Ці будзе НВЦ каля Курапатаў?

З 24 верасня каля 900 грамадзянаў — жыхароў розных рэгіёнаў Беларусі звярнуліся да прэм’ер-міністра краіны Сяргея Румаса з прапановай адмовіцца ад узвядзення Нацыянальнага выставачнага цэнтру (НВЦ) каля ўсходняй мяжы Курапатаў.  

kurapaty_zajava_10.4.18_logo.jpg


У звароце «Захаваем мемарыяльнае поле паміж Курапатамі і “Экспабелам!”» узгадваецца, што па даручэнні кіраўніка дзяржавы Саветам міністраў Беларусі падрыхтавана архітэктурная канцэпцыя НВЦ, дзе прадугледжана яго размяшчэнне паміж Курапатамі і «Экспабелам». Дзеля ажыццяўлення гэтага праекту рыхтуецца адпаведны ўказ Лукашэнкі.
У звароце зазначаецца, што ўрочышча з’яўляецца гістарычна-культурнай каштоўнасцю міжнароднага значэння пад назвай «Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930-х – 1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты».
«На курапацкіх пагорках ляжаць тысячы нашых з Вамі продкаў і суайчыннікаў — бязвінных ахвяраў сталінізму, таму Курапаты сталі святыняй усяго беларускага народу, сваім трагічным мінулым яны яднаюць нацыю і патрабуюць ад нас адказнага, шчырага і сумленнага стаўлення», — падкрэсліваецца ў звароце.
Яго падпісанты лічаць, што ўзвядзенне НВЦ у абраным месцы парушыць гістарычны выгляд поля з яго ландшафтам, краявіднымі пунктамі і грунтавой «Дарогай смерці», па якой людзей вазілі ў Курапаты на расстрэл, стане фактарам дадатковага моцнага антрапагеннага ўціску на ўрочышча, непазбежна паўплывае на ўспрыманне самога НВЦ і яго экспазіцый, прынізіць Курапаты як знакавы помнік айчыннай і сусветнай гісторыі.

kurapaty_30_hoddze_adkryccja_logo.jpg


Апошнія падзеі ў гэтым месцы смутку і пакаяння, у тым ліку планы ўзвесці НВЦ на полі паміж урочышчам і «Экспабелам», сведчаць пра тое, што ў курапацкім пытанні ўлады ігнаруюць пазіцыю беларускай і міжнароднай грамадскасці.
Падпісанты звароту ўпэўненыя, што для захавання Народнага мемарыялу ў Курапатах неабходна перайсці ад супрацьстаяння з грамадскасцю да ўзважанага дыялогу на грунце нарматыўна-прававых дакументаў, аргументаў спецыялістаў і спрадвечных каштоўнасцяў. На думку грамадскасці, асноўнай тэмай такога дыялогу павінна стаць захаванне гістарычнага поля паміж Курапатамі і «Экспабелам», дзе мяркуецца ўзвядзенне НВЦ.
Зыходзячы з таго, што абраная для будаўніцтва НВЦ пляцоўка не адпавядае архітэктурна-ландшафтнаму атачэнню як саміх Курапатаў, так і Нацыянальнага выставачнага цэнтру, грамадскасць прапануе Сяргею Румасу перагледзець тэрыторыю размяшчэння НВЦ і захаваць за полем паміж урочышчам і «Экспабелам» статус месца нацыянальнай памяці.
У адказе ад 24 кастрычніка намесніка міністра архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Аляксея Ананіча на зварот грамадскасці да Сяргея Румаса паведамлялася, што ўрад краіны разглядае магчымасць размяшчэння НВЦ на іншай тэрыторыі і вядзе распрацоўку альтэрнатыўнай архітэктурнай канцэпцыі.
Але ж у сталічнай ведамаснай газеце будаўнікоў «На стройках Минска» ад 19 снежня апублікаваны артыкул «Наша жизнь отражается в зданиях». Галоўны архітэктар інстытуту «Мінскпраект» Уладзімір Архангельскі прысвяціў публікацыю 75-годдзю праектнай установы, што будзе адзначацца ў наступным месяцы.
Аўтар паведамляе, што на пачатку бягучага году галаве дзяржавы быў прадстаўлены эскізны праект НВЦ (на полі паміж Курапатамі і «Экспабелам» — М.Г.). Пасля таго, як праект быў накіраваны на дапрацоўку, супрацоўнікі інстытута выканалі шэсць варыянтаў гэтай эскізнай прапановы. Між сабою яны розняцца філасофіяй, знешнім выглядам і ўмяшчальнасцю.
Найбольш цікавым варыянтам эскізнага праекту НВЦ для названай пляцоўкі Уладзімір Архангельскі лічыць адну з прапаноў і распавядае пра тое, чым яна вылучаецца.

kurapaty_nvc_zvarot_2_logo.jpg


Аднак дагэтуль, як паведамілі «Новаму Часу» дасведчаныя крыніцы, не прынята канчатковае рашэнне па месцы будаўніцтва НВЦ, паколькі размяшчэнне гэтага аб'екту на полі паміж Курапатамі і «Экспабелам» выклікала адмоўную рэакцыю грамадскасці і архітэктараў. Апошнія сваю пазіцыю тлумачаць эканамічнай немэтазгоднасцю праекту з-за вялізных выдаткаў на будаўніцтва неабходнай транспартнай інфраструктуры для забеспячэння нармальнай дзейнасці НВЦ на вызначанай пляцоўцы.
З гэтых прычынаў працягваецца пошук альтэрнатыўнага месца для ўзвядзення НВЦ.Паколькі гэтае пытанне не вырашанае, няма і адпаведнага ўказу кіраўніка дзяржавы. Таму пад пытаннем і лёс вылучанага Уладзімірам Архангельскім эскізнага праекту, бо на працяг працы над ім «Мінскпраект» не атрымаў адпаведны заказ.
У гэтай сітуацыі захоўвае актуальнасць працяг збору подпісаў пад зваротам грамадскасці да кіраўніка ўраду.