Ці можа міліцыянер пайсці ў дэкрэтны адпачынак?

Матэрыялы калонкі падрыхтаваныя кіраўніком праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» (г. Кіеў, Украіна) Алегам Волчакам.



6_2_volchek.jpg

Алег Волчак

Я ўладкаваўся на працу грузчыкам у начную змену на кантрактнай аснове. Ці з’яўляецца кантракт сапраўдным у выпадку, калі я не прайшоў медкамісію па адпаведных пунктах (праца грузчыкам, праца ў начную змену)? І ці маю я права не выйсці на працу праз дзень пасля таго, як напісаў заяву на звальненне?

Міхайлаў К.В., Мінск

Такой спецыяльнасці (прафесіі) як «грузчык у начную змену» не існуе. Сучасная дакументальная трактоўка гэтай прафесіі — «аператар пагрузачна-разгрузачных работ». У такой працы выкарыстоўваецца пераважна мускульная фізічная сіла чалавека для выканання наступных працоўных аперацый: пагрузкі, выгрузкі, кантавання, перакочвання і ўздымання цяжкіх (вялікай масы ці памераў) грузаў.

Асноўнымі патрабаваннямі да прафесіі аператара пагрузачна-разгрузачных работ з’яўляюцца: узровень фізічнай сілы, цягавітасць і стан здароўя вышэй за сярэднія паказчыкі (спартовая форма). Стан здароўя работніка па гэтай прафесіі вызначаецца праходжаннем медыцынскага агляду.

Фактычна, наймальнік усталёўвае вам такі графік працы — у начную змену. Кантракт з’яўляецца сапраўдным, таму, нягледзячы на тое, што вы напісалі заяву пра звальненне, гэта не дае вам права нявыхаду на працу.

У выпадку, калі вы не выйдзіце на працу, наймальнік мае права звольніць вас па артыкуле 42 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь — за прагул без паважлівай прычыны.

Калі будзе ўстаноўлена, што вы не можаце працаваць па гэтай спецыяльнасці, то наймальнік можа прапанаваць вам іншую лягчэйшую працу ці па дамове бакоў скасаваць кантракт.

Ці магу я зарэгістраваць старонняга чалавека ў непрыватызаваную 3-пакаёвую кватэру, у якой пражываю адна?

 Трухан А.П., Мазыр

Вы маеце права зарэгістраваць на сваёй жылплошчы старонняга чалавека. Паводле п. 4 арт. 56 Жыллёвага кодэкса РБ, наймальнік жылога памяшкання мае права прадаставіць грамадзяніну, з якім не заключана пісьмовая дамова пра прызнанне чальцом сям’і, права валодання і карыстання жылым памяшканнем, якое ён займае, на падставе дамовы паднайму жылога памяшкання ці шляхам прадстаўлення такога жылога памяшкання ў бязвыплатнае валоданне і карыстанне ў парадку, усталяваным, адпаведна, артыкуламі 66 і 69 Жыллёвага кодэкса.

   У вас ёсць выбар: ці заключыць дамову паднайму жылога памяшкання, у якім вы маеце права ўсталяваць плату паднаймальніку, ці прадставіць грамадзяніну часова жылое памяшканне ў бязвыплатнае валоданне і карыстанне. Якую б вы форму ні абралі, гэты грамадзянін будзе зарэгістраваны на вашай жылплошчы. Таксама варта параіцца з юрыстам ці вашымі сваякамі наконт гэтага рашэння, паколькі, калі вы зарэгіструеце грамадзяніна на сваёй жылплошчы, ён атрымлівае пэўныя правы на карыстанне і валоданне гэтым жылым памяшканнем.

Я — супрацоўнік міліцыі, мая жонка цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. Нядаўна жонцы прапанавалі працу ў прыватнай кампаніі з высокай заработнай платай. Мы вырашылі, што яна выйдзе на працу, а я замест яе пайду ў дэкрэтны адпачынак. Аднак маё кіраўніцтва не дазволіла мне сысці ў адпачынак, аргументуючы тым, мужчынам-міліцыянерам у дэкрэтны адпачынак хадзіць забаронена заканадаўствам! Хоць у Законе «Аб органах унутраных спраў», палажэнні «Аб праходжанні службы ў органах унутраных спраў», а таксама ў заключаным са мной кантракце такая сітуацыя не прапісаная. Якіх-небудзь іншых ведамасных прававых актаў, што рэгулююць дадзеную сітуацыю, я не знайшоў. Значыць, у адпаведнасці з артыкулам 185 Працоўнага кодэкса РБ, я маю права на адпачынак па доглядзе за дзіцем да дасягнення ім узросту трох гадоў.

Пытанне: ці правамерна мне адмовілі ў адпачынку па доглядзе за дзіцем? І што ў маёй сітуацыі неабходна зрабіць, каб пайсці ў такі адпачынак?

 Ціханаў П.А., Гродна

У адпаведнасці з пунктам 142 Указа прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 сакавіка 2012 г. № 133 «Аб пытанні праходжання службы ў органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь», сацыяльны адпачынак па доглядзе за дзецьмі можа быць прадстаўлены супрацоўніку, што з’яўляецца бацькам (апекуном) дзіцяці, які фактычна ажыццяўляе догляд за дзіцем або які выхоўвае яго без маці (у выпадку яе смерці, пазбаўлення бацькоўскіх правоў, працяглага знаходжання ў дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя і ў іншых выпадках адсутнасці апекі маці). На жаль, у дадзеным выпадку права працаўнікоў міліцыі па доглядзе за дзіцём у дэкрэтным адпачынку (бацькі) абмежаванае ў параўнанні з цывільнымі наёмнымі працаўнікамі. Улічваючы гэта, рэкамендую вам звярнуцца з пісьмовай заявай да вышэйшага начальніка і знайсці кампраміс.