«Ціск пачаўся не на нас, а на нашага малога». У Гомелі судзяць сына журналістаў
Суд Цэнтральнага раёна Гомеля 20 ліпеня пачаў разгляд адміністрацыйнай справы супраць 18-гадовага Юрыя Германовіча, якога АМАП затрымаў, калі той ішоў на пляж. Пра гэта паведамляе belsat.eu.
Юрый – сын журналісткі БелаПАН Алены Германовіч і журналіста «Камсамольскай праўды ў Беларусі» Паўла Міцкевіча. Раніцай 3 ліпеня ён з сябрам накіроўваўся ў бок пляжу на рацэ Сож. Паводле Юрыя, ён проста ішоў па вуліцы, калі двое мужчын папрасілі іх спыніцца, адзін з іх хутка паказаў пасведчанне.
«Яны запыталі, ці маем мы з сабой нешта забароненае. Мы адказалі, што нічога такога не маем. Пасля ім нешта сказалі па рацыі і нас павялі ў серабрысты бус, які стаяў ля прыпынку. У бусе сядзелі працаўнікі АМАП у форме», — распавёў Юрый.
Хлопцам не патлумачылі прычыны затрымання. На Юрыю была майка з надпісам «Краіна для жыцця» — пабачыўшы яе, АМАПаўцы сказалі: «Цяпер зразумела, за што вас затрымалі». Праз хвілін дваццаць іх павезлі ў Цэнтральны РАУС.
«Нас завялі да ўчастковага, дзе мы сядзелі некалькі гадзін. Пасля ён сказаў, што ёсць загад скласці на мяне пратакол», — кажа Юрый.
Паводле пратакола, малады чалавек «з хуліганскіх намераў, назойліва чапляўся да грамадзянаў, хапаў іх за рукі, перашкаджаў ім свабодна перамяшчацца, чым напалохаў іх». Аднак ні відэазапісу гэтых дзеянняў, ні паказанняў грамадзянаў, якіх той нібыта чапаў, у судзе прадстаўлена не было. Юрый Германовіч сваёй віны не прызнаў. Ягоны сябар, 15-гадовы Ігар Мацюшкін, затрыманы разам з Юрыем, пацвердзіў, што яны проста ішлі на пляж.
Алена Германовіч кажа, што яны з мужам былі самі гатовыя да затрымання падчас выканання сваіх прафесійных абавязкаў.
«Але я не чакала, што метады сталі больш брутальнымі — ціск пачаўся не на нас, а на нашага малога, якому толькі нядаўна споўнілася 18 гадоў. Хлопчык не ўдзельнічае ні ў якіх акцыях, ён вучыцца ў каледжы і працуе летам. АМАП сцвярджае, што ён хапаў за рукі мінакоў, палохаў іх. Гэта настолькі абсурднае абвінавачванне, што няма чаго казаць», — каментуе маці Юрыя.
Паводле Алены, у ізалятары сына палохалі, што могуць «пасадзіць за наркотыкі», што за ім будуць сачыць. Пры гэтым да самой Алены раней прыязджаў міліцыянт, каб правесці «прафілактычную гутарку». «Ён папярэдзіў, каб я не здзяйсняла адміністрацыйных правапарушэнняў. Я доўга дабівалася ад яго, што менавіта маецца на ўвазе. Мне сказалі, каб я не абражала людзей», — распавяла Алена Германовіч. Да ейнага мужа Паўла Міцкевіча таксама прыходзілі з аналагічнай гутаркай.
Паводле даных праваабаронцаў, за час перадвыбарчай кампаніі ў Беларусі былі затрыманыя больш за тысячу чалавек. Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка характарызуе сітуацыю як «бязмежжа».
«Падзеі ў нашай краіне падчас перадвыбарчай кампаніі іначай, чым спецаперацыяй назваць нельга. Я ўжыву менавіта слова "бязмежжа", бо вельмі часта хапаюць нават мінакоў, якія проста ішлі міма. Санкцыі, якія ўжываюць да грамадзянскай супольнасці, сведчаць, што адбываецца менавіта спецаперацыя», — кажа ён.
Ён падкрэсліў, што людзі маюць законнае права на мірныя сходы і выказванне свайго меркавання, а ўлады парушаюць гэтае права. Акрамя таго, Судаленка мяркуе, што адміністрацыйны пераслед Юрыя Германовіча з’яўляецца формай ціску на ягоных бацькоў-незалежных журналістаў.
Юрый Германовіч падаў заяву ў пракуратуру на незаконнае затрыманне. Разгляд справы працягнецца 28 ліпеня.
ІІ belsat.eu