Міліцыя адмовілася заводзіць справу на сябра Руху «За Свабоду» за быццам бы абразу Лукашэнкі
Міліцыя скончыла праверку па заяве аб магчымай абразе сябрам Руху «За Свабоду» з Калінкавічаў Дзянісам Рабянком Аляксандра Лукашэнкі.
Жыхар Мачулішчаў Вячаслаў Сафронаў, вядомы сваімі адыёзнымі і прарасійскімі выказваннямі, у пачатку студзеня напісаў заяву на Дзяніса Рабянка, у якой прасіў пакараць яго за абразу Лукашэнкі на падставе публікацыяў у сацсетцы «Вконтакте». Міліцыя пачала праверку. Рабянок звязваў гэты зварот са т.зв. «справай „Рэгнума“», сайт якога ён патрабаваў заблакаваць за антыбеларускія матэрыялы.
«Калінкавіцкім РАУС па звароце Сафронава В.А. пра прыцягненні вас да крымінальнай адказнасці праведзеная праверка. Ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмоўлена», — сказана ў адказе з Калінкавіцкага РАУС за подпісам намесніка начальніка В.С. Гайкевіча.
«Я ацэньваю гэтае рашэнне, вядома, вельмі станоўча. Але цалкам буду спакойны, калі гэта пракуратура зацвердзіць, бо зараз справа там на праверцы, ці ўсё міліцыя правільна зрабіла», — сказаў сайту Pyx.by Дзяніс Рабянок.
Ён спадзяецца, «што, можа, улада, сапраўды, пачала разумець важнасць таго, што трэба бараніць незалежнасць» і нагадаў, што «пару дзён таму і сайт самы адыёзны заблакавалі „Спутнік і пагром“».
«Калі пракуратара зацвердзіць рашэнне міліцыі і справа цалкам спыніцца, то сустрэчных заяў падаваць не планую», — дадаў сябра Руху «За Свабоду».
Аднак, ён адзначыў, што пасля гэтай гісторыі быў вымушаны закрыць старонку, хаця і лічыць, што гэта «мо, і да лепшага». «Нашым лепшым адказам — будзе праца на карысць Беларусі і Беларушчыны», — заключыў Дзяніс Рабянок.
Вольга Быкоўская, pyx.by