Дарвін і новы Ватыкан

Заява Рымскага Папы пра тое, што дактрына каталіцкай царквы не супярэчыць тэорыі Дарвіна, абудзіла сярод артадаксальных каталікоў дыскусію пра неабходнасць стварэння альтэрнатыўнай каталіцкай царквы. 



darvin1.jpg

Выступаючы на пасяджэнні Папскай акадэміі навук, Папа Францыск заявіў: «Вялікі выбух, які сёння лічыцца пачаткам свету, не супярэчыць умяшанню чароўнага стваральніка, а хутчэй мае патрэбу ў ім... Эвалюцыя ў прыродзе не супярэчыць паняццю стварэння, таму што эвалюцыя патрабуе стварэння істот, якія развіваюцца». Папа дадаў, што Бога даволі лёгка ўявіць сабе чараўніком з палачкай, які робіць усё, што жадае, аднак гэта не так. Адным словам, эвалюцыйная тэорыя Дарвіна някепска пасуе біблейскай дактрыне, паводле якой усе жывыя істоты стварыў Бог. Яму было дастаткова прыдумаць феномен жыцця, якое ў працэсе эвалюцыі стварыла чалавецтва.

СМІ не абмінулі гэтыя выказванні. «Францыск устае на бок эвалюцыі, каб супрацьстаяць «магіі палачкі» («The Washington Post»). «Папа Францыск падтрымаў тэорыю Вялікага выбуху (добра, што Папа не прызнаўся, што ён камуніст)» («Huffington Post»), «Фізіяномія Папы нагадвае хлопчыка, які атрымаў ліст аб тым, што яго не ўзялі ў школу чараўнікоў у Хогвардзе» («The Independent») — такімі былі загалоўкі вядучых сусветных СМІ.

Але для каталікоў-кансерватараў гэта стала сапраўднай драмай. Некаторыя згодныя з высновай выдання «NBCNews» пра тое, што «меў месца разрыў з тэалагічнай традыцыяй і папярэднікам Бенедыктам XVI, які зарэкамендаваў сябе паслядоўным крэцыяністам». Тым больш, што правакацыйны пасаж Францыска кладзецца ў логіку яго папярэдніх не менш правакацыйных заяў. Нагадаем, што ў мінулым годзе Папа Францыск дастаткова ліберальна (прынамсі, так зразумела яго большасць) пракаментаваў праблему адносін Касцёла да гомасексуалістаў.

Калумніст газеты «New York Times» Рос Дутат лічыць, што «ўчынкі Папы пагражаюць схізмай у каталіцызме, паколькі яны адчужаюць кансерватыўных каталікоў». Такая эмацыйная фармуліроўка, мяркуючы па ўсім, знаходзіць падтрымку. Інакш бы ў ЗША не пачалася дыскусія пра стварэнне альтэрнатыўнай Ватыкану каталіцкай царквы.

Пры ўсёй эксцэнтрычнасці, ідэя заснавання новага каталіцкага Касцёлу на самай справе далёка не арыгінальная. Прыкладна з сярэдзіны ХІХ стагоддзя па ўсім свеце каталікі не згодныя па розных пытаннях з Рымам, спрабавалі стварыць свае канфесіі. На цяперашні момант толькі ў ЗША дзейнічае каля 250 альтэрнатыўных Ватыкану цэнтраў. Іх імшы наведвае прыкладна каля 750 тысяч чалавек.

Вялікая хваля дысідэнтаў у Касцёле паўстала пасля правядзення першага Ватыканскага сабору 1870 года, які замацаваў пастулат аб тым, што Папы бязгрэшныя.

Асобны накірунак у руху незалежных каталікоў — праекты, выкліканыя нацыянальна-вызвольнымі рухамі. Напрыклад, на Філіпінах існуе, напэўна, самая буйная ў свеце альтэрнатыўная традыцыйнаму каталіцызму Філіпінская нацыянальная царква. Гэта царква з’явілася ў часы барацьбы супраць іспанскага каланіялізму.

Значная колькасць незалежных каталіцкіх цэркваў была заснаваная з-за нязгоды з некаторымі нормамі, напрыклад, цэлібатам. А ў 1946 годзе ў Бразіліі была заснаваная свая мадэль каталіцызму, аматары якога лічылі нармальным дапускаць да імшы гомасэксуалістаў. Раней там жа паўстала Бразільская каталіцкая царква, аўтар якой разарваў з Ватыканам, паколькі «Папа ў часы вайны фліртаваў з нацыстамі».

Важным фактарам таксама ёсць жаданне лакальнай аўтаноміі. Менавіта па гэтай прычыне прыкладна сто гадоў таму ў ЗША з’явілася Польская нацыянальная каталіцкая царква. Царква, якая налічвае каля 25 тысяч прыхільнікаў, фармальна жыве па канонах Ватыкану, аднак па сутнасці не падпарадкоўваецца яго адміністрацыі, выступае за дэцэнтралізацыю Касцёла.

Адной з варыяцый незалежных каталікоў ёсць цэрквы, створаныя на базе ідэйнага кансенсусу з праваслаўем або пратэстантызмам. Нарэшце, існуюць варыянты анты-Ватыкану, з’яўленне якіх можна растлумачыць выключна індывідуальнай псіхікай. Напрыклад, сваю версію каталіцызму прапануе вядомы актор Мэл Гібсан, які стварыў свой маленькі асабісты Ватыкан у курортным гарадку Малібу, што ў Каліфорніі.

Пакуль эксперты асцярожна ацэньваюць перспектывы стварэння цэнтру, здольнага скласці канкурэнцыю Рыму. Як адзначае выданне «New Republic», «хапае людзей, не згодных з царквой па шэрагу прычын, аднак разарваць сувязь з Рымам — гэта абсалютна іншая рэч». І ўвогуле, дэкларацыя аб самастойнасці сама па сабе не значыць стварэнне сапраўднага інстытуту царквы. «New Republic» адзначае, што большасць каталікоў, якія ў свой час пакінулі лона Касцёла, праз некаторы час зразумелі адсутнасць перспектывы сваіх аспірацый. Яны структурна не рэінтыгруюцца ў матчыну царкву, аднак цалкам падпарадкоўваюцца ўсім стандартам Ватыкану і яўна саромеюцца прызнавацца, што ў свой час крытыкавалі пантыфіка.

У дадатак, на самай справе, стаўленне Касцёла да тэорыі Дарвіна не было такім ужо адназначна адмоўным, як падаецца шмат каму з артадоксаў. Дастаткова ўзгадаць, што ў 1950 годзе Папа Пій XII у энцыкліцы «Humani generis», заявіў, што тэорыя эвалюцыі «не супярэчыць дактрыне Царквы, бо не закранае пытанне пра паходжанне душы». Пры гэтым згаданы Папа сярод каталікоў лічыцца фанатычным традыцыяналістам. У 1996 годзе Папа Ян Павел II пахваліў навукоўцаў, якія даводзілі справядлівасць тэорыі эвалюцыі. Такім чынам, цяперашняя медыйная сенсацыя наконт стаўлення Ватыкана да тэорыі Дарвіна «спазнілася як мінімум на 60 гадоў».