«Цяпер усе грамадзяне — патэнцыйныя парушальнікі» — эксперт беларускага Пірацкага цэнтру
Інтэрнэт-правайдэры цягам года будуць захоўваць дадзеныя пра тое, якія сайт наведваюць карыстальнікі ў Беларусі.
Фота з сайта belsat.eu
Дзяржава будзе ведаць, з кім, калі, дзе і як вы камунікавалі ў Сеціве, на якіх сайтах былі. Што гэта азначае для шараговага беларуса і што рабіць, калі права на прыватнае жыццё для вас — не пусты гук? У інтэрвʼю журналісту belsat.eu распавядае эксперт Беларускага пірацкага цэнтру Міхаіл Волчак.
— Як могуць скарыстацца інфармацыяй пра наведванні сайтаў? Якая ў гэтым можа быць небяспека?
— Па-першае, гэтыя вялікія абʼёмы дадзеных могуць прадаваць і тым самым уздзейнічаць на вас праз глабальны інструменты рынку. Па-другое, следчыя органы, могуць злоўжываць атрыманай інфармацыяй падчас аператыўна-пошукавай дзейнасці. Цяпер атрымліваецца, што ўсё грамадзяне патэнцыйна становяцца «парушальнікамі». Гэта як мінімум «крыміналізацыя» ўсяго грамадства, а гэта значыць, узмацненне таталітарных механізмаў кантролю.
Грамадзяне губляюць сваю інфармацыйную свабоду, яны яшчэ не маюць легальнай магчымасці неяк уздзейнічаць на тых хто збірае іх дадзеныя пра сябе і сваё жыццё.
Даведка belsat.eu
Пірацкі цэнтр у Беларусі — гэта нефармальная супольнасць актывістаў, якія выступаюць за «лічбавыя правы асобы», права на прыватнасць у інтэрнэце.
— Што рабіць тым, хто не хоча, каб нехта збіраў нейкія іх дадзеныя наконт гісторыі сайтаў?
— Патрэбна ствараць супольнасці і свае сеткі камунікацый. Гэта значыць, грамадская супольнасць мае кантраляваць інфраструктуру і праграмы. Сёння гэта поле забюракратызаванае заканадаўствам у галіне кантролю, таму варта тут падымаць пытанні даступнасці тэхналогіяў і праблему лічбавай дыскрымінацыі.
Персанальны VPN (віртуальнае прыватнае сеціва — belsat.eu) ужо не дастаткова, бо ён дае толькі аўтаномнасць спажывання інфармацыі
для карыстальніка, але не для камунікацыі і ўзаемадзеяння. VPN добра, але трэба ісці далей і падымаць пытанне пра інфраструктуру, гэта значыць драты, спектр, серверы, мадэмы — усё з чаго
зроблена сетка. Яны павінны належыць грамадзянам, і толькі абслугоўвацца камерцыйнымі прадпрыемствамі або дзяржавай.
— Большасць усяго інтэрнэт-трафіка ва ўсім свеце — прагляд звычайнага порна. І цяпер нейкія там правайдары ды хтосьці яшчэ будуць бачыць, хто якія ролікі глядзеў. Выглядае на ўварванне ў прыватнае жыццё.
— Падобны нагляд супярэчыць Канстытуцыі Беларусі аб праве на прыватнае жыццё і таямніцу перапіскі (артыкул 28). Канешне, пакуль змесціва вашых камунікацый афіцыйна застаецца па-за кантролем, але калі, з кім, з якой прылады, дзе вы камунікуеце, як мінімум, ужо гэта — уласнасць правайдэраў і можна лічыць дзяржавы. У адсутнасць заканадаўства па абароне персанальных дадзеных гэта вельмі істотнае пагаршэнне сітуацыі з свабодамі грамадзянаў.
— Ці ёсць на Захадзе такія правілы, што правайдары павінны збіраць падобныя дадзеныя? Напрыклад, у Францыі ды Бельгіі цяпер абвешчаны найвышэйшы ўзровень тэрарыстычнай пагрозы. Ці ў гэтых краінах таксама збіраюць інфармацыю пра карыстальнікаў?
— Нагляд за карыстальнікамі існуе і ў краінах Захаду. Дзесьці гэта легальна робіцца, дзесьці – праз шэрыя схемамы, у тым ліку, праз дзейнасць спецслужбаў. Казаць пра эфектыўнасць тут не выпадае, бо тэракты здараюцца менавіта там, дзе гэты нагляд ужо існуе не першы год.
Канешне, усё абмежаванні прыдумваюцца, з аднаго боку, дзеля падтрымання бяспекі грамадзянаў. Хто, напрыклад, будзе супраць пастановы ўраду Беларусі, якую прымаюць, каб супрацьдзеяць распаўсюду наркотыкаў? Але, з іншага боку, законапаслухмяным грамадзянам не даецца ніякіх рычагоў для збалансавання гэтых абмежавальных захадаў.
Адсутнасць закона пра ахову персанальных дадзеных — вялікая пагроза свабодзе грамадзянаў. Такія законы існуюць шмат у якіх краінах. Беларусь таксама мусіць мець такі закон, каб грамадзяне маглі адстойваць права на сваё інтымнае, прыватнае жыццё.
Прынятая ж пастанова дазволіць хутчэй вылоўліваць дробных недасведчаных спажыўцоў або распаўсюджвальнікаў наркотыкаў. Але наўрад ці — дасведчаных тэрарыстаў ці дылераў.
Гутарыў Яўген Балінскі, belsat.eu