Ці наважыцца кіраўніцтва Слуцка правесці «круглы стол» па Слуцкаму паўстанню?
Кіраўніцтву Слуцка не даюць забыць пра адсутнасць помніка ўдзельнікам Слуцкага збройнага чыну і ўшанаванне памяці слуцкіх паўстанцаў.
Спачатку грамадскія актывісты Слуцка ініцыявалі зварот па перайменаванні вуліцы Камсамольскай у вуліцу Слуцкіх паўстанцаў, а зараз да праблемы ўшанавання памяці Слуцкага збройнага чыну падключыліся і іншыя ініцыятыўныя людзі. З лістапада па студзень сябры Рады Руху «За свабоду» Аліна Нагорная і Алесь Лагвінец разам з актывістамі ініцыятыўнай групы «Дзея» збіраюць подпісы ў Слуцку за ўсталяванне помніка ўдзельнікам Слуцкага збройнага чыну.
Ініцыятарка збору подпісаў за ўсталяванне помніка Аліна Нагорная 25 студзеня накіравала зварот ў Слуцкі райвыканкам з просьбай правесці «круглы стол», прысвечаны Слуцкаму збройнаму чыну. Таксама грамадская актывістка звярнулася ў слуцкую раённую бібліятэку з просьбай у лютым даць бясплатна памяшканне для гэтага мерапрыемства, якое павінна складацца з прагляду фільма «40 дзён сялянскай рэспублікі», абмеркавання значэння гэтай падзеі ў гісторыі нашай краіны з улікам тых падзей, якія адбываюцца вакол нашай краіны зараз.
Плануецца запрасіць на мерапрыемства кіраўніцтва райвыканкаму, вядомых грамадскіх дзеячаў, гісторыкаў.Зараз грамадская актывістка чакае адказу на свой зварот і разам з сябрамі ініцыятыўнай групы «Дзея», сябрамі «Руху за свабоду» і Алесем Лагвінцом працягвае збіраць подпісы пад калектыўным зваротам па ўсталяванню ў Слуцку помніка слуцкім паўстанцам.
«Кіраўніцтву Слуцка будзе няпроста адмахнуцца ад гэтай тэмы, — выказала сваю думку актывістка. — У наш час, калі слова «незалежнасць» набыло новае гучанне, менавіта Слуцкае паўстанне з’яўляецца пераканаўчай падзеяй на шляху змагання за незалежнасць і дзяржаўнасць Беларусі і важкі аргумент у абарону суверэнітэту нашай краіны».
Да таго ж праз 3 гады будзе адзначацца 100-годдзе гэтай гістарычнай падзеі, а ў Слуцку да гэтага часу пра яе няма ніводнага памятнага знаку.
Таксама Аліна Нагорная праінфармавала, што 27 студзеня сябры ініцыятыўнай групы «Дзея» арганізуюць прагляд кінафільма «40 дзён сялянскай рэспублікі» і сустрэчу з гісторыкам Нінай Стужынскай у Мінску і запрашаюць зацікаўленых грамадзян паўдзельнічаць у мерапрыемстве. Яно адбудзецца ў офісе «Арт-сядзібы» (пр-т Незалежнасці,58, офіс 430) з 18 да 20 гадзін.
Алесь Лагвінец, які разам з Нагорнай актыўна ўдзельнічае ў зборы подпісаў за ўсталяванне помніку Слуцкім паўстанцам, паведаміў, што ў самім Слуцку ўжо сабраны каля 1000 подпісаў за помнік, таксама ствараецца грамадскі камітэт з вядомых беларусаў, каб разам паспрыяць станоўчаму рашэнню ўладаў.
«Культурная і палітычная спадчына гэтай велічнай акцыі — моцны гістарычны і ідэалагічны падмурак сучаснай незалежнай Беларусі. Сёння, ва ўмовах сур’ёзных знешніх выклікаў, гісторыя Слуцкага збройнага чыну — важкі аргумент на карысць суверэнітэту і дзяржаўніцкай традыцыі нашай краіны. Даўно надышоў час для перагляду нашай гістарычнай спадчыны, удзячных і справядлівых ацэнак мінулага. Вельмі спадзяемся, што ўлады ўрэшце гэта зразумеюць і пойдуць насустрач патрыятычнай прапанове грамадзянаў», — падкрэсіліў Алесь Лагвінец.