Ці можна выцягнуць беларусаў з беднасці без рэформаў?
Чаму афіцыйная статыстыка і незалежнае даследаванне па-рознаму ацэньваюць колькасць беларусаў, якія апынуліся за рысай беднасці?
Дадзеныя Белстата сведчаць аб тым, што дабрабыт беларусаў працягвае расці. У студзені-лістападзе 2017 года рэальныя наяўныя грашовыя даходы беларусаў выраслі на 1,5% да аналагічнага перыяду. А ў студзені-верасні сярэднедушавыя наяўныя рэсурсы былі ніжэй бюджэту пражытачнага мінімуму ў 5,9% насельніцтва.
Аднак у даследаванні BEROC «Дэтэрмінанты беднасці ў перыяд эканамічнага росту і яго адсутнасці. Ацэнка дынамікі беднасці ў Беларусі ў 2009-2016 гады» гаворыцца, што абсалютная беднасць у Беларусі за апошнія два гады павялічылася ў два разы і закранула 29% насельніцтва.
Чаму дадзеныя так адрозніваюцца, Заўтра тваёй краіны патлумачыў аўтар даследавання, навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Алег Мазоль.
– Дадзеныя Белстата не стаўлю пад сумнеў, але разам з тым маё даследаванне сапраўды паказала, што па стане на 2016 год колькасць бедных у Беларусі вырасла з 14 да 29%.
Што адбылося ў 2017 годзе, сказаць не магу, паколькі дадзеных для гэтага пакуль няма. Але зыходзячы з статыстыкі Белстата, якая сведчыць, што рэальныя даходы трохі выраслі, можна прагназаваць і скарачэнне паказчыка беднасці – аднак ён будзе нязначным, у межах 1-2%.
– У чым галоўнае адрозненне ў вашых падліках і дадзеных Белстата? Чаму паказчык тых, хто апынуўся за рысай беднасці так адрозніваецца?
– Афіцыйная статыстыка выкарыстоўвае параўнанне даходаў з бюджэтам пражытачнага мінімуму (ён складае 217,74 рубля – заўв.).
Я ж выкарыстаў падыход, заснаваны на супастаўленні выдаткаў хатніх гаспадарак і таго, якая колькасць калорый неабходна для кожнага чальца хатняй гаспадаркі (дарослага і дзіцяці – у залежнасці ад узросту і полу) для забеспячэння яго нармальнага функцыянавання. Выкарыстоўваўся міжнародна прызнаны інструментарый па ацэнцы беднасці.
– Як вы лічыце, якія ёсць шляхі выхаду з сітуацыі, калі значная частка насельніцтва апынулася за рысай беднасці?
– Думаю, без рэформаў немагчыма забяспечыць доўгатэрміновы рост дабрабыту грамадзян і, адпаведна, зніжэння беднасці ў краіне.
Разам з тым людзі павінны больш арыентавацца на сябе, і не чакаць, што дзяржпрадпрыемствы зноў стануць эфектыўна працаваць і забяспечаць рост дабрабыту. Па ўсім бачна, што эканоміка будзе расці ў межах 1-2% у год, урад мяркуе, што ў 2018 годзе рэальныя наяўныя даходы насельніцтва вырастуць на 3, 2%, але любы дадатковы стрэс у эканоміцы можа прывесці да яшчэ большага жабрацтва насельніцтва.
Адна з базавых мер па дапамозе людзям, якія апынуліся за рысай беднасці, – павелічэнне дапамогі па беспрацоўі.
— І як тут можна абысціся без бюджэтных сродкаў?
— З дапамогай прыцягненне прамых замежных інвестыцый. Але не для адкрыцця і пераносу «брудных» вытворчасцяў, як адбываецца цяпер (Светлагорскі ЦКК, акумулятарны завод пад Брэстам), а для стварэння інавацыйных прадпрыемстваў, якія выпускаюць прадукт з вялікім дададзеным коштам.
Ведаючы аб стварэнні новых эфектыўных працоўных месцаў, людзі маглі б планаваць сваю перападрыхтоўку і атрыманне новай кваліфікацыі, займацца самаадукацыяй.