Дажыліся казакі...

Такое ўражанне, што цэны жывуць цалкам самастойным жыццём. Скачуць угару, быццам тыя “вашывыя блохі. Але ж нам добра вядома, што першая асоба кіруе эканомікай наўпрост. Значыць, як ён сказаў, так і будзе?

Большасць насельніцтва гэтаму верыць. Як сцвярджаюць сацыёлагі, на пытанне, каму Беларусь і персанальна вы абавязаны добрым жыццём, так і адказваюць — Яму.

Такое ўражанне, што цэны жывуць цалкам самастойным жыццём. Скачуць угару, быццам тыя “вашывыя блохі. Але ж нам добра вядома, што першая асоба кіруе эканомікай наўпрост. Значыць, як ён сказаў, так і будзе?
Большасць насельніцтва гэтаму верыць. Як сцвярджаюць сацыёлагі, на пытанне, каму Беларусь і персанальна вы абавязаны добрым жыццём, так і адказваюць — Яму.
Пахадзіўшы па мінірынку на Фабрычнай у Мінску, у пошуках нечага з адносна таннага з ежы для сябе, сабакі і коткі, я са здзіўленнем вызначыў — нічога няма. Увогуле няма — ні “ліверкі, ні “кравянкі. Усё астатняе занадта дарагое. Грошай бракуе. Пытаюся ў дзяўчат, хто ж вам такія кошты адпусціў? Адказваюць — ведама ж хто...
Сапраўды, быў ці не з месяц таму нейкі ўказ аб усталяванні свабоднага цэнаўтварэння. І ўжо тады кемлівыя людзі меркавалі, што ліверная каўбаса будзе каштаваць як той сервелат. Але і нават яны на такое не спадзяваліся. Прысмакі, пачынаючы з бульбы (!) каштуюць не меней за паўтара долара, беларускія агуркі з памідорамі — чатыры, вэнджанае мяса пад рознымі назвамі — дзесяць-пятнадцаць. Пры тым, што заробкі большай паловы насельніцтва не дасягаюць і 300 долараў.
Некалі адзін з першых міністраў незалежнай Беларусі напярэдадні 8 сакавіка адправіў свайго памочніка, майго сябра, у ГУМ за падарункамі для “любімых жэншчын. Ахвяраваўшы, як ён лічыў, адпаведную суму з уласнай заначкі. Сябра, пахадзіўшы па ГУМу, выбраў самае таннае, як яму падалося. Прыгледзеўся, надзеў акуляры і ад здзіўлення запытаўся ў гандлярак — дзяўчаты, гэта кошты ці тэлефонныя нумары?
Але ж тады ў абарачэнні былі толькі адзін раз дэнамінаваныя рублі, і сярэдні заробак беларусаў, у пераліку на афіцыйны курс, складаў каля 20–30 долараў. Як цвердзіла “Советская Белоруссия напярэдадні апошніх прэзідэнцкіх выбраў, з таго часу сярэдні беларус пабагацеў у 20–25 разоў. І вось на табе! Зноў хадзіць па крамах, прыглядаецца да цэннікаў, ды самазадавальняецца адным вонкавым выглядам ды пахам вэнджаных кілбас.
Дарэчы, майго сабаку клічуць Чубайсам з нагоды адпаведнай афарбоўкі. Але ён, у адрозненні ад свайго цёзкі, надзвычай талерантны. Мусіць, калі пусціць яго, прыкладам, у куратнік ці іншае месца, поўнае жывой ежай, сабака здохне з голаду. Ад цнатлівага захаплення гэтым лепшым з сусветаў, дзе кожную раніцу гаспадар прыносіць ці не з паўцэбара спецыяльна прыгатаванай ежы.
Вось і даводзіцца шукаць пракорм для сябе і астатніх “дамачадцаў, маючы на ўвазе, што Чубайс сырога не есць, а Кася (котка), хоць мышэй і ловіць, але ў ежы аддае перавагу той жа “ліверцы ды “кравянцы. Бо мела шчасце нарадзіцца, калі гаспадар быў адносна заможным чалавекам...
Здаецца, у 2003 годзе (пра што пісала нейкая афіцыйная газета) удзячныя мазырскія ветэраны дзякавалі Першай асобе ды ўраду за шчаслівае жыццё і памяркоўна цікавіліся ў міністра, што прыехаў з Мінску, куды падзелася “ліверка. Маўляў, пенсій, увогуле ж, хапае, але без каўбасы з вантробаў пражыць цяжка.
Не маю нічога супраць беларускіх міністраў. Яшчэ гадоў дваццаць-трыццаць таму яны, як зараз я, жылі ў вёсцы. Але ж гэты, мусіць ад нечаканасці пытання, пачаў тлумачыць, што свіння ў забойнай вазе “состоит у большай ступені з мяса, у меншай — з вантробаў. А галоўная дзяржаўная задача “состоит у тым, каб забяспечыць “питание слабо зашчищённых слоёв. То бок сіроцкіх дамоў, псіхічных ды сухотных дыспансераў. А што яны не з’ядаюць (дай волю, дык з’ядуць), трэба “выдзяляць калоніям ды турмам.
Цікава, што ветэраны цалкам задаволіліся такім тлумачэннем.
А вось мне спакою няма. Нічога не прывёз з Мінску. Згатаваў раніцай гарбату, а Кася сядзіць перад халадзільнікам і так паглядае на гаспадара, што адчуваеш сябе апошнім паскуднікам.
Чысты і поўны абсюр. Дажыліся казакі — ні хлеба, ні табакі... Вось і пішуць зараз лісты першай асобе, як некалі запарожцы турэцкаму султану. А ён хакеем занепакоіўся. Бо плаціць гульцам велізарныя грошы, а яны нават не варушацца.
А чаго ён увогуле чакаў? Не Філы Эспазіты, не Харламавы з Фірсавымі — звычайныя хлопцы, якім пашчасціла атрымоўваць добрыя грошы за дрэнную працу. Паводле гэтай адзнакі — прафесіяналы. Але прайгралі нават французскім аматарам, якія шайбу ганяюць у вольны ад працы час.
Мусіць, каб быў сусветны прафесійны конкурс першых дзяржаўных асоб, наша б таксама засталася без медалю.
Ведама ж, усе казлы.
Але куды ўсё ж знікала ліверная кілбаса?..
P. S. Вы можаце смяяцца, але па афіцыйных дадзеных прадукцыйнасць працы ў Віцебскай вобласці за першы квартал бягучага года ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года павысілася ў 1,5 разы.