Цісканіна як смяротная небяспека. У 25-ю гадавіну гібелі людзей на Нямізе згадваем падобныя трагедыі

Непрадказальныя паводзіны натоўпа ў стане панікі — страшная рэч, і чалавецтва з гэтым сутыкаецца рэгулярна.

Уваход на станцыю метро "Няміга", дзе 30 траўня 1999 адбылася смяротная цісканіна. Фота: Hanna Zelenko, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Уваход на станцыю метро "Няміга", дзе 30 траўня 1999 адбылася смяротная цісканіна. Фота: Hanna Zelenko, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Роўна чвэрць стагоддзя таму, 30 траўня, 1999 года ў цэнтры Мінска адбылася страшная трагедыя, якая забрала жыцці 53 чалавек.

Гэта быў звычайны нядзельны вечар у сталіцы. Скончыўся навучальны год у школах, шмат моладзі бавіла час у папулярных гарадскіх лакацыях. На забаўляльнай пляцоўцы каля Палаца спорту праходзіла свята, арганізаванае радыёстанцыяй «Мір» з нагоды свайго двухгоддзя. Выступаў папулярны тады гурт «Манга-Манга».

Бліжэй да 21:00 раптам пачалася навальніца з буйным градам. Некалькі тысяч маладых людзей весела кінуліся ратавацца ў бліжэйшым падземным пераходзе. Там і здарылася тое, аб чым дагэтуль цяжка ўспамінаць.

Паводле адной з версій, пры спуску на слізкіх сходнях некалькі чалавек к першых шэрагах павалілася, гэта і стварыла затор у пераходзе. Эфект натоўпу — рака людзей не ведала, што там наперадзе, і працягвала ціснуцца пад бетонны дах. Што і справакавала трагедыю. Велізарная колькасць народу аказалася нібыта пад гідраўлічным прэсам. У стыхіі той калектыўнай несвядомасці і некіравальнасці, якую амаль немагчыма ўтаймаваць.

Глядзіце таксама

Але версіі сёння ўжо не такія і важныя. Галоўнае — страчаныя жыцці. Большасць загінулых — моладзь ад 14 да 20 гадоў. Сярод іх — 40 дзяўчат. Толькі траім было больш за 30 гадоў.

Яшчэ 250 пашанцавала — атрымалі траўмы, раненні, трапілі ў лякарні, але выжылі. І цяпер адзначаюць 30 траўня як другі дзень нараджэння.

Масавая гібель людзей у цісканіне — на жаль, досыць распаўсюджаная з’ява ў свеце. Карыстаючыся змрочнай нагодай, «НЧ» вырашыў згадаць некалькі падобных выпадкаў з розных часоў і краін.

2005 год. Багдад (Ірак). 648 ахвяр

Адразу адзначым, што тут і далей колькасць ахвяр прыведзеная са спасылкай толькі на адну з аўтарытэтных крыніц. У сеціве можна знайсці звесткі і пра большую (ці меншую) колькасць загінулых. Прычыны, відавочна, у методыках падлікаў, бо частка пацярпелых пайшлі з жыцця не наўпрост падчас трагедыі, а пазней — не акрыяўшы ад наступстваў. Нельга не браць да ўвагі і тое, што ўлады краін, дзе адбыліся інцыдэнты, прыхоўвалі сапраўдную статыстыку.

31 жніўня ў сталіцы Іраку сотні тысяч паломнікаў-шыітаў накіроўваліся да мячэці Камідзія, каб адсвяткаваць дзень шанавання імама Мусы аль-Кадзіма. Беспарадкі справакавалі чуткі, што разнесліся ў натоўпе, аб наяўнасці сярод паломнікаў тэрарыста-смертніка з выбухоўкай.

Паніка пачалася ў абмежаванай прасторы — на мосце праз раку Тыгр. Спалоханыя вернікі пабеглі хто куды, узнікла цісканіна, у якой былі літаральна растаптаныя сотні людзей. Большасць, як паведамлялася, — жанчыны і дзеці.

Асобная падрабязнасць бяды: ад адчаю некаторыя людзі адважыліся скакаць з моста ў раку. Паратунку гэта многім не прынесла, яны разбіваліся насмерць.

2010 год. Пнампень (Камбоджа). 347 ахвяр

У Камбоджы 22 лістапада 2010-га таксама было свята і быў мост. Жыхары Пнампеня і госці сталіцы святкавалі традыцыйны Бон Ом Тук (Вадзяны фестываль), прысвечаны заканчэнню сезону дажджоў. Тысячы людзей сабраліся ля ракі Танлесап, каб паглядзець рэгату і феерверкі.

Цісканіна ўзнікла на мосце, які вядзе да Алмазнага вострава. Адметнасць у тым, што менавіта ў натоўпе загінулі дзясяткі чалавек. Астатнія, як і ў Багдадзе, кінуліся ў раку і не выплылі.

Прычыну трагедыі камбаджыйскія ўлады назвалі толькі пасля расследавання. Выявілася, што людзей моцна напалохала хісткасць моста, які пад цяжарам пачаў разгойдвацца і рыпець. Канструкцыя ў выніку вытрымала, а сотні людзей загінулі.

Прэм'ер-міністр Камбоджы Хун Сен абвясціў 25 лістапада днём нацыянальнай жалобы і адзначыў, што гэтая гібель людзей на фестывалі — найгоршае, што здаралася ў краіне пасля праўлення «чырвоных кхмераў» Пол Пота.

2013 год. Мадх’я-Прадэш (Індыя). 109 ахвяр

Не так даўно Індыя стала самая населенай краінай, абыйшоўшы па гэтым паказчыку Кітай. Там пражывае амаль паўтара мільярда чалавек, пры тым што па плошчы гэтая краіна істотна саступае КНР.

Цісканіна праз шматлюддзе ў Індыі здараецца нярэдка. Адзін з самых вядомых выпадкаў датаваны 14 кастрычніка 2013 года.

Падчас святкавання дзевяцідзённага фестывалю «Наўратра» ў штаце Мадх'я-Прадэш было арганізавана паломніцтва да індуісцкага храма Ратангарх, паведамляюць мясцовыя ўлады. Далей пачынаюцца падабенствы з Пнампенем 2010-га.

Шэсце рушыла па мосце, калі нехта ў натоўпе пачаў крычаць, што ён вось-вось абрынецца. Гэтага хапіла, каб калектыўная свядомасць трыгернула, спарадзіўшы некантраляваныя працэсы. І зноў цісканіна і смерць ад здушэння. І зноў нерацыянальныя скокі ў ваду з вялікай вышыні — і гібель у вадзяной стыхіі. Як у Багдадзе большасць ахвяр склалі жанчыны і дзеці.

Паводле некаторых крыніц, паніку каталізавалі паліцыянты, якія наважыліся ўтаймаваць шалёны натоўп з дапамогай дручкоў. Зразумела, што гэта прывяло да адваротнага эфекту.

Звычайна на фестываль «Наўратра» збіраюцца сотні тысяч індуістаў. Трагедыі там адбываліся і раней. Вузкі мост, пра які ідзе гаворка, быў перабудаваны ў 2007 годзе праз такую ж цісканіну. Аднак гісторыя паўтарылася праз шэсць гадоў з нашмат больш сумнымі наступствамі.

2015 год. Мека (Саудаўская Аравія). 2110 ахвяр

Гэтая страшная падзея адбылася 25 верасня ў Мецы падчас традыцыйнага хаджу — паломніцтва да мусульманскіх святынь, у прыватнасці, да славутай і найбуйнейшай у свеце мячэці Аль-Харам.

Страшнае здарылася наўпрост сярод прыгараднай Міны. Паведамлялася, што два вялікія натоўпы рухаліся па адной вуліцы, але ў розных напрамках. Калі шэсці сустрэліся, пачалася літаральна душагубка.

У Мецы падчас хаджу цісканіна з ахвярамі бывае рэгулярна. Гэтая — самая буйная па колькасці загінулых. Па маштабе яе можна параўнаць са знакамітай Хадынкай у Маскве, калі ў 1896 годзе ў дзень каранацыі Мікалая ІІ загінулі каля паўтары тысячы чалавек.

У Саудаўскай Аравіі ў 2015 годзе трагічна сканалі больш за дзве тысячы. Сярод іх — грамадзяне больш чым 30 краін.

2022 год. Маланг (Інданезія). 174 ахвяры

Футбольныя арэны — яшчэ адно месца, дзе збіраюцца дзясяткі тысяч людзей. І дзе праз гэта адбываюцца трагедыі. Шматлюддзе тут памнажаецца на эмоцыі, утвараючы грымучую, смяротна небяспечную сумесь.

У Еўропе добра памятаюць катастрофу «Хілсбара» ў Шэфілдзе, калі ў цісканіне ў 1989 годзе падчас паўфінальнага матча Кубка Англіі загінулі 97 заўзятараў «Ліверпуля». 24 траўня споўнілася 50 гадоў трагедыі ў Ліме, калі матч зборных Перу і Аргенціны забраў жыцці 328 чалавек. Зусім «свежы» выпадак з гэтага шэрагу — масавая гібель на футболе ў Інданезіі 1 кастрычніка 2022-га.

У акрузе Маланг на стадыёне «Канджурухан» мясцовая каманда «Арэма» сустракалася з «Персебаі». Пасля гульні (гаспадары поля прайгралі 2:3) незадаволеныя заўзятары раптам прарваліся на поле і ўчынілі беспарадкі. Паліцыя ўжыла слёзатачывы газ, што толькі пагоршыла сітуацыю. Людзі пачалі задыхацца, пачалася паніка і цісканіна. У выніку загінулі не менш за 174 чалавекі — пасля згаданага выпадку ў Перу гэта самае смертаноснае футбольнае бедства ў гісторыі.

2022 год. Сеул (Паўднёвая Карэя). 159 ахвяр

Цісканіна ў Сеуле. Фота news-sky.com

Цісканіна ў Сеуле. Фота news-sky.com

Цалкам свецкая гісторыя і збольшага пра моладзь, што робіць яе падобнай на мінскую. 29 кастрычніка ў сталіцы Паўднёвай Карэі збіраліся адзначыць Хэлоўін. Увечары ў тусовачным раёне Ітхэвон, дзе шмат забаўляльных установаў, пачалі збірацца маладыя людзі. У пэўны момант іх стала так шмат, што месца ўсім ужо не хапала…

Настрой у карэйская моладзі быў святочны, і калі па натоўпе пракацілася інфармацыя пра прыезд у адно з папулярных месцаў тамтэйшай знакамітасці, народ весела рушыў па патрэбным адрасе. Частка шляху ляжала праз стромкі схіл, на якім некаторыя пачалі падаць. Адзін, другі — так і стварылася невыноснасць, несумяшчальная з жыццём паўтары сотні чалавек.

Важная падрабязнасць палягае ў тым, што гэта было першае масавае мерапрыемства ў Сеуле пасля пандэміі каронавірусу. Людзі выйшлі на вуліцы, каб пасля каранціну надыхацца свежым паветрам. І многія сустрэлі сваю смерць.