Дэмакратычная грамадскасць адзначае Дзень Волі

Святкаванне Дня Волі прымеркавана да 96-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (25 сакавіка 1918 года). Афіцыйна гэту дату ў Беларусі не адзначаюць.



den_voli_2013_245.jpg

Вечарам у Мінску пройдуць санкцыянаваныя ўладамі шэсце і мітынг. Першапачаткова аргкамітэт планаваў шэсце ад будынка прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук па праспекце Незалежнасці да плошчы Незалежнасці, дзе павінен быў прайсці мітынг, але гарадскія ўлады не дазволілі гэты варыянт, пасля чаго маршрут быў зменены. 
Збор удзельнікаў акцыі пачнецца ў 18.00 каля кінатэатра "Кастрычнік". Затым адбудзецца шэсце па праспекце Незалежнасці і вуліцы Сурганава да парку Дружбы Народаў, дзе з 19.30 да 20.00 пройдзе мітынг. Арганізатары разлічваюць сабраць да тысячы чалавек — у заяўцы аргкамітэта Дня Волі, ухваленага гарвыканкамам, значыцца лічба "950". 
Сёлета святкаванне Дня Волі пройдзе пад знакам салідарнасці з Украінай і асуджэння расійскай агрэсіі ў гэтай краіне. У сувязі з гэтым арганізатары заклікаюць удзельнікаў прыносіць "сцягі, а таксама плакаты і транспаранты, якія прысвечаны абвяшчэнню БНР і датычацца адносінаў да агрэсіі Расіі ў дачыненні да Украіны". Рэзалюцыю аб салідарнасці з Украінай плануецца прыняць па выніках мітынгу.  
Заяўку на правядзенне шэсця і мітынгу падпісалі старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, намеснік старшыні руху "За Свабоду" Алесь Лагвінец, лідар аргкамітэта па стварэнні грамадскага аб'яднання "Маладыя хрысціянскія дэмакраты" Марына Хоміч і член прэзідыума Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Сідарэвіч. 
Старшыня Рады БНР (палітычная арганізацыя беларускай дыяспары, якая з 1919 года дзейнічае ў эміграцыі і называе сябе ўрадам у выгнанні) Івонка Сурвіла заклікала суайчыннікаў "з годнасцю адзначыць Дзень Волі". "Гэтым вы нагадаеце свету, што і вы хочаце быць гаспадарамі на сваёй зямлі", — гаворыцца ў яе звароце ад 18 сакавіка.
БелаПАН