Перайменаваць у Слуцку вуліцу Камсамольскую ў вуліцу Слуцкіх Паўстанцаў

Рух «За Свабоду» сабраў ужо больш за 500 подпісаў за перайменаванне ў Слуцку вуліцы Камсамольскай у вуліцу Слуцкіх Паўстанцаў.

33333_1.file

Збор подпісаў ініцыяваў у пачатку студзеня каардынатар руху «За Свабоду» ў Мінскай вобласці Віталь Амяльковіч. Петыцыя размешчана на рэсурсе zvarot.by. Збор подпісаў працягнецца яшчэ тры дні. 1 лютага подпісы будуць адпраўленыя адрасатам, паведамляе сайт руху «За Свабоду».
«Случчакі і я асабіста, усе тыя неабыякавыя людзі, якім важна захаваць памяць аб падзеях Слуцкага збройнага чыну, якія паважаюць свядомы выбар герояў нашай Радзімы, усе мы вельмі ўдзячныя тым, хто падтрымаў кампанію па перайменаванні ў горадзе Слуцку вуліцы Камсамольскай у вуліцу Слуцкіх Паўстанцаў», — пракаментаваў прагрэс у зборы подпісаў Амяльковіч.
Паводле яго слоў, «актыўнасць случчакоў і падчас рэальнага збору подпісаў, і падчас онлайн-кампаніі даказвае, што вуліца Слуцкіх Паўстанцаў станоўча ацэньваецца жыхарамі горада». «Мы робім важную і адказную справу і не маем права спыняцца», — падкрэсліў Амяльковіч.
Кампанія за вуліцу Слуцкіх Паўстанцаў будзе працягвацца нават пры адмоўным рашэнні гарадскіх уладаў, заяўляюць арганізатары. Яны адзначылі, што ўжо ёсць ідэі пра магчымыя публічныя акцыі ў Слуцку.Віталь Амяльковіч лічыць, што вуліца Слуцкіх Паўстанцаў абавязкова з'явіцца ў горадзе. «І ворагам Беларушчыны, і іх прыхвасням давядзецца прыняць гэты факт», — сказаў на заканчэнне абласны каардынатар руху «За Свабоду».
Паводле naviny.by