Чыя занядбаная хата Героя вайны? Сельвыканкам кажа, што школы

Напярэдадні 3 ліпеня Грозаўскі сельскі выканкам не знайшоў грошай на абкошванне хаткі ў вёсцы Балгавічы Капыльскага раёна, дзе нарадзіўся Герой Савецкага Саюза Аляксандр Радкевіч.

Дом Героя СССР Аляксандра Радкевіча

Дом Героя СССР Аляксандра Радкевіча

 

У савецкія часы імя Аляксандра Радкевіча павінен быў ведаць кожны жыхар Капыльскага раёна. Ураджэнцу Беларусі маёру Радкевічу, пад камандаваннем якога савецкія жаўнеры гераічна фарсіравалі Днепр ва Украіне, удалося выжыць. І хаця пасля вайны ён жыў і памёр у Маскве (ў 1957 годзе), яго імя носіць вуліца ў вёсцы Балгавічы. На гэтай жа вуліцы да гэтага часу месціцца дом, дзе нарадзіўся Радкевіч.

 
Ніна Коршак, пенсіянерка, якая пражывае непадалёк у вёсцы Балгавічы, кажа, што пра іх вёску дзяржава фактычна забылася.

 

«Лозунг «Ніхто не забыты, нішто не забыта» працуе толькі ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання, — гаворыць жанчына. — Старшыня сельвыканкама ў вёсцы не з’яўляецца, жывём, як у лесе. Зелле пануе на пакінутых сотках, зарастаюць нават вуліцы, па якіх яшчэ працягваюць хадзіць людзі».

 

«Але забытыя і жывыя. Хаця маглі хату героя і абкасіць. У на ужо ўсе тут старыя жывуць, так што на нас не трэба разлічваць», — скардзіцца Ніна.

 

Супрацоўніца Грозаўскага сельвыканкама Вольга Хорлікава, якая кіруе справамі сельвыканкама, падцвердзіла, што вуліцы вёсак у гэтым годзе сапраўды не абкошваюцца. «Няма грошай на аплату паслуг па касьбе, на бензін», — патлумачыла Вольга Хорлікава.

 

Што да Героя — за дваром хаты, па словах супрацоўніцы сельвыканкама, ў вёсцы Балгавічы павінна назіраць і своечасова касіць пустазелле Грозаўская сярэдняя школа!

 

Некаторыя жыхары суседніх вёсак лічаць, што сельскі выканкам такім чынам хоча зваліць сваю адказнасць на навучальную установу.

 

«Навошта тады ўвогуле існуе такая структура, як сельскі выканаўчы камітэт, калі ён не можа ліквідаваць крапіву і асот у двары аднаго Героя? — задае пытанне Людміла Пташнік, загадчыца гаспадаркі аднаго са сталічных дзіцячых садкоў. (Людміла ў летні перыяд дапамагае 80-гадовай маці змагацца з пустазеллем і абкошваць частку вуліцы ў суседняй вёсцы Аксаміты). — Давайце яшчэ і вёскі замацуем за дзіцячымі садкамі, школамі і ФАП, а сельвыканкаму будзем спраўна выплачваць зарплату!»

 

«Юрыдычна ж за становішча населеных пунктаў адказваюць мясцовыя выканаўчыя камітэты, а не дзіцячыя навучальныя ўстановы, — працягвае жанчына. — У Грозаўскім сельвыканкаме афіцыйна працуюць 4 супрацоўнікі і адна прыбіральшчыца. Можа, ужо прыйшоў час скараціць усе сельвыканкамы, а на іх заработныя платы стварыць некалькі штатных адзінак па добраўпарадкаванню вёсак і касьбе?»

 

З апошняй прапановай гатовы пагадзіцца жыхары многіх вёсак, якім надакучыла жыць ў вясковых «джунглях».