Дажынкі здаровага чалавека і, магчыма, найлепшае свята ў свеце. Ferragosto!

Раскіданыя па свеце беларусы маюць магчымасць упітваць лепшыя адметнасці розных краінаў, каб потым прыўнесці гэтыя скарбы ў родную культуру. Напрыклад, ідэальнай альтэрнатывай Дажынкам можа стаць старажытнае італьянскае свята Фэрагоста.Толькі ўявіце: замест спеваў умоўнай Ланской – вашыя ўлюбёныя гурты на плошчы кожнага горада, ад Маларыты да Расонаў. Замест абязалавак – агульны пікнік пад знічкамі. Сапраўднае свята адпачынку, якое цягнецца цэлы месяц!

Свята Фэрагоста ў Італіі. Ілюстрацыйны здымак

Свята Фэрагоста ў Італіі. Ілюстрацыйны здымак

Што за Фэрагоста?

Фэрагоста ў Італіі. Ілюстрацыйны здымак

Фэрагоста ў Італіі. Ілюстрацыйны здымак

Ferragosto – традыцыйнае італьянскае свята, якое адзначаецца 15 жніўня.

Яго вытокі ўзыходзяць да часоў Старажытнага Рыма. Назва «Ferragosto» паходзіць ад лацінскага выразу «Feriae Augusti», што азначае «Святы Аўгуста».

Імператар Аўгуст увёў традыцыю Ferragosto – святкаванняў пасля інтэнсіўнай працы па зборы ўраджаю – у далёкім 18 годзе да н. э. Раскошнымі балямі, святамі, гульнямі ўшаноўвалі цяжкую працу рымскага народа. Да таго ж у гэты перыяд працоўныя атрымлівалі прэміі ад сваіх працадаўцаў – традыцыя, якая існуе ў Італіі і сёння.

Ferragosto таксама быў звязаны з паганскімі святамі – Vinalia Rustica (адзначаецца 19 жніўня ў гонар бога Юпітэра) і Consualia (свята, прысвечанае Консусу, богу земляробства і ўрадлівасці).

Lawrence Alma-Tadema, "Фестываль ураджаю", 1880

Lawrence Alma-Tadema, "Фестываль ураджаю", 1880

А з распаўсюдам хрысціянства ў Італіі Ferragosto набыў новае значэнне. У Каталіцкім касцёле 15 жніўня адзначаецца Унебаўзяцце Панны Марыі.

З часам старажытныя паганскія рытуалы перапляліся з хрысціянскімі традыцыямі, і Ferragosto ператварыўся ў адно з галоўных святаў Італіі, якое аб'ядноўвае як свецкія, так і рэлігійныя ўрачыстасці.

Як сёння італьянцы святкуюць Фэрагоста? (Вам спадабаецца)

Італьянскі Фэрагоста. Ілюстрацыйны здымак

Італьянскі Фэрагоста. Ілюстрацыйны здымак

Італьянцы, гэты закаханы ў жыццё народ, святкуюць Ferragosto цэлы месяц. На 15 жніўня выпадае апагей святкаванняў – у ноч з 14 на 15 мясцовыя жыхары скіроўваюцца да берага мора, усталёўваюць там палаткі, ладзяць пікнікі, загадваюць жаданні пад падаючымі зоркамі. У атмасферы разлітая атмасфера простай і беспрычыннай радасці, італьянцы ў весь голас спяваюць караоке, граюць на гітары і час ад часу гэтае хараство перабіваюць паўсюдныя феерверкі (асабліва на поўдні краіны).

Да таго ж гэты дзень прынята лічыць неафіцыйным пачаткам італьянскага сезона адпачынкаў. Многія прадпрыемствы, крамы і кавярні зачыняюцца на некалькі дзён ці нават на ўвесь перыяд Ferragosto. У апошнія 2 тыдні жніўня ўся праца ў краіне нібыта спыняецца – мясцовыя бавяць час на пляжах, у гарах і на адасобленых вілах, а ў гарадах застаюцца толькі турысты.

Калі на гэтым фоне вы занепакоіліся праблемамі італьяскай эканомікі, адразу адзначым – ня варта. Сапраўды, перыяд Фэрагоста выклікае часовы спад вытворчасці, у некаторых выпадках можа адбывацца парушэнне ланцугу паставак, лагістычныя затрымкі. Але разам з тым Фэрагоста – пікавы час для ўнутранага і міжнароднага турызму ў Італіі. Прыбярэжныя рэгіёны і папулярныя турыстычныя гарады перажываюць бум эканамічнай актыўнасці. Гэта кампенсуе запаволенне ў іншых частках эканомікі. Ферагоста таксама прыносіць карысць сельскім і менш эканамічна развітым рэгіёнам Італіі. Прыток наведвальнікаў у гэтыя раёны ў святочны перыяд дапамагае больш раўнамерна размеркаваць эканамічную актыўнасць па ўсёй краіне.

Вось ён – ідэальны work-live balance па-італьянску, які вучыць нас: калі дазволіць сабе запаволіцца і адпачыць, планета не спыніцца.

Пікнікі і барбекю, канцэрты пад адкрытым небам, тэатральныя паказы, нястомныя феерверкі цягам некалькіх тыдняў, усё гэта – італьянскі Ferragosto.

Італьянскі Фэрагоста. Ілюстрацыйны здымак

Італьянскі Фэрагоста. Ілюстрацыйны здымак

Не забудзем, што, паколькі Фэрагоста супадае з каталіцкім святам Унебаўзяцця Панны Марыі, многія італьянцы наведваюць асаблівыя імшы. У гарадах і вёсках праводзяцца рэлігійныя шэсці, часта ў суправаджэнні мясцовых аркестраў (якія, дарэчы, ёсць у кожным італьянскім горадзе, нават з насельніцтвам у тры тысячы чалавек) і спеваў.

А яшчэ Фэрагоста – гэта час для сямейных уз'яднанняў. Як кажуць на Сіцыліі, сям’я – не галоўнае, сям’я – гэта ўсё! Італьянцы высока шануюць магчымасць правесці гэты перыяд з блізкімі, за шчодрымі агульнымі абедамі і пікнікамі.

Вось, напрыклад, прэм'ер-міністарка Італіі Джорджа Мелоні сёлета павіншавала суайчыннікаў са святам Фэрагоста, далучыўшы вясёлы фотаздымак з дачкой у басейне.

Крыніца: instagram

Агулам Фэрагоста – квінтэсэнцыя італьянскага геданізму, святкавання жыцця як найлепшага падарунка Бога!

Якім можа быць беларускі Фэрагоста?

Фэрагоста ў Італіі. Ілюстрацыйны здымак

Фэрагоста ў Італіі. Ілюстрацыйны здымак

Сапраўды, Фэрагоста падаецца ідэальнай альтэрнатывай Дажынак. Відавочна, пры Лукашэнку ніякага нам Фэрагоста на дзяржаўным узроўні. Але, калі вы ўжо адчулі пах традыцыйнай італьянскай salsiccia, падсмажанай на барбекю, ужо ўявілі свой танец пад гукі гітары і прыдумалі, што загадаць пад знічкамі, дык чаму б не зладзіць Ferragosto у сябе дома, на лецішчы ці на беразе возера? Усё у вашых руках, а калі надыйдзе час – адсвяткуем разам, на плошчы кожнага горада, ад Маларыты да Расонаў.

Толькі не забывайцеся, што Фэрагоста – гэта проста свята, Фэрагоста – гэта лад жыцця, які дазваляе ў пэўны час спыніцца, расслабіцца, сканцэнтравацца на тым, што істотна, і па-сапраўднаму адпачыць.

Паспрабуем? Тады Buon Ferragosta!