Чайкоўскі пакараў Жукоўскага за фота з мытні
Сёння намеснік начальніка Гомельскай мытні па праваахоўнай рабоце Васіль Чайкоўскі прызнаў актывіста Кастуся Жукоўскага вінаватым у незаконным фатаграфаванні на тэрыторыі пагранпераходу «Новая Гута» і вынес максімальна магчымы па артыкуле 23.32 КаАП (парушэнне рэжыму ў пункце пропуску праз дзяржмяжу) штраф — 50 базавых велічыняў ці 1 150 беларускіх рублёў.
З пастановай актывіст не пагадзіўся і ўжо абскардзіў пазасудовы штраф у дзяржаўным мытным камітэце.
Нагадаем, 28 траўня Кастусь Жукоўскі разам з бацькамі Героя Украіны і Нябеснай Сотні Міхася Жызнеўскага вярталіся з Кіева на сваім аўтамабілі і ў пункце пропуску «Новая Гута» ім зладзілі паглыблены мытны дагляд. Іх аўтамабіль загналі ў бокс для дбайнай праверкі, дзе Кастусь і зняў на мабільнік свой аўтамабіль.
«Падчас правядзення штодзённага маніторынгу СМІ і інфармацыйных рэсурсаў, размешчаных у глабальнай камп'ютэрнай сетцы Інтэрнэт аддзелам ідэалагічнай работы Гомельскай мытні на сайце радыё Свабода было выяўлена фота бокса паглыбленага надгляду мытні, зробленае Кастусём Жукоўскім», — напісаў у пратаколе В. Чайкоўскі.
Мытнікі лічаць, раз закон аб дзяржаўнай мяжы забараняе фатаграфаванне ў пунктах пропуску, значыць грамадзяне, якія стаяць у чэргах і здымаюць на мабільнікі тое, што адбываецца вакол, здзяйсняюць правапарушэнні.
Іншага пункту гледжання прытрымліваецца сам Жукоўскі. На яго думку, нельга паўсюдна усё забараняць, бо можна дайсці да абсурду і пачне караць за фота з туалета пагранперахода.
— Любое абмежаванне правоў грамадзян мала прапісаць у законе, як гэта робіцца ў нас, трэба яшчэ даказаць, для якой мэты яно ўжываецца. Калі дзяржава непакоіцца за сваю бяспеку, так самай вялікай пагрозай для гэтай бяспекі з'яўляюцца як раз-такі паўсюдныя парушэнні правоў чалавека, а не фота нейкага бокса на мытні, — заяўляе Кастусь Жукоўскі.
Праваабаронца Леанід Судаленка звяртае ўвагу на максімальна магчымае спагнанне, хоць у Жукоўскага на ўтрыманні знаходзіцца малалетняе дзіця, што ўжо само па сабе з'яўляецца памякчаючай віну акалічнасцю.
«Заканадавец устанавіў забарону фота на дзяржмяжы, такім чынам, ужываючы гэтую забарону на практыцы, на дзяржаўных агентах кожны раз ляжыць абавязак даказаць, для дасягнення якіх легітымных мэтаў уведзеная гэтая забарона. У кейсе Жукоўскага гэта не зроблена, такім чынам, можна ставіць пытанне аб парушэнні права атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю», — кажа юрыст.
Паводле gomelspring.org