Чалавечнасць і эмпатыя не набываюцца ў краме! 4 кастрычніка — Дзень абароны жывёл

Сёння ва ўсім цывілізаваным свеце адзначаецца Дзень абароны жывёл. Гэта, канешне, не Дзень Незалежнасці і не Дзень усіх закаханых, але ж пытанне абароны жывёл хвалюе ўсё большую колькасць людзей. А ў Беларусі яно можа перарасці ў вялікую праблему!

_belarus_vosen_polack_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg

Літаральна кожны з нас амаль штодня бачыць неахайную фігурку ката ці сабакі, якія павольна кудысьці крочаць ці проста сядзяць ля ўваходу ў краму, ля пад’езда альбо спрабуюць сагрэцца на цёплым каналізацыйным люку. «Шкада як!» — хіба мільгане ў галаве, але далёка не ў кожнай, і мы з заплечнікамі, торбачкамі ці наўпрост рукі ў кішэні праходзім міма. У кожнага сваё: дома ўжо ёсць гадаванец, можа не адзін; усіх не прытуліш, а мне і самому не хапае; сядзіць і сядзіць, халера з ім...

Але ж не ўсе проста праходзяць — некаторыя пачынаюць тэлефанаваць у заалагічныя арганізацыі, якіх у Беларусі з кожным днём усё менш. У кагосьці ёсць знаёмы зааваланцёр: «Слухай, тут тааакое кацянё сядзіць. Можа возьмеце?» А хтосьці абурана пачынае шукаць нумар адлову: «Развялося блыхавозаў, куды толькі камунальнікі глядзяць!»

Сённяшняя палітыка дзяржавы паступова ліквідуе любую грамадскую ініцыятыву незалежна ад яе кірунку. На жаль, гэта тычыцца і зааабарончых аб'яднанняў. І хутка не будзе куды звяртацца наконт беспрытульных жывёл.

Прыходзяць і па птушак, і па котак.

Сябры-валанцёры... У кожнага валанцёра па 5-10 хвастоў дома і пад куратарствам на ператрымках. І кожнаму з гэтых гадаванцаў трэба кожны дзень есці, амаль кожны патрабуе розных лекаў, бо жыццё на вуліцы без наступстваў не адпускае, прышчэпкі, стэрылізацыя, рэклама... А яшчэ ў валанцёраў ёсць сем'і, і людзям трэба нешта самім паесці, а дзеля гэтага працаваць. Кожны дзень, так.

Валанцёр — гэта не праца! Можаце лічыць гэта своеасаблівым «хобі», з адной папраўкай: паштоўкі ці маркі можна кінуць збіраць, а жыцці тых, хто ад цябе залежыць — не. Таму пасля працы яны едуць не дадому, а да сваіх падапечных — прывозяць корм, ходзяць з імі на шпацыр (калі ператрымка гэтага рабіць не можа па розных прычынах), лечаць іх. А пасля па дарозе дадому спрабуюць знайсці на ўсё гэта грошы. Балазе, ездзяць не за стырном «мерседэса», а ў метро/трамваі/аўтобусе і не факт, што без перасадак. Шмат хто з валанцёраў адначасова і ператрымка, але гэта зусім не лягчэй, паверце.

Пра тых, хто шукае тэлефоны адлову, я шмат казаць не буду. Адзінае, што варта ведаць: тэрмін жыцця ката ці сабакі ў «адлове» скарачаецца да мінімуму вельмі хутка.

Дык што лепей: не рэагаваць увогуле ці паспрабаваць штосьці зрабіць у кожным канкрэтным выпадку? Агульнага рэцэпта, канешне, не існуе. Год таму мы пісалі, як пытанне з бадзяжнымі жывёламі вырашаецца ў іншых краінах

Дагэтуль знаходзіцца шмат людзей, якія даволі агрэсіўна заяўляюць, што «тут людзям дапамагчы няма каму, а яны пра жывёл клопат разводзяць!» Для валанцёраў і іх гадаванцаў такія захады не навіна. Але чамусьці гэтыя словы амаль заўсёды чуваць ад людзей, якія самі нікому ніколі ні ў чым не дапамаглі. Маўляў, «усім не дапаможаш!». І такіх «грамадзян» болей чым шмат, і з гэтым амаль нічога не зробіш. Чалавечнасць і эмпатыя не набываюцца ў краме і не ідуць бонусам са зніжкай да новага паліто ці аўтамабіля. Цікава, што гэту катэгорыю людзей складаюць людзі даволі дарослыя, якія маюць адносны камфорт і дастатак. Пабудаваўшы свой нібыта ўтульны і звонку шчасны сусвецік, яны чамусьці баяцца, што маленькі крок убок можа ўсё гэта парушыць... Насамрэч, я ведаю не аднаго з ліку досыць забяспечаных людзей, якія падабралі сваіх хатніх гадаванцаў на вуліцы, і гэтыя жывёлкі аніяк не сапсавалі жыццё гаспадарам, а толькі зрабілі іх сусвет значна багацейшым і прыгажэйшым.

_polack_horad_vulicy_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__26__logo.jpg


Тыя, хто выкідае сваіх гадаванцаў на вуліцу ці адмыслова адвозіць у лес ці нейкую вёску, ці, нагуляўшыся ўлетку і з’язджаючы з лецішча, зачыняе дзверы машыны перад недаўменным позіркам «а як жа Я?!»... Я не буду нічога казаць пра такіх людзей. Бог ім суддзя. Але, кожны раз чытаючы пра чарговы такі выпадак, у мяне перад вачыма стаяць шматлікія фатаграфіі з Украіны, калі людзі пад абстрэлам і бамбёжкамі неслі пераноскі з катамі, неслі сабак на руках, неслі птушак у клетках... Я ніколі не зразумею, як можна спакойна жыць, выкінуўшы таго, хто цябе любіў і будзе любіць да канца свайго жыцця. Магчыма, вельмі хуткага канца.

Вернемся да пачатку. А што рабіць тым, у каго мільгае-такі думка: «Шкада як!»? Мае віншаванні — эмпатыя ёсць! 

Хтосьці не можа ўзяць дадому гадаванца па прычыне банальнай алергіі, і тут амаль нічога не зробіш. Амаль — таму што, якім бы гэта не здавалася неверагодным, алергія, бывае, знікае. У мяне ёсць знаёмая, у якой была алергія на котак, але яна шмат разоў наведвала прытулак, бо вельмі любіла гэтых пушысцікаў. Як толькі адчувала, што вось зараз пачнецца, ішла на свежае паветра, прымала пігулкі і ехала дадому ў слязах. Зараз у яе два ці тры каты, не памятаю ўжо — і ніякай алергіі. Зразумела, што гэта не для ўсіх, але на тое, каб па дарозе дадому набыць у краме пакуначак корму ці сасіску для вулічнага небаракі і пакінуць каля яго, вас дакладна хопіць. Таксама можна ўзяць дома непатрэбную міску, паставіць ля пад’езда і штодня наліваць туды свежую ваду — улетку гэта асабліва актуальна! Прайсці міма — лягчэй за ўсё, але калі вы пакорміце беспрытульную котку і потым убачыце, што яна ўжо чакае вас і нецярпліва перабірае лапкамі на восеньскім холадзе, то, паверце, вам стане значна цяплей на душы. А там, хто ведае...

Дзякуй богу, дагэтуль, нягледзячы на ўсе адмоўныя перыпетыі нашага жыцця, вельмі часта знаходзяцца людзі, якія не купляюць сабе гадаванца, але забіраюць яго з прытулкаў, з вуліцы, ад валанцёраў. Гэтым Людзям мая вялікая Падзяка і Пашана! Дзякуй ім за тое, што яны Людзі не толькі ў біялагічным сэнсе. Ніхто не будзе вас любіць больш за гэтых жывёлак. Ніхто не будзе чакаць вас так, як яны. Ніхто не дасць вам такіх эмоцый (не толькі станоўчых)!

І апошняе: калі вы вырашылі ці толькі вырашаеце ўзяць у свой дом пяшчотны малы кавалак шчасця ці даць прытулак ужо даросламу небараку, то ў нас ёсць для вас:

па-першае: некалькі парад, якія не зашкодзяць,
а па-другое: наша рубрыка «Выратуй жыццё».