Чаго не будзе на свяце беларускай пісьменнасці ў Слоніме

Гэты год для жыхароў Слонімскага раёна выдаўся багатым на досыць спрэчныя рашэнні, ініцыятывы і імправізацыі з боку мясцовага начальства.

e814f46b28d23bc7c9b731949d3ec011.jpg


У пачатку красавіка старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег Таргонскі і намесніца старшыні райвыканкама Кацярына Руткоўская ў адказе на пісьмовы зварот 75-ці слонімцаў паведамілі, што, згодна з рашэннем тапанімічнай камісіі Слонімскага райвыканкама, цэнтральная плошча горада, па адрасе якой размешчаны Слонімскі драматычны тэатр і на якой да Дня беларускай пісьменнасці будзе ўсталяваны помнік старосце Слоніма Льву Сапегу, і надалей будзе называцца імем Леніна!

У траўні на адным з гарадскіх будынкаў з’явілася вялікае графіці з выявай тэатра Міхала Казіміра Агінскага і надпісам на… рускай мове! Але хіба 1 верасня ў Слоніме будзе свята рускай пісьменнасці?! Захаванне імя Леніна ў назве плошчы аргументавалі жаданнем усіх жыхароў дамоў і ўсіх кіраўнікоў арганізацый, якія знаходзяцца на плошчы, а таксама жаданнем большасці (56,8%) з 7563 рэспандэнтаў, якія прынялі ўдзел у апытанні на сайце раённай газеты «Слонімскі веснік». А абгрунтоўваючы графіці па-руску, улады ў асобе новай намесніцы старшыні райвыканкама Тэрэсы Юшкевіч абышліся без канкрэтыкі: «У апошні час у адрас райвыканкама паступіла некалькі зваротаў наконт захавання надпісу на рускай мове, спасылаючыся на гістарычныя факты і заканадаўства Беларусі, а таксама захаванне нацыянальна-моўнай згоды ў грамадстве. Таму райвыканкамам прынята рашэнне пакінуць без зменаў надпіс на графіці». Праўда, у жніўні графіці пра тэатр Агінскага дапоўнілі надпісам на беларускай мове.

Але найболей слонімскія начальнікі «праславіліся» 3 ліпеня. Падчас святочнага шэсця з нагоды 75-й гадавіны з дня вызвалення Мінску ад нямецка-фашысцкіх акупантаў — Дня Незалежнасці (Дня Рэспублікі), мясцовыя камунальнікі правезлі на грузавіку свайго прадпрыемства вялікі партрэт Сталіна! Афіцыйна Слонімскі райвыканкам адхрысціўся ад такога дзейства сваіх падначаленых: «У рамках свята быў запланаваны тэатр пад адкрытым небам, дзе вырашылі непасрэдна адлюстраваць падзеі тых дзён вайны. У рамках гэтага тэатра пад адкрытым небам і быў партрэт Сталіна. Але я асабіста гэтага рашэння не прымала, і райвыканкам не прымаў! Гэта імправізацыя той установы, якая рыхтавала гэты блок», — паведаміла начальніца аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Юнчыц.

Думаю, ніводзін дырэктар дзяржпрадпрыемства ці ўстановы без дазволу начальства не асмеліцца на такі, мякка кажучы, спрэчны перфоманс. Але, калі і быў вусны, таемны дазвол райвыканкама, гэта не апраўдвае дырэктара Слонімскага ГУП ЖКГ Алега Конана, бо — перакананы! — далёка не кожны кіраўнік дадумаецца да такой, лічу, ганебнай, імправізацыі.

Імправізацыя па-слонімску закранула і маю сям’ю. Зноў «вызначыўся» кіраўнік мясцовых камунальнікаў. Амаль чатыры месяцы ён, ігнаруючы Канстытуцыю, прымушаў падпісаць рускамоўныя тыпавыя дамовы на асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі. Я звярнуўся да кіраўніка дзяржавы, і ў выніку слонімскія камунальнікі, па даручэнні Міністэрства ЖКГ, саматужна пераклалі тыпавыя дамовы на беларускую мову. 1 сакавіка 2019 года ў разлікова-даведачным цэнтры прадпрыемства заключылі са мною дамовы на беларускай мове, падпісаныя, дарэчы, самім дырэктарам прадпрыемства Конанам.

Вось, нарэшце, адноўлена вяршэнства Канстытуцыі! Так думаў я. Так думала і мая дачка Кацярына, калі 30 ліпеня 2019 года прыйшла ў гэты самы разлікова-даведачны цэнтр Слонімскага ГУП ЖКГ для заключэння дамоваў на асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі. Але ў РДЦ дачку не сустрэлі пытаннем: «Вам бланк якой дамовы? Тыпавой па-руску ці саматужнай па-беларуску?», а адразу прапанавалі рускамоўныя бланкі. Кацярына двойчы папрасіла бланкі па-беларуску, і двойчы ёй адмовілі, маўляў, у нас бланкі толькі па-руску, па-беларуску няма. Як бачым, нічога не памянялася.

12 жніўня афіцыйным лістом я праінфармаваў міністра ЖКГ Церахава пра адмову слонімскіх камунальнікаў заключыць з Кацярынай Варанец тыпавыя дамовы на беларускай мове. Але! Мо гэтым разам дарма я наракаю на кіраўніка мясцовай камунальнай гаспадаркі? Мо кожны спажывец жыллёва-камунальных паслуг, які хоча падпісаць беларускамоўныя тыпавыя дамовы, мусіць звярнуцца да Аляксандра Лукашэнкі з адпаведнай просьбай? Мая ж дачка з такой просьбай да кіраўніка дзяржавы не звярталася! Што гадаць, пачакаем адказу міністра!

Тым часам усё бліжэй і бліжэй Дзень беларускай пісьменнасці ў Слоніме. Усё гучней і гучней фанфары.

Бясспрэчна, на свяце мы пачуем і ад тутэйшых кіраўнікоў, і ад чыноўнікаў са сталіцы пра неабмежаваныя магчымасці беларусам у Беларусі карыстацца роднай мовай! А можа хтосьці з іх і не будзе гаварыць такое, пасаромеецца, прамаўчыць? Можа… Хаця наўрад ці.

Магчыма, на плошчы Леніна выступіць дырэктар Слонімскага драматычнага тэатра Аляксей Ткачоў, супраціўнік перайменавання плошчы ў Тэатральную. Магчыма, дзеля «захавання» нацыянальна-моўнай згоды, на сцэну падымецца прадстаўнік нашай самай шматлікай нацыянальнай меншасці, з гонарам пакажа пашпарт грамадзяніна Беларусі і на сваёй роднай рускай мове падзячыць міністру юстыцыі і міністру ўнутраных спраў за штампы ў пашпарце на рускай мове.

Але я дакладна ведаю, чаго не будзе на свяце беларускай пісьменнасці ў Слоніме!

1 верасня, у Дзень беларускай пісьменнасці, у маім пашпарце беларуса па-ранейшаму не будзе тыпавых штампаў па-беларуску.