларусі і Расіі. Да 240-годдзя вызвалення Белай Русі з-пад польскага іга». Прысутнічалі на гэтым мерапрыемстве не толькі расійскія навукоўцы, але і дзеячы з Беларусі, Украіны і нават Польшчы.

Па сутнасці гэта былі зборы адэптаў заходнерусізму і расійскіх вялікадзяржаўнікаў, якія спрабуюць рэанімаваць пастулаты царскай і бальшавіцкай міфалогіі наконт «адзінай рускай нацыі і адзінай рускай прасторы».

Сенсацыя, высмактаная з пальца

Супрацоўнік усё таго ж Расійскага інстытута стратэгічных даследаванняў Алег Неменскі агучыў «сенсацыйныя» факты наконт «уз’яднання Беларусі і Расіі». Расія нібыта «не ўдзельнічала ў падзелах Польшчы», а забрала тое, што было спрадвечна расійскім.

На самай справе, землі Вялікага Княства Літоўскага, якія з цягам часу ўвайшлі ў саюз з польскай Каронай і стварылі дуалістычную манархію — Рэч Паспалітую, ніколі не былі часткай Маскоўскай дзяржавы. Апошняя на працягу некалькіх стагоддзяў спрабавала далучыць сілай «рускія» землі гістарычнай Літвы. Аднак літвіны са зброяй у руках не давалі Маскве рэалізаваць гэтыя захопніцкія планы.

Тут мы бачым спробу падмены тэрміна «рускі» ў дачыненні да ВКЛ, словам «расійскі», які, у сваю чаргу, звязаны з Расійскай імперыяй. Над фармаваннем ідэалагічнага абгрунтавання расійскай экспансіянісцкай палітыкі на працягу некалькіх стагоддзяў працавалі прыдворныя расійскія гісторыкі. Гэтымі напрацоўкамі потым карысталіся і бальшавікі, спрабуючы абгрунтаваць палітыку русіфікацыі.

Неменскі адзначае, што нібыта «польскай культуры ніколі не было ўласціва ўсведамленне сваіх этнаграфічных межаў, і ў гэтым яна адрозніваецца ад традыцыйнай рускай культуры». Аб чым гаворка, калі спачатку Маскоўская дзяржава жорстка і крывава далучыла да сябе суседнія княствы, а потым пайшла з мячом на ВКЛ? Дзе гэта разуменне этнічных межаў? Яго гістарычна не было. Масква, а потым і Расійская імперыя, кіраваліся адным — імперскімі амбіцыямі. Прычым, часцей за ўсё, свае экспансіянісцкія планы Расія рэалізоўвала не сваімі сіламі, а пры дапамозе знешніх саюзнікаў. Падчас падзелаў Першай Рэчы Паспалітай гэта былі Прусія і Аўстрыя, а ў 1939 годзе хаўруснікам Масквы стала нацысцкая Германія.

Старыя казкі пра праметэізм

Адным з удзельнікаў канферэнцыі быў украінскі палітолаг Уладзіслаў Гулевіч, які разважаў наконт ідэалогіі польскага праметэізму. Галоўным пастулатам яго выступу з’яўлялася старая ідэалагема расійскай гістарыяграфіі аб «прасоўванні польскіх інтарэсаў углыб адвечна рускіх тэрыторый». Ідэалогію польскага праметэізму, якая была скіравана на падтрымку нацыянальных ускраін Расіі і СССР, ён суадносіць — ні больш, ні менш — з нацызмам.

Дарэчы, гэты пастулат не новы. Ім карысталіся яшчэ савецкія, а зараз расійскія імперскія эліты, якія з дапамогай СМІ спрабуюць стварыць з Польшчы 1920–1930-х гадоў галоўнага ворага Расіі і СССР. Гэта, дарэчы, перагукаецца з бальшавіцкай прапагандай 1930-х гадоў, калі савецкія газеты не эканомілі адмоўных эпітэтаў на адрас Другой Рэчы Паспалітай.

Маскоўскае бачанне канцэпцыі Мірашэўскага—Гедройца

Старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута славяназнаўства РАН Вадзім Валабуеў спыніўся на крытыцы польскіх канцэпцый знешняй палітыкі, агучаных у сярэдзіне ХХ стагоддзя Юліўшам Мірашэўскім і Ежы Гедройцам. Па яго меркаванні, гэтыя канцэпцыі мелі пад сабой нібыта экспансіянісцкі падтэкст. Безумоўна, погляды польскіх навукоўцаў не былі прарасійскімі, але ў іх сутнасці ляжалі інтарэсы ўсходніх суседзяў Польшчы. І гэта галоўнае для беларусаў, украінцаў, літоўцаў ды іншых народаў.

Нагадаю, у аснове канцэпцый Мірашэўскага і Гедройца ляжала прызнанне таго, што Польшча мае мяжу на ўсходзе не з «вялікай» Расіяй, ці Савецкім Саюзам, а з незалежнымі дзяржавамі, «прасторай ULB» — Украінай, Літвой і Беларуссю. Ідэя гэтая з’явілася ў 1950–1960-х гадах, у часы панавання Савецкага Саюза ва Усходняй Еўропе.

У адной з публікацый Юліўш Мірашэўскі пісаў: «Ва Усходняй Еўропе — калі на гэтых землях калісьці запануе не толькі спакой, але і свабода, — няма месца ніякаму імперыялізму: ні рускаму, ні польскаму. Мы не можам гарлапаніць, што рускія павінны аддаць украінцам Кіеў, і патрабаваць у той жа час, каб Львоў вярнулі Польшчы. Гэта тая самая «падвойная бухгалтэрыя», якая ў мінулым рабіла немагчымым пераадоленне бар’ера гістарычнага недаверу паміж Польшчай і Расіяй. Рускія падазравалі, што мы антыімперыялісты толькі ў адносінах да іх — гэта значыць, што мы жадаем, каб месца рускага імперыялізму заняў польскі. Мы паводзім сябе як шляхціц, які страціў свой маёнтак».

Безумоўна, такі падыход не падабаецца Маскве, якая імкнецца вярнуць статус-кво, існаваўшае да 1991 года.

Пра «польскія міфы» і канцэпцыю панрусізму

Удзельнікам з Польшчы аказаўся прафесар Акадэміі гуманітарных навук ім. А. Гейштора ў Пултуску Дзмітры Карнаўхаў, які прысвяціў сваё выступленне аналізу польскіх «міфаў наконт заходнерускіх земляў» і асаблівасцям абгрунтавання экспансіі Польшчы і… Літвы на ўсход. Зразумела, што прафесар паўтарыў імперскія пастулаты, прынятыя ў расійскай і савецкай гістарыяграфіі. Насамрэч, гістарычная Літва была протапластам беларускай нацыі і дзяржаўнасці. Так што яна ніяк не магла наступаць на Беларусь. Што ж тычыцца паступовай паланізацыі эліт ВКЛ, дык гэта пытанне дастаткова добра вывучана ў беларускай ды польскай гістарыяграфіі.

Найбольш адыёзным удзельнікам мерапрыемства быў кіраўнік праекта «Заходняя Русь» Ігар Зелянкоўскі з Беларусі. Ён заклікаў ствараць «адзіную канцэпцыю гістарычнага працэсу Рускай праваслаўнай цывілізацыі». Канцэпцыю панрусізму, які ў выпадку Беларусі заключаецца ў «падыходах сучасных заходнерусістаў». Ён абрынуўся з крытыкай на нацыянальную беларускую гістарыяграфію, якая вывучае трагічныя падзеі паўстанняў 1794 і 1863–1864 гадоў менавіта з беларускіх пазіцый. Зелянкоўскі ў якасці ўзору падручніка па гісторыі назваў… «Историю государства Российского», у якой «уся гістарычная Расія была адзіным суб’ектам гісторыі». Каментарыі залішнія.

Трошкі раней у адным са сваіх артыкулаў, апублікаваных на расійскім сайце «Рэгнум», Зелянкоўскі абрынуўся з крытыкай на ўдзельнікаў сустрэчы прадстаўнікоў беларускіх апазіцыйных партый з кіраўніцтвам Рады БНР у Вільні 3 лістапада 2012 года. Дасталася ў тым яго опусе і беларускім навукоўцам, якія ўдзельнічалі ў навуковай канферэнцыі «Праблемы сучаснай беларускай ідэалогіі» ў Мінску. Усіх гэтых людзей заходнерускі ідэолаг запісаў у нашчадкаў прыслужнікаў Гітлера.

***

Варта падкрэсліць, што Расійскі інстытут стратэгічных даследаванняў быў створаны Указам прэзідэнта Расіі ў 1992 годзе. На сайце ўстановы адзначаецца, што яе «галоўнай задачай з’яўляецца інфармацыйна-аналітычнае забеспячэнне федэральных органаў дзяржаўнай улады пры фарміраванні стратэгічных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы нацыянальнай бяспекі». За ўсім гэтым пафасам крыецца простая фармуліроўка: «фарміраванне неаімперскай ідэалогіі».

Вось і ўсе абгрунтаванні правядзення такіх мерапрыемстваў. За заходнерускімі маргіналамі ў Беларусі стаяць афіцыйныя расійскія структуры.