Дактары пра адзёр: Такой жахлівай сітуацыі мы не назіралі цягам больш за 20 гадоў

У 2020 — 2022 годзе ў Беларусі выпадкаў захворвання на адзёр практычна не было. А за зіму, вясну і лета 2024 года — колькасць вырасла да 751 выпадку. Такой жахлівай сітуацыі ў краіне не было больш за 20 гадоў. 

_belarus_medycyna_2023_fota_novy_czas_logo.jpg

Трывожная інфармацыя пра рост захворвання на адзёр была агучана на другім Гомельскім Міжнародным кангрэсе «Інфекцыйныя хваробы, мікрабіялогія і імуналогія», паведамляюць Белыя халаты і дадаюць: вельмі шкада, што гэтая інфармацыя распаўсюджваецца толькі сярод медыкаў, а не становіцца здабыткам грамадскасці. Сёння мы гэты недахоп выправім.

Нагадаем, што ў 2016 годзе Беларусь атрымала сертыфікат элімінацыі адру ад Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), гэта значыць эндэмічнага (мясцовага) захворвання не было, а рэгістраваліся толькі завозныя або звязаныя з завознымі выпадкі захворванняў. Паводле інфармацыі, якая перадавалася ў СААЗ, колькасць зарэгістраваных выпадкаў захворванняў была наступнай: 2018 год — 259; 2019 год — 201; 2020 год — 0; 2021 год — 3; 2022 год — 0; 2023 год — 206. За 6 месяцаў 2024 года — 469, і як стала вядома, за лета гэта колькасць вырасла да 751 выпадку.

Гэта шмат. Загадчыца лабараторыі вакцынакіраваных інфекцый, прафесар Алена Самойлавіч,   характарызуе сітуацыю 2024 года як «зусім несуцяшальную». Яна распавяла, што такой колькасці выяўленых выпадкаў адру «не назіралі на працягу больш за 20 гадоў».

Прычым выпадкі хваробы зарэгістраваныя ва ўсіх абласцях. Найбольш высокае захворванне адзначаецца ў Брэсцкай, Гомельскай і Магілёўскай.

Алена Самойлавіч апісала адзін з выпадкаў узнікнення ачага заражэння на адзёр: у лістападзе 2023 года адначасова захварэлі 14 чалавек, «якія наведвалі гандлёвы цэнтр «Дана-Мол» у Мінску, дзе яны, напэўна, перасекліся з крыніцай адру. Крыніца адру хутка пакінуў нашу краіну, мы яго выявіць не змаглі». Усяго ў 2023 годзе было зарэгістравана 58 выпадкаў завозаў віруса розных генатыпаў.

Варта адзначыць важны момант: Беларусь цяпер рызыкуе страціць статус краіны, свабоднай ад адру. Вярнуць яго можна толькі пасля таго, як будуць прадастаўлены пераканаўчыя доказы адсутнасці эндэмічнай цыркуляцыі віруса ў краіне на працягу 36 месяцаў.

Мы даведаемся гэта пасля абвяшчэння  штогадовых абноўленых даных аб статусе элімінацыі адру за 2023 год у дзяржавах-членах Еўрапейскага рэгіёну СААЗ. 

Сітуацыя ў свеце

Па стане на канец 2022 года элімінацыя адру (г. зн. адсутнасць мясцовай перадачы віруса на працягу 36 месяцаў і больш) была пацверджаная ў 33 з 53 дзяржаў-членаў Еўрапейскага рэгіёна, у тым ліку і ў Беларусі.

Аднак, улічваючы істотны рост захворвання на адзёр ва ўсім свеце з 2023 года, у тым ліку і ў Еўрапейскім рэгіёне, некаторыя краіны могуць сутыкнуцца з тым, што іх статус зменіцца з «адзёр элімінаваны» на «адноўленая эндэмічная перадача», як гэта адбылося з Таджыкістанам і Узбекістанам па выніках 2022 года.

Нагадаем, што ў студзені гэтага года галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Аляксандр Тарасенка  заяўляў, што «сітуацыя па адру ў Беларусі кантралюемая, аднак насцярожанасць павінна быць». А ў артыкуле, які быў апублікаваны ў «Медыцынскім весніку» вясной гэтага года, дацэнт кафедры дзіцячых інфекцыйных хвароб БДМУ Анатоль Астапаў адзначае: «Пры завозе віруса адру ў нашу краіну ў цяперашні час захворванне будзе насіць выбухны характар».

Што рабіць?

Вось простыя і дзейсныя рэкамендацыі, якія тычацца вакцынацыі, як самай эфектыўнай абароны:

Бацькам варта праверыць прышчэпачны статус свайго дзіцяці супраць адру. У выпадку адсутнасці вакцынацыі ў 12 месяцаў і / або рэвакцынацыі ў 6 гадоў — правесці прафілактычныя прышчэпкі супраць адру па ўзросце.

Бацькам дзяцей, непрышчэпленых супраць адру па медыцынскіх супрацьпаказаннях, варта абмежаваць удзел у культурна-масавых мерапрыемствах і наведванне гульнявых пляцовак у гандлёва-забаўляльных цэнтрах.

Дарослым таксама трэба ўдакладніць свой прышчэпачны статус. Тым, каму трэба прышчапіцца, — прайсці вакцынацыю.