Фота на фоне ўлёткі пра міліцыю каштавала гамельчуку 20 базавых
Суд Цэнтральнага раёна Гомеля 21 ліпеня разглядзеў адміністрацыйны пратакол на Аляксея Раманава. Ён прысеў на лаўку ў парку і сфатаграфаваўся з наклеенай там улёткай. Міліцыя вырашыла, што такім чынам Аляксей правёў несанкцыянаваны пікет, піша svaboda.org.
![d619ee93_f922_4e8d_a732_12e5276750c6_cx0_cy4_cw0_w1023_r1_s.jpg d619ee93_f922_4e8d_a732_12e5276750c6_cx0_cy4_cw0_w1023_r1_s.jpg](/img/v1/images/d619ee93_f922_4e8d_a732_12e5276750c6_cx0_cy4_cw0_w1023_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Я ішоў паркам. На лаўцы была наклеена ўлётка (на ўлётцы надпіс: „Міліцыя з народам! [Жаргонная назва праваахоўнікаў] — з Лукашэнкам!“). Я прысеў на лаўку, папрасіў мінака сфатаграфаваць мяне на фоне ўлёткі. Выявілася, што мінаком быў міліцыянт.
Ён мне сказаў: „Што гэта за правакацыя? Я сам супрацоўнік міліцыі!“ Я кажу: „Якая правакацыя? Ты ж бачыў, што не я клеіў, мы ж побач з табой ішлі! І што я парушаю?“ Ну ён усміхнуўся, сфатаграфаваў мяне і пайшоў далей», — расказаў Свабодзе Аляксей Раманаў.
![88898f6e_4055_461e_b730_99fb856510ab_w1597_n_r0_st.jpg 88898f6e_4055_461e_b730_99fb856510ab_w1597_n_r0_st.jpg](/img/v1/images/88898f6e_4055_461e_b730_99fb856510ab_w1597_n_r0_st.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Гэты здымак з улёткай з'явіўся ў гомельскіх тэлеграм-каналах. Міліцыя склала пратакол на Аляксея за «несанкцыянаваны пікет».
Суд пакараў жыхара Гомеля штрафам у памеры 20 базавых велічынь.