Дайце грошай!

«Дайце грошай!» — гэта галоўнае пасланне беларускага ўрада Расіі. 28 кастрычніка прэм’ер-міністры Беларусі і Расіі Сяргей Сідорскі і Уладзімір Пуцін сустракаліся ў Маскве.

Як паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада, прайшлі перамовы прэм’ераў у пашыраным складзе, а таксама пасяджэнне Савета міністраў Саюзнай дзяржавы. Сідорскі сустрэўся з кіраўніком Ашчаднага банка Расіі Германам Грэфам.



cec6f62cfb44b1be110b7bf70c8362d8.jpg

«Дайце грошай!» — гэта галоўнае пасланне беларускага ўрада Расіі. 28 кастрычніка прэм’ер-міністры Беларусі і Расіі Сяргей Сідорскі і Уладзімір Пуцін сустракаліся ў Маскве.

Як паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада, прайшлі перамовы прэм’ераў у пашыраным складзе, а таксама пасяджэнне Савета міністраў Саюзнай дзяржавы. Сідорскі сустрэўся з кіраўніком Ашчаднага банка Расіі Германам Грэфам.
У парадку дня пасяджэння саюзнага Саўміна было каля 25 пытанняў. У прыватнасці, прааналізаваны вынікі выканання плана сумесных дзеянняў урадаў дзвюх краін па мінімізацыі наступстваў фінансавага крызісу, паляпшэнні параметраў плацежнага балансу, удасканаленні ўмоў вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці і ўзаемнага гандлю, падведзены вынікі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі за першае паўгоддзе 2009 года.
На пасяджэнні будзе разгледжаны праект дэкрэта Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы «Аб бюджэце Саюзнай дзяржавы на 2010 год».
Апошні раз Сідорскі і Пуцін сустракаліся 6 кастрычніка ў Маскве. Падрабязнасці тых перамоў засталіся невядомыя, нягледзячы на тое што сустрэча доўжылася як мінімум чатыры гадзіны. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, прэм’еры абмяркоўвалі пытанні па цане на газ і аб выдзяленні Беларусі крэдыту.
А пакуль высокія бакі абмяркоўваюць праграмы крэдытаў, крэдыторы гінуць у Беларусі.
Самалёт бізнес-авіяцыі авіякампаніі «С-Эйр», які накіроўваўся чартэрным рэйсам з маскоўскага аэрапорта Унукава-3, знік з экранаў радараў 26 кастрычніка 21.30. Абломкі і пяць цел загінулых — грамадзян Расіі — былі знойдзеныя пазней паміж вёскамі Драчкава і Пяцігодка Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці.
Знойдзены адзін з двух бартавых самапісцаў («чорных скрыняў»).
Мінтранс РФ абнародаваў звесткі аб экіпажы і пасажырах самалёта. Камандзір паветранага судна — Самойлаў Аляксандр, 1958 года нара­джэння. Скончыў Сасаўскае лётнае вучылішча грамадзянскай авіяцыі ў 1981 годзе. Агульны налёт — 11 900 гадзін; з іх ноччу — 1 450 гадзін. У лістападзе 2007 года перавучаны на самалёт ВАе–125 у Чэстэрфілдзе (Вялікабрытанія); налёт на ВАе–125 — 725 гадзін. У маі 2009 года прахо­дзіў падрыхтоўку па курсу павышэння кваліфікацыі ў Дубаі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты).


Памочнік камандзіра паветранага судна — Снімшчыкаў Сяргей, 1962 года нараджэння. Скончыў Армавірскае вышэйшае ваеннае Чырвонасцяжнае вучылішча лётчыкаў у 1983 годзе. У снежні 2006 года ў Санкт-Пецярбургскім універсітэце грамадзянскай авіяцыі скончыў курсы перападрыхтоўкі на пілота самалёта Ту–154. Агульны налёт на самалётах грамадзянскай авіяцыі — 825 гадзін. У лютым 2007 года перавучаны на ВАе–125 у Дубаі. Налёт на ВАе–125 — 825 гадзін. Там жа ў красавіку 2009 года праходзіў падрыхтоўку па курсу павышэння кваліфікацыі.
Мне проста цікава, чаму разбіваюцца лётчыкі вышэйшай катэгорыі? Не так даўно разбіліся «Рускія віцязі». Не так даўно здарылася катастрофа з беларускім самалётам у Польшчы. Зараз — катастрофа з самалётам, якім кіравалі дасведчаныя пілоты...
«С-Эйр» выконвае больш за тысячу рэйсаў на год. Hawker — самалёт, прызначаны для выкарыстання на авіялініях сярэдняй працягласці. Самалёты гэтага тыпу выпускаюцца з 1962 года, усяго іх было выраблена 763 штукі. Гэта адзіны ў Расіі хуткасны рэактыўны самалёт бізнес-класа з далёкасцю палёту каля 5 тысяч кіламетраў. Ён можа выкарыстоўвацца на аэрадроме з кароткай узлётна-пасадачнай паласой. Узровень бяспекі палётаў адпавядае самым высокім сусветным стандартам.
Можа, нешта на беларускіх аэрадромах не так? Ці можа, не так з дыспетчарамі? Не, я нікога не абвінавачваю. Не маю такой адукацыі. Хай разбярэцца з гэтым камісія. Проста прыкра, што гінуць людзі.
І добрая навіна. 26 кастрычніка Беларусь атрымала чарговы транш крэдыту Міжнароднага валютнага фонду ў памеры 699,5 мільёна долараў ЗША, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар — начальнік упраўлення інфармацыі Нацыянальнага банка Беларусі Анатоль Драздоў.
21 кастрычніка савет дырэктараў МВФ прыняў рашэнне пра завяршэнне другога агляду рэалізацыі праграмы стэнд-бай і ўхваліў выдзяленне чарговага траншу крэдыту ў аб’ёме 699,5 мільёна долараў ЗША.
Савет дырэктараў МВФ падкрэсліў прагрэс уладаў Беларусі ў рэалізацыі мер, накіраваных на зніжэнне негатыўнага ўплыву сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу.
Як заяўляюць у Нацбанку, прыняцце рашэння аб выдзяленні чарговага траншу крэдыту «будзе спрыяць далейшай рэалізацыі мерапрыемстваў па стабільным функцыянаванні эканомікі краіны ва ўмовах глабальнага фінансава-эканамічнага крызісу і аднаўленню ўстойлівага эканамічнага росту».
У студзені 2009 года кіраўніцтва МВФ ухваліла выдзяленне Беларусі крэдыту стэнд-бай у аб’ёме каля 2,46 мільярда долараў пад праграму эканамічных рэформ, разлічаную на 15 месяцаў (да красавіка 2010 года). Першы транш крэдыту ў 788 мільёнаў долараў ЗША па стаўцы LIBOR плюс 0,75% гадавых паступіў у Беларусь 14 студзеня, астатнія сродкі пералічваюцца з улікам штоквартальных справаздач беларускага ўрада.
З улікам выдзеленага 21 кастрычніка трэцяга траншу крэдыту агульная сума атрыманых Беларуссю да гэтага часу сродкаў па праграме стэнд-бай складзе каля 2,23 мільярда долараў ЗША.
Вядома таксама, што ўлады Беларусі вядуць перамовы з МВФ аб магчымасці рэалізацыі ў 2010 годзе новай крэдытнай праграмы.