Алег Латышонак: На жаль, Дзень Волі так і не стаў дзяржаўным святам
Першае паўафіцыйнае святкаванне Дня Волі ў Беластоку адбылося ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя з ініцыятывы беларускіх студэнтаў. Хоць і раней адбываліся святкаванні, але ў «падпольных умовах», — згадвае гісторык, прафесар Алег Латышонак.

Алег Латышонак
Таксама ён з жалем адзначае, што нават у перыяд незалежнай дэмакратычнай Беларусі 25 Сакавіка не быў абвешчаны нацыянальным святам.
Алег Латышонак:
—Гэта была фатальная памылка, бо як можна было не ўстанавіць 25 сакавіка дзяржаўным святам. Ужо ўзялі сцяг і герб—то трэба было і свята, бо гэта адно—троіца такая. Тут адно з другім так звязана, што не можна было разглядаць нешта асобна. На пачатку 90-х святкаванні адбываліся ўрачыста, але іх арганізоўвала апазіцыя, у вялікіх маштабах, але гэта ўсё-такі, на жаль, не было дзяржаўнае свята. І тое вельмі на будучыню паўплывала.
Сёння ў Менску пройдуць традыцыйныя шэсце і мітынг. А ў Беластоку святкаванні адбудуцца ў кавярні “Zmiana Klimatu”. Чакаецца гістарычная прэзентацыя і выступ Змітра Вайцюшкевіча, які прадставіць свой новы альбом “Беларускі шансон”. У час урачыстасцяў, паводле традыцыі, адбудзецца ўручэнне бел-чырвона-белых букетаў асобам, якія цягам году актыўна спрыялі развіццю і пашырэнню беларускасці на Падляшшы.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя