Далучайся да «птушынага перапісу»! Дапамажы падлічыць вадаплаўных птушак
Далучайся да ўліку птушак і заахвочвай сяброў — з 22 студзеня па 6 лютага. Вельмі важна ахапіць як мага больш незамерзлых вадаёмаў у краіне. Гэта яшчэ і нагода пагуляць на свежым паветры!
У гэтым годзе ў канцы студзеня і пачатку лютага праходзяць штогадовыя зімовыя ўлікі вадаплаўных птушак. Дапамажы адмыслоўцам падлічыць іх!
Навошта лічыць вадаплаўных?
Палічыць качыных летам вельмі складана, бо многія ўчасткі, дзе яны гняздуюць, маладаступныя. Але ўзімку гэтыя птушкі збіраюцца ў вялікія чароды ў месцах, дзе вада не замярзае. Улікі праводзяцца, каб ацаніць, колькі і якіх відаў гэтых птушак зімуюць у Беларусі.
Упершыню міжнародныя ўлікі вадаплаўных і каляводных птушак былі праведзены ў студзені 1967 г. з ініцыятывы папярэдніцы Міжнароднай арганізацыі па захаванні водна-балотных угоддзяў (Wetlands International). Зімовыя ўлікі вадаплаўных птушак праводзяцца ў многіх краінах, ахопліваючы вадаёмы і марскія ўзбярэжжы, і даюць уяўленне аб дынаміцы колькасці розных відаў птушак, а таксама інфармацыю аб стане водна-балотных угоддзяў.
Даныя дапамогуць лепш планаваць дзеянні па захаванні рэдкіх відаў і арганізаваць ўстойлівае карыстанне паляўнічымі відамі птушак як у асобнай краіне, так і ў маштабах міграцыйных шляхоў.
Улікі птушак — гэта яшчэ і нагода пагуляць на свежым паветры і зрабіць цікавыя назіранні. Праз пацяпленне клімату ўсё больш птушак сустракаюцца на зімоўцы. Летась на зімоўцы налічылі 24605 асобін 37 водны і каляводны від птушак. Вынікі ўлікаў можна паглядзець тут.
Калі адбудзецца «птушыны перапіс»?
Да ўлікаў вадаплаўных можна далучыцца на працягу з 22 студзеня па 6 лютага. Важна ахапіць як мага больш незамерзлых вадаёмаў у краіне.
Як праводзіць улік?
Мы падрыхтавалі для цябе памятку па ўліку птушак: як выбраць месца і час для “перапісу”, як правільна запоўніць анкету – адказы на гэта знойдзеш у ёй. Спампуй і карыстайся!
Улікі вадаплаўных ідуць па ўсёй Беларусі. Наведай найбліжэйшы вадаём, палічы, колькі там якіх відаў вадаплаўных і каляводных птушак, ды занясі ўсе дадзеныя ў анкету.
Важна: не падкормлівай вадаплаўных падчас улікаў. Гэта не спрыяе дакладнасці падліку і можа нашкодзіць птушкам. Памятай, што хлеб і батон для іх небяспечныя: стрававальная сістэма птушак для такой ежы не прызначаная. Такі корм дае адчуванне сытасці, але не дае дастатковай энергіі і вітамінаў.
Карыстайся кніжным вызначальнікам птушак або яго мабільнай версіяй. Таксама можаш далучыцца да Тэлеграм-чату «Ціў-ціў!» — аднадумцы-птушкары дапамогуць з вызначэннем птушкі.
Калі ўсё ж пазнаць від не атрымліваецца, запішы агульную колькасць птушак, сфатаграфуй ці прынамсі апішы невядомыя табе віды і пазнач іх колькасць таксама. Фота можаш даслаць нам на info@ptushki.org, спецыялісты дапамогуць вызначыць птушку.
Памятай, што для кожнага ўліку запаўняецца асобная анкета! Напрыклад, калі ты ў адзін дзень будзеш улічваць птушак на рацэ і на возеры, а праз некаторы час правядзеш паўторны ўлік на тым жа возеры, то табе трэба будзе падаць тры анкеты.
Даслаць нам анкету можна ў электронным або папяровым выглядзе.
Дзе шукаць птушак?
У гэтым годзе на другую палову студзеня прагназуюць моцныя маразы. Большасць вадаёмаў замерзнуць. Вадаплаўныя птушкі будуць збірацца ў месцах, дзе ёсць хуткая плынь або сцёкі цёплай вады. Таму ў першую чаргу неабходна праверыць сажалкі ачышчальных збудаванняў і ўчасткі рэк з хуткай плынню.
На што яшчэ звяртаць увагу?
Калі птушак на вадаёме няма ці ён увесь пакрыўся лёдам, таксама пазначай гэта ў анкеце.
Звяртай увагу на акальцаваных птушак і пазначай іх від, нумар кольца, дату і дакладнае месца назірання. Выдатна, калі зможаш зрабіць фота, каб расчытваўся надпіс на кольцы.
Куды дасылаць анкеты?
Анкеты ўліку дасылай у Сакратарыят АПБ не пазней за 13 лютага 2022 года:
у электронным выглядзе — на адрас: info@ptushki.org;
у папяровым выглядзе — на адрас: ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны», вул. Парніковая, д. 11, пам. 4, 220114, г. Мінск.
Усе ўдзельнікі “птушынага перапісу” атрымаюць поўную інфармацыю пра яго вынікі.
Улікі водна-балотных птушак ладзяць АПБ і Навукова-практычны цэнтр па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Далучайся да ўліку птушак і заахвочвай сяброў!
Алеся Башарымава, Сямён Левы, ptushki.org