«Чалавека забілі, а крымінальнай справы няма». У Мінску ідзе яшчэ адзін суд па надпісе ля мемарыяла Тарайкоўскаму

Яшчэ адзін працэс па крымінальнай справе аб надпісе ля мемарыяла Аляксандру Тарайкоўскаму пачаўся 1 снежня. Гэтым разам падсудныя — мінчукі Дзяніс Граханаў, Ігар Самусенка і Уладзіслаў Гуліс. Іх абвінавачваюць у тым, што нанеслі на тратуар фарбай з балончыкаў надпіс «не забудзем». Абвінавачванне кваліфікуе гэтыя дзеянні як хуліганства і наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці, а сам надпіс — цынічным. TUT.BY распавёў, як праходзіў суд.

7_sent_pushkinskaya.jpg


Каго судзяць і па якіх артыкулах?

У судзе Фрунзенскага раёна Мінска сёння пачаўся яшчэ адзін суд па надпісе "не забудзем". Нагадаем, паралельна за надпіс на тратуары ля мемарыяла Тарайкоўскаму судзяць менчукоў Марыю Бабовіч і Максіма Паўлюшчыка. Той працэс працягваецца ўжо некалькі дзён.
У гэтым тэксце гаворка пра суд над Дзянісам Граханавым (42 гады, працуе бармэнам), Ігарам Самусенкам (25 гадоў, адміністратар велапракату) і Уладзіславам Гулісам (25 гадоў, аўтамыйшчык).
Усе трое хлопцаў прызнаныя палітычнымі зняволенымі.
Менчукам ставяць у віну злачынства па ч. 2 арт. 339 КК РБ (Хуліганства), а таксама па ч. 2 арт. 218 КК РБ (Наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці).
З абвінавачвання вынікае, што гісторыя адбылася з 1:47 да 2:20 9 верасня побач з домам па Прытыцкага, 21А. па версіі абвінавачвання, кожны з абвінавачаных "у групе асоб" нанёс на тратуар "цынічны надпіс, які абражае пачуцці грамадзян, дэманструе грэбаванне маральнымі каштоўнасцямі, накіраваны на прычыненне шкоды грамадскаму парадку і маральнасці».
Адзін з адвакатаў падаў хадайніцтва аб далучэнні да матэрыялаў справы заключэння філолага Аляксандра Лукашанца. Той прааналізаваў, ці з'яўляецца надпіс "не забудзем" цынічным. З зачытанага ў судзе заключэння мовазнаўцы вынікае, што не з'яўляецца. Суддзя задаволіла хадайніцтва.
У аднаго з абвінавачаных, Уладзіслава Гуліса, ёсць непагашаная судзімасць па ч. 3 арт. 328 КК РБ (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў). Малады чалавек адбыў тэрмін і вызвалены па амністыі нядаўна, у чэрвені 2020-га.
Так выглядала адна з надпісаў «не забудзем» на тратуары каля станцыі метро «Пушкінская» 7 верасня. У першы месяц пасля гібелі Аляксандра Тарайкоўскага яе пастаянна аднаўлялі гараджане


А ці ёсць шкода?

Абвінавачванне паказвала такую шкоду ад надпісу, зробленай чырвонай і белай фарбай з балончыкаў на тратуары — 10 тысяч 182 рублі 52 капейкі. Аднак «Гаррамаўтадар» Мінгарвыканкама выступіў у судзе з грамадзянскім пазовам, па якому шкода нашмат ніжэй — усяго 255 рублёў 99 капеек.
— Сума першапачаткова была заяўлена як меркаваная ў тым выпадку, калі б спатрэбілася замена пліткавага пакрыцця, — растлумачыў начальнік упраўлення «Цэнтр» «Гаррамаўтадара» Мінгарвыканкама Генадзь Фралоў.
Плітку мяняць не спатрэбілася, надпіс выдалілі з дапамогай адмысловай машыны.
Паводле прад'яўленых крымінальных артыкулаў мінчукам пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі, цяпер яны пад вартай, а ў судзе сядзяць у клетках.
Адвакаты траіх падабаронных выступілі з хадайніцтвамі ў сувязі з новымі абставінамі — прасілі змяніць меру стрымання на любую іншую, не звязаную са знаходжаннем пад вартай.
— Грамадзянскі пазоўнік змяніў суму шкоды да 255 рублёў. Гэта менш за 40 базавых. Пры такой суме адказнасць крымінальная па артыкуле 218 (наўмысныя знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці) выключаецца. Астатні артыкул 339, ч. 2-я (хуліганства) не з'яўляецца цяжкім, ён з'яўляецца негвалтоўным, — патлумачыў сваё хадайніцтва адвакат Дзяніса Грэханава Пяткевіч.
Пракурор Валерыя Таратынка прапанавала хадайніцтва адхіліць, яна не лічыць новы разлік ад "Гаррамаўтадара" "бясспрэчным доказам", пакуль яго не ацаніў суд.
Суддзя Юлія Крэпская пайшла ў дарадчы пакой, а вярнуўшыся, адхіліла хадайніцтвы аб змене меры стрымання.
Маладыя людзі застаюцца пад вартай.
Падобная гісторыя была і з ацэнкай шкоды па справе Бабовіч і Паўлюшчыка. Там таксама сума шкоды знізілася ў разы, але гэта пакуль не змяніла ход працэсу.

Падсудны Дзяніс Граханаў: "Чалавека забілі, а крымінальнай справы няма"

Усе трое абвінавачаных прызнаюць віну часткова. Кажуць, што пісалі на тратуары словы "не забудзем", але не згодныя з тым, што яны цынічныя.
У судзе ў першы дзень дапыталі толькі аднаго з падсудных — Дзяніса Граханава.
42-гадовы мінчук прызнае, што напісаў на тратуары «не забудзем», а вось з тым, што ён— цынічны, не згодны.
Дзяніс распавёў, што ўначы 9 верасня прыехаў на "Пушкінскую" з заплечнікам, у якім былі балончыкі з чырвонай і белай фарбай. Ехаў, каб напісаць слова "не забудзем".
Граханаў бачыў, што гэты надпіс шмат разоў з'яўляўся ля Народнага мемарыяла Аляксандру Тарайкоўскаму, але з ім змагаліся камунальнікі, у тым ліку пасыпалі месца соллю, а яшчэ выносілі ад месца гібелі Тарайкоўскага кветкі.
Абвінавачаны растлумачыў, чаму вырашыў аднавіць надпіс.
— 10 чысла (жніўня. — TUT.BY) адбылося забойства. На "Пушкінскую" неслі кветкі тысячы людзей. Чалавек загінуў, а крымінальнай справы так і не распачалі (...). Мяне, як і многіх іншых людзей, гэта абурыла.
Дзяніс не лічыць, што здзейсніў злачынства, ён таксама не згодны, што фарба знішчыла тратуарную плітку, або пашкодзіла яе — па ёй працягваюць хадзіць. Не згодны і з тым, што фарба знізіла эстэтычную каштоўнасць пліткі (так сцвярджае бок абвінавачвання). Кажа, што куплялася самая танная фарба, якую лёгка змыць. Граханаў не лічыць і што словы "не забудзем" кагосьці абразілі і з'яўляюцца цынічнымі.
— Тысячы і тысячы кветак, якія прыносілі на гэтае месца, кажуць пра тое, што пачуцці людзей нельга было абразіць надпісам «не забудзем», — патлумачыў мужчына.
Пазней у адказ на словы дзяржабвінаваўцы на гэты конт Дзяніс Граханаў усклікнуў:
— Тады і надпісы на помніках цынічныя!
Дзяніс патлумачыў, што рабіў надпіс на тратуары не адзін. Да яго далучыліся мінакі — Уладзіслаў Гуліс і Ігар Самусенка. Дзяніс пачынаў пісаць, астатнія дапісвалі.
Пракурор Валерыя Таратынка падчас допыту падрабязна пыталася, ці пашкодзіла фарба плітку, а яшчэ прасіла ў дэталях расказаць, у якой паслядоўнасці ўсё адбывалася.
— Сюр нейкі, — з уздыхам прашаптаў нехта з прысутных у зале суда.
Па словах Дзяніса Граханава, у нейкі момант з'явіліся людзі ў аліўкавай форме і ў балаклавах. Адзін з іх стаў крычаць. Дзяніс кажа, што спалохаўся і з'ехаў на ровары — на міліцэйскую форму адзенне невядомых было не падобнае.
— Падумаў, можа, гэта бандыты нейкія, — тлумачыць мужчына.
Раніцай 10 верасня Дзяніса Граханава затрымалі.
Мужчына гатовы пакрыць шкоду, якая нанесена "Гаррамаўтадару".
Судовае пасяджэнне працягнецца 3 снежня.